Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Пра ўдасканаленне сістэмы ацэнкі ведаў у святле вынікаў выпускной кампаніі, праведзенай сёлета ў новым фармаце, ішла размова ў Гомелі падчас сустрэчы міністра адукацыі Андрэя Іванца з прафесарска­-выкладчыцкім складам устаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна і настаўнікамі — тымі, хто ўваходзіў у прыёмныя камісіі вуснага экзамену, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 

У Беларусі гатовы разгледзець магчы­масць увядзення вуснага экзамену ў дапаўненне да цэнтралізаванага.

— Вельмі важна правесці аналіз выніковасці здачы вуснага экзамену для дзяцей, якія паступалі на мэтавую форму пад­рыхтоўкі. Па меркаванні настаўнікаў, якія ўваходзілі ва ўсе прыёмныя камісіі вуснага экзамену, і прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу УВА, гэта вельмі добрая форма кантролю ведаў абітурыентаў. Лічым, што сёння сістэма адукацыі гатова разгледзець магчымасць, у першую чаргу для сацыяльна-гуманітарных дыс­цыплін, увядзення вуснага экзамену ў дапаўненне да цэнтралізаванага экзамену, які здаюць усе выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, — адзначыў Анд­рэй Іванец.

Міністр адзначыў, што ў гэтую прыёмную кампанію прыкладна кожны трэці студэнт паступіць ва УВА без здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Магчымасці стаць студэнтам адкрыліся для пераможцаў не толькі рэспубліканскіх, але і абласных і ўніверсітэцкіх алімпіяд, для дзяцей, якія атрымалі рэкамендацыю як выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

— Дзеці, якія паступаюць на творчыя спецыяльнасці, спартыўныя, архітэктурнага профілю, здаюць унутраны творчы экзамен. Думаю, што магчымае ўвядзенне вуснага экзамену для абітурыентаў дазволіць істотна раскрыць іх патэнцыял, — сказаў А.І.Іванец.

Міністр адукацыі пабываў у гомельскай сярэдняй школе № 27, якая актыўна падтрымлівае выхаваўчую канцэпцыю “Школа міру”. Дырэктар Святлана Кубышкіна расказала кіраўніку галіны пра тое, што ва ўстанове паглыблена вывучаюць інфарматыку і праграмаванне з 1 класа:

— На павышаным узроўні у нас выкладаюцца фізіка, матэматыка, хімія, біялогія, руская і англійская мовы. У школе сярэдні бал ЦЭ за мінулы навучальны год складае 65,5. Нашы дзеці — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы як міжнародных алімпіяд па праграмаванні і інфарматыцы, так і самых разнастайных конкурсаў.

У Гомельскім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы міністр азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай, умовамі для вучобы і выхавання навучэнцаў. Анд­рэй Іванавіч наведаў лабараторыі, майстэрні і аўдыторыі, дзе рыхтуюць будучых спе­цыялістаў. Кіраўнік галіны цікавіўся работай прыёмнай камісіі і ходам падачы дакументаў ад абітурыентаў.

— Прынамсі, менавіта ў нас вучаць рэдкіх, але вельмі важных для Беларусі спе­цыялістаў — лабарантаў хімічнага і хіміка-бактэрыялагічнага аналізу, — падкрэсліў дырэктар установы адукацыі Аляксандр Горленка. — Усім нашым выпускнікам гарантавана работа. Сёлета па выніках V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2023 навучэнка нашага кале­джа Варвара Суздалева стала лепшай у Беларусі па кампетэнцыі “Лабараторны хімічны аналіз”.

У Гомельскім дзяржаўным каледжы гандлю і паслуг кіраўніку адукацыйнага ведамства паказалі швейныя майстэрні і творчыя лабараторыі. Тут рыхтуюць спе­цыялістаў для сферы грамадскага харча­вання, гандлю, прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.

— Прадстаўнікі нашай установы адукацыі пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus у кампетэнцыі “Рэстаранны бізнес”, — паведаміла дырэктар Таццяна Гусак. — Выкладчыкі практычна штогод становяцца пераможцамі рэспубліканскага фестывалю “Млын моды”.

Андрэй Іванец звярнуў увагу на магчымасці паступлення ва УВА для выпускнікоў каледжаў. Каля 10 тысяч месцаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі — якраз для дзяцей, якія скончылі каледжы і па скарочанай форме атрымаюць вышэйшую адукацыю. Міністр перакананы, што папулярнасць прафесійнай адукацыі ў краіне ўзрастае з кожным годам:

— Сёння кожны другі выпускнік 9 класа імкнецца паступіць у каледж і толькі палова дзяцей хоча працягваць вучобу ў 10—11 класах. Гэта вельмі добрая дынаміка, таму што яшчэ літаральна два гады назад толькі трэцяя частка старшакласнікаў паступала ў каледжы. Сёння мы бачым, што прэстыж працоўных прафесій расце. І значную ролю тут адыгрывае не толькі атрыманне прафесіі з наступным працаўладкаваннем, але і магчымасць працягу адукацыйнай траекторыі ў завочнай форме пасля прыходу на работу ў рэальны сектар эканомікі.

Дарэчы, Андрэй Іванавіч запэўніў, што Міністэрства адукацыі працягне праф­арыентацыйную работу са школамі і кале­джамі:

— Нам трэба больш сур’ёзна задзейні­чаць у гэтым працэсе заказчыкаў кадраў, таму што сёння падрыхтоўка спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі — гэта задача як сістэмы адукацыі, так і таго прадпрыемства, якое хоча бачыць у сябе кваліфікаванага і высокаматываванага спецыяліста.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА

 Па матэрыялах https://nastgaz.by/.