Што такое фактары рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, ведаюць, мусіць, усе. Да іх адносяцца гіпертанія, курэнне, нізкая фізічная актыўнасць, вялікае спажыванне солі, павышаны халестэрын, лішняя маса цела, цукровы дыябет 2-га тыпу. Усё гэта класічныя і агульнавядомыя фактары рызыкі атэрасклерозу і хвароб, з ім звязаных, — ішэмічнай хваробы сэрца, інфарктаў, інсультаў. Але як іх выявіць у сябе? І самае галоўнае — як паўплываць? Ці аносіцца да фактараў рызыкі высокі пульс і якой у норме мусіць быць частата сардэчных скарачэнняў? Як часта трэба рабіць ЭКГ? Якія інавацыйныя методыкі выяўлення сардэчна-сасудзістых хвароб даступныя сёння беларусам? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты РНПЦ «Кардыялогія».
Усе на дыспансерызацыю
У сістэме аховы здароўя цяпер памяняліся адносіны да дыспансерызацыі, нагадала намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ «Кардыялогія» Наталля ШЫБЕКА. Калі раней яна заключалася ў назіранні за пацыентамі, якія ўжо маюць пэўныя хваробы, то цяпер ухіл робіцца на прафілактыку.
— Медыцынскаму назіранню падлягаюць не толькі людзі, якія маюць хваробы сістэмы кровазвароту, але і цалкам здаровыя. Прычым прапаганда здаровага спосабу жыцця павінна пачынацца не з 30-40 гадоў, калі людзі ўжо хварэюць, а з дзяцінства, — адзначыла кардыёлаг.
Як вядома, здаровы спосаб жыцця абавязкова ўключае фізічную нагрузку. Яна можа быць лёгкай, умеранай і інтэнсіўнай. Апошняя падразумявае штодзённыя аэробныя нагрузкі — хадзьбу, язду на веласіпедзе. Разам з гэтым здаровыя людзі мусяць займацца рэгулярна.
Другі кампанент — рацыянальнае харчаванне. Гэта зніжэнне колькасці солі да 5 г у суткі, ужыванне фруктаў не менш за 200 г і столькі ж гародніны, зніжэнне і выключэнне з рацыёну салодкіх напояў, прыярытэт ва ўжыванні рыбы (не менш за 1-2 разы на тыдзень), абмежаванне колькасці мяса да 500 г на тыдзень. А таксама адмова ад курэння і залішняга сядзення.
Калі хваробы ўжо маюцца, прафілактыка мусіць быць крыху іншай. У такіх людзей, як правіла, павышаныя халестэрын, артэрыяльны ціск, узровень цукру. І тут іншыя мэты: падтрымліваць мэтавы ўзровень халестэрыну, глюкозы ў крыві, артэрыяльнага ціску.
Ёсць яшчэ адна група людзей: якія атрымалі ўскладненні — інфаркт ці інсульт. Яны мусяць праходзіць пастаяннае пажыццёвае лячэнне медыкаментамі.
Ці варта ўжываць для прафілактыкі такія сродкі, як мілдранат?
— З пункту гледжання прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў гэта не тая група прэпаратаў, якія дазваляюць прафілактаваць развіццё сардэчна-сасудзістых ускладненняў, — кажа намеснік дырэктара па міжнародным супрацоўніцтве і аналітычнай рабоце РНПЦ «Кардыялогія» Алена ГРЫГАРЭНКА. — Не бывае цудаў. Прыём курсам якога-небудзь лекавага сродку, які адносіцца да метабалічных прэпаратаў (а менавіта да іх адносіцца мілдранат), не дазволіць чалавеку эфектыўна змагацца з фактарамі рызыкі, што прыводзяць да развіцця хваробы, са змяненнямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, метабалічнымі парушэннямі, якія могуць прывесці да неспрыяльнага канца ці да прагрэсіравання паталогіі, каторая ўжо маецца.
Кардыёлаг нагадала, што згодна з даследаваннямі, сумарны ўплыў на развіццё востарага інфаркту міякарда такіх фактараў рызыкі, як высокія артэрыяльны ціск, халестэрын, узровень глюкозы ў крыві, павелічэнне акружнасці таліі, недастатковае ўжыванне гародніны і фруктаў, злоўжыванне алкаголем, курэнне, псіхаэмацыянальны стрэс, перавышае 90 %.
— Калі ўрач кажа чалавеку, што, курачы пяць цыгарэт у дзень, вы на 40 % павялічваеце імавернась развіцця інфаркту міякарда, а курачы пачак цыгарэт у дзень, вы на 400 % (ці ў дзесяць разоў) павялічваеце рызыку развіцця інфаркту міякарда ў параўнанні з чалавекам, які не курыць, да гэтага неабходна прыслухоўвацца, — звяртае ўвагу Алена Грыгарэнка. — Гэтыя высновы зроблены на выніках доказнай медыцыны. Праводзіліся эпідэміялагічныя даследаванні, якія паказалі, што высокі ціск можна карэкціраваць з дапамогай гіпатэнзіўных лекавых сродкаў; высокі ўзровень этэрагенных ліпапратэінаў, магчыма, і трэба карэкціраваць з дапамогай лекавых сродкаў і дыетатэрапіі. Таксама варта пазбавіцца ад курэння, недастатковай рухальнай актыўнасці, лішняй вагі і нерацыянальнага харчавання.
Частка фактараў рызыкі прыводзіцца ў норму з дапамогай лекавых сродкаў. Але ў іх пераліку адсутнічаюць метабалічныя прэпараты. Яны займаюць дастаткова вузкую нішу ў сучаснай кардыялогіі. Гэта ўсяго толькі дадатковы метад лячэння на фоне прыёму базіснай тэрапіі.
Якія фізічныя нагрузкі аказваюць неспрыяльны ўплыў?
Найперш гэта статычныя нагрузкі, такія як падняцце цяжараў, а менавіта заняткі ў трэнажорнай зале, звязаныя з падняццем гір, штангаў, сілавыя нагрузкі. Акрамя таго, што яны знішчальна ўплываюць на касцёва-мышачную сістэму, разбураючы храсткі і сустаўныя паверхні, яны яшчэ негатыўна ўплываюць на сардэчна-сасудзістую сістэму.
Як спартыўныя дабаўкі адбіваюцца на рабоце сэрца?
Такіх даследаванняў не праводзілася. Пры гэтым нельга адмаўляць, што бялок нашаму арганізму патрэбны: з яго дапамогай утвараецца мышачная тканка, гармоны, але яго лішак таксама дрэнны, найперш з-за дадактовай нагрузкі на выдзяляльную сістэму, у прыватнасці, на ныркі. Таму злоўжываць спартыўным харчаваннем не рэкамендуецца.
Калі рэзка павышаецца пульс, гэта дрэнна?
— Усё, што адбываецца рэзка, не можа быць спрыяльным, акрамя хіба што рэзкай адмовы ад курэння ці алкаголю, — кажа Алена Грыгарэнка. — У адносінах да фізічнай актыўнасці ўрачы акцэнтуюць увагу здаровых людзей на тое, што яна мусіць быць рэгулярнай і дазіраванай. Калі ў вас ёсць мэта дасягнення пэўных вынікаў, напрыклад, штодзённай хадзьбы на 5 км, то прыйсці да гэтага выніку варта не на працягу двух дзён, а за месяц, паступова павялічваючы нагрузку з кантролем самаадчування і частаты сардэчных скарачэнняў.
Для здаровых людзей самаадчуванне з'яўляецца галоўным фактарам, які дазваляе пашыраць ці скарачаць фізічную нагрузку. Калі ж гаворка ідзе пра пацыента, што мае ішэмічную хваробу сэрца, перанёс інфаркт міякарда, то рухальны рэжым і праграма рэабілітацыі распрацоўваюцца пад кантролем урача агульнай практыкі, кардыёлага ці рэабілітолага. І тут важны такі крытэрый, як максімальная частата сардэчных скарачэнняў. З аднаго боку, нагрузка не павінна быць мяккай, яна мусіць мець трэніравальчы характар і прыносіць карысць. З іншага боку, яна не павінна прыводзіць да выразнага пачашчэння пульсу і значнага пад'ёму артэрыяльнага ціску.
— Праблема высокай частаты сардэчных скарачэнняў з'яўляецца шматграннай. Ёсць здаровыя людзі, якія маюць невысокую частату сардэчных скарачэнняў — у межах 60 удараў у хвіліну, і мы можам канстатаваць, што гэта людзі, у арганізме якіх мае перавагу парасімпатычны аддзел вегетатыўнай нервовай сістэмы. Гэта іх асаблівасць. Напалеон, напрыклад, усё жыццё пражыў з частатой сардэчных скарачэнняў 40-45 і пры гэтым мог актыўна функцыянаваць, — прыводзіць прыклад кардыёлаг. — Ёсць іншая катэгорыя асоб, у каго пераважае сімпатычны аддзел вегетатыўнай нервовай сістэмы. Гэта здаровыя людзі, якія жывуць з частатой сардэчных скарачэнняў у межах 80 удараў у хвіліну.
Любая фізічная нагрузка выклікае павелічэнне пульсу, і рэч у тым, да якога ўзроўню ён павялічваецца. Узрастанне пульсу на фоне фізічнай нагрузкі да 100-110 удараў у хвіліну з'яўляецца нормай для здаровага чалавека. А вось для хворага чалавека гэта можа быць пагрозлівым станам, які справакуе з'яўленне клінічнай сімптаматыкі. Таму пры лячэнні захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, як правіла, прызначаюць лекавыя сродкі, якія ўплываюць на частату сардэчных скарачэнняў. Для пацыентаў кардыялагічнага профілю мэтавым узроўнем з'яўляецца 60-70 удараў у хвіліну.
З узростам хваробы сэрца непазбежныя?
— Вядома, з узростам рызыка развіцця хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы павялічваецца, але нельга сказаць, што гэтыя хваробы непазбежныя. Калі ў чалавека ёсць культура здаровага спосабу жыцця, калі ён адказна ставіцца да свайго здароўя, то зусім не абавязкова, што ў пажылым узросце ў яго з'явяцца ішэмічная хвароба сэрца ці іншыя цэрэбраваскулярныя хваробы, — тлумачыць Наталля Шыбека. — Безумоўна, ёсць фактары рызыкі, такія, як генетыная схільнасць, з якімі мы нічога не зробім. Але ўсё астатняе, што мы можам змяніць, прывядзе да таго, што рызыка развіцця хвароб сістэмы кровазвароту зніжаецца. Калі ўявіць, што ў нас атрымалася скарэкціраваць усе фактары рызыкі, якія пад сілу чалавеку, то мы б знізілі рызыку развіцця хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы больш чым на 80 %.
Ці патрэбныя вітаміны і мікраэлементы для сэрца?
— Калі чалавек прытрымліваецца прынцыпаў рацыянальнага харчавання і ўжывае дастатковую колькасць сезоннай гародніны і фруктаў, ён не мае патрэбы ў дадатковых вітамінах для паляпшэння работы сэрца, — лічыць Алена Грыгарэнка. — Калі ў працэсе дыспансернага назірання быў выяўлены дэфіцыт мікраэлементаў, а кардыёлагаў найперш цікавяць такія мікраэлементы, як калій, магній, кльцый, тады індывідуальна ў залежнасці ад узроўню змяненняў рэкамендуецца прыём БАДаў ці лекавых сродкаў, якія маглі б нармалізаваць іх узровень, а таксама высвятляюцца прычыны такіх змяненняў.
У адносінах вітамінаў асаблівую ўвагу варта аддаваць вітаміну Д. Ён найбольш скампраметаваны ў адносінах не толькі да развіцця парушэнняў з боку касцявой і мышачнай сістэм, але і да ўплыву на развіццё хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Як часта рабіць ЭКГ?
— Падчас дыспансерызацыі выяўляюцца фактары рызыкі ў здаровых людзей. Калі чалавек іх не мае, то да пэўнага этапу ЭКГ выконваецца толькі па паказаннях — падчас медагляду, пры паступленні ў навучальныя ўстановы, прыёме на работу. Калі выяўлены фактары рызыкі ці захворванні, частата залежыць ад канкрэтнага дыягназу, — кажа Наталля Шыбека.
Як павысіць ціск у хатніх умовах?
— Калі ёсць такая асабліваць, як гіпатанія, калі лічбы ціску трымаюцца ў межах 100 на 60, каб павялічыць ціск, варта павялічыць аб'ём вадкасці, папросту падняць аб'ём крыві. Як тое зрабіць? Выпіць шклянку вадкасці. Яна павінна быць або салёная, або салодкая. Трэба легчы, прыпадняць ногі, выпіць шклянку салодкага чаю або шклянку вады і з'есці салёны агурок, — рэкамендуе Наталля Шыбека.
Як зразумець, што ў вас праблемы з сэрцам?
— Адсутнасць сімптомаў не заўсёды з'яўляецца прыкметай дабрабыту. Таму створаны праграмы дыспансерызацыі, актыўнага выяўлення фактараў рызыкі, каб у агульнай папуляцыі вылучыць асоб з нізкай, сярэдняй, высокай, вельмі высокай і экстрэмальна высокай рызыкамі, — кажа Алена Грыгарэнка. — У групу з вельмі высокай і экстрэмальна высокай рызыкаў могуць трапіць тыя людзі, што не маюць ніякіх скаргаў і да пэўнага моманту выконваюць свае бытавыя і прафесійныя задачы. Таму важна ведаць, якія фактары рызыкі вядуць да хваробы, як іх прафілакціраваць і што карэкцыя фактараў рызыкі з'яўляецца сферай адказнасці не толькі аховы здароўя, але і самога чалавека.
Калі вы маеце высокі ціск, то можаце не адчуваць ніякіх змен, або адчуваць галаўны боль, галавакружэнне, пачашчанае сэрцабіцце, выразную стамляльнасць, зніжэнне памяці. Як выявіць павышаны ціск? Рэгулярна вымяраць яго танометрам.
Калі вы маеце недастатковую фізічную актыўнасць, то ўжо знаходзіцеся ў групе рызыкі па развіцці захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, не адчуваючы пры гэтым ніякага дыскамфорту. А вось факт з'яўлення скаргаў у кардыялогіі вельмі часта сведчыць пра стадыю захворвання, якая зайшла далёка.
Алена КРАВЕЦ
Па матэрыялах https://zviazda.by/.