Варта зайсці ў любую кніжную краму — і ты быццам трапляеш у казку: паўсюль з густам і замілаваннем расстаўлены выданні, здольныя задаволіць любы, нават самы строгі, патрабавальны густ. Прычым гаворка ідзе не толькі пра сталічныя магазіны, і ў гэтым пераканалася карэспандэнт «ЛіМа», пабываўшы ў Брэсце і ва ўсіх кніжных крамах горада. У склад «Брэсткнігі», рэгіянальнага філіяла Адкрытага акцыянернага таварыства «Белкніга», уваходзяць 14 кніжных крам, што знаходзяцца ў Брэсце і Брэсцкай вобласці. Як наладжана праца філіяла, чым кіруюцца кніжныя крамы пры прыняцці таго ці іншага рашэння? Пра гэта — сённяшняя гутарка з дырэктарам філіяла «Брэсткніга» Святланай Худзіцкай.
— Святлана Іванаўна, раскажыце, калі ласка, як размеркаваны гандлёвыя ўстановы па вобласці.
— Шэсць крам працуюць у Брэсце, тры крамы — у Баранавічах і столькі ж — у Пінску. Акрамя таго, ёсць крамка ў Іванава і павільён у Ганцавічах. І хоць плошчы нашы быццам і невялікія, але асартымент там вельмі добры, і наведвальнікі ідуць!
У Ганцавічах, дарэчы, павільён адчыніў свае дзверы перад пакупніком да Дня пісьменства ў 2011 годзе. На той час стала добрай традыцыяй пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі адкрываць новыя пункты продажу кніг перад кожным адпаведным святам, каб нагадаць, што кнігу мы любім, шануем і пашыраем. У 2018 годзе да Дня пісьменства адкрылася крамка і ў Іванава, на Палессі, — маленькая, але вельмі ўтульная. Яна была вельмі патрэбная жыхарам гарадка — дагэтуль на 16 тысяч насельніцтва там быў толькі прыватны кніжны гандаль і кіёскі друку. Натуральна, для зручнасці пакупнікоў хацелася б там мець і кніжную краму. Яна, дарэчы, была неабходная не толькі для іванаўцаў, але і для прыезджых — і з вобласці, і для турыстаў. Крама адразу ж стала карыстацца поспехам, прыносіць прыбытак. Там працуюць толькі тры чалавекі, але жанчыны тыя быццам адмыслова былі створаныя для кніжнага гандлю!
— Невялікая колькасць супрацоўнікаў у кніжных крамах (даволі часта загадчыца ўстановы сама сядзіць за касай) — гэта тэндэнцыя апошніх гадоў ці так было заўсёды?
— Дзесяцігоддзі таму штат быў большы, аднак цяпер час дыктуе адпаведныя ўмовы. Асабліва ў апошнія гады, калі была пандэмія і за кошт гэтага знізілася пакупніцкая здольнасць. Але адмыслова мы не праводзілі аптымізацыю ліку супрацоўнікаў — так склалася, што калектывы ў нас невялікія па колькасці. Нават у адной з найбольшых крам «Дружба», дзе аж два паверхі, працуе ўсяго 11 чалавек.
Увогуле нашы супрацоўнікі — як руплівыя пчолкі, на якіх усё трымаецца. У штаце зазвычай няма грузчыка — усю неабходную працу робяць прадаўцы: і разгружаюць, і прымаюць тавар, і разносяць на патрэбныя месцы, і ўводзяць у электронную сістэму, і ўносяць у гандлёвыя залы. Пасля — непасрэдна продаж і кансультаванне пакупніка. Вялікая заслуга нашых супрацоўнікаў у тым, што яны ўсе вельмі дасведчаныя і кваліфікаваныя. Калі чалавек вагаецца ў выбары выдання, заўжды могуць даць вычарпальную кансультацыю. Пры сучаснай канкурэнцыі, калі, напрыклад, у інтэрнэт-крамах Oz.by альбо ў прыватных прадпрымальнікаў кошты на кнігі могуць быць ніжэйшымі, гэта вельмі істотна. Хаця ёсць і кантынгент пакупнікоў, якія, атрымаўшы параду, дзякуюць і кажуць: «Добра, купім гэтае выданне там, дзе яно каштуе на 20 капеек танней…» Але ёсць і тыя, хто не глядзіць на кошт і набывае ўсё, што яму спадабаецца.
У любым выпадку, заўжды хочацца, каб пакупнік сышоў задаволены, таму ўсе супрацоўнікі крамы стараюцца дапамагчы, падказаць. А часам і папярэдзіць: маўляў, гэтая кніга толькі на гэты сезон, у хуткім часе будзе новае выданне, альбо наадварот: вось гэтыя дзве кнігі розных гадоў выдання, але змест у іх аднолькавы, а кошт у старэйшага выдання меншы…
Бывае, што на дадзены момант у нас няма кнігі, якую хочуць набыць, — тады мы замаўляем яе адмыслова для нашага пакупніка альбо правяраем па даведцы, дзе яна ёсць, і падказваем. Калі патрэбны падручнік, пакідаем пакупніку нашу візітку і раім пачакаць перавыдання.
Акрамя таго, цяпер у нас ёсць і інтэрнэт-гандаль. У нашым рэгіёне — у Брэсце ў краме «Дружба», у Пінску — у «Полымі» і ў баранавіцкіх «Кнігах» ёсць аддзелы «Кніга — поштай»: калі кнігу замаўляюць, высылаем яе па пошце, як было некалі ў савецкія часы…
— А што за людзі ў вас працуюць?
— Калектывы ў нас цудоўныя! Стараюцца ўсе: ад загадчыцы да прыбіральшчыцы. Прыбіральшчыцы, дарэчы, могуць пракансультаваць наведвальніка на ўзроўні прадаўца — працуюць яны даўно і любяць чытаць. Могуць падказаць, дзе якія выданні знаходзяцца, і дапамагчы вынесці кнігу, паставіць на належнае месца. Калектывы дружныя, таму што ўсе разумеюць: ад таго, што здолеем прадаць, залежыць фінансавы вынік і наш дабрабыт.
Мы ў сваю чаргу стымулюем, заахвочваем да добрай працы. Так, у нас унутраны гаспадарчы разлік — вынік выводзіцца штомесяц па кожнай краме. І ў залежнасці ад даходу прымяняюцца свае працэнты пры прэміраванні. А кожнаму ж хочацца атрымаць прэмію больш, таму зладжана працуюць усе, незалежна ад пасады. Таваразнаўца, напрыклад, нягледзячы на тое, што асноўная яго задача — замовіць кнігі, удзельнічае ва ўсіх працэсах: можа і даць кансультацыю, і працаваць на касе. Такім чынам, галоўнае багацце і нашага рэгіёна, і нашага кніжнага гандлю — людзі, кампетэнтныя спецыялісты. Нічога не было б без такіх калектываў…
— Стараецеся задаволіць пакупніка, каб ён звяртаўся да вас заўжды, падстройваецеся, каб адпавядаць зменам у гандлёвай сістэме?
— Так, бо цяпер такі час, калі ўсе хочуць знайсці найлепшае, але каб кошт быў не самы высокі. Часткова продаж у нас ажыццяўляецца па безнаяўным разліку. Нам хацелася б, каб па безнаяўным разліку ў нас бралі кніг і папяровай прадукцыі больш, але ж цяпер паўсюль тэндар, цэнавы фактар — кліенты маюць шырокі выбар. Дзяржаўныя прадпрыемствы, якія працуюць цераз казначэйствы, павінны прытрымлівацца яшчэ больш складанай працэдуры…
— А ў чым спецыфіка кніжнага гандлю ў вашым рэгіёне?
— У Брэсце, напрыклад, усе кніжныя крамы знаходзяцца ў цэнтры. У Баранавічах таксама: адна — на плошчы і дзве — недалёка, па абодва бакі. У Пінску — адна на плошчы, іншая — на суседняй вуліцы, і яшчэ адна — амаль на выездзе. У Іванава таксама ў цэнтры, арандаванае памяшканне ва ўнівермагу, дзе ўваход цераз сумежную краму «Востраў чысціні». Крама надзвычай яркая, вясёлая, дзеці прыходзяць туды з асаблівым задавальненнем! Дый у дарослых ад яркасці фарбаў нават настрой уздымаецца.
Але хацелася б, каб крамы нашы былі яшчэ лепшыя. Ёсць патрэба зрабіць рамонт і ў адной краме, і ў іншай, паставіць новае абсталяванне. Пару гадоў таму ў адной з крам памянялі столь, зрабілі на сучасны лад — падвесную, — і пакупнікі былі ў захапленні! Казалі: «У вас нават памяшканне большым стала! Што вы пашырылі?» А мы ўсяго толькі памянялі столь і асвятленне — прастора быццам ажыла, зайграла адценнямі! Хочацца і надалей ва ўсім паляпшацца.
— Што дапамагае вам быць цікавымі і для сябе, і для пакупніка?
— Мы не замыкаемся толькі на адным відзе дзейнасці. Напрыклад, увесну да 9 Мая «Белкніга» праводзіла конкурс чытальнікаў «Жывое слова Вялікай Перамогі». Да ўдзелу запрашаліся і дзеці, і дарослыя, — трэба было пачытаць верш. Спачатку супрацоўнікі былі насцярожаныя, думалі: гэта ж трэба быць прафесіяналамі, куды нам… А потым пачалі паціху спрабаваць! Так, прадавец у Баранавічах паспрабавала агучыць «Варварства» Мусы Джаліля — і так здолела прачытаць, што аж мурашкі па скуры беглі! Калі чуеш такое, зусім па-іншаму пачынаеш думаць і аб чалавеку, і аб краме, дзе ён працуе! А ў «Дружбе» прадавец чытала пра Брэсцкую крэпасць — «Бессмяротны гарнізон». Знялі ролік у краме — атрымалася цудоўна! Па выніках баранавіцкі «Кніжны свет» заняў 1-е месца, а «Дружба» — 3-е. Наколькі я ганарылася сваімі супрацоўнікамі! Бралі ўдзел і дзеці — так, у Баранавічах чытала ўнучка нашай загадчыцы. Адмыслова яна не рыхтавалася, пачытала, як умела. А атрымалася добра, яе адзначылі.
— У гандлёвых устаноў не можа не быць канкурэнтаў. Ці шмат іх у вас?
— Натуральна! Па-першае, гэта Oz.by. Па-другое, прыватныя прадпрымальнікі, што асабліва моцную канкурэнцыю складаюць у сезон падрыхтоўкі школьнай літаратуры.
Але не скажу, каб канкурэнты вельмі нам заміналі. Мо так і трэба — мы ж не павінны быць манапалістамі! Як бы там ні было, ніхто не дае такі шырокі асартымент, як «Белкніга». Oz.by працуе як інтэрнэт-гандаль — гэты напрамак наладжаны там найлепш. Яны і пачыналі шмат гадоў таму як інтэрнэт-крама. У нас жа гэты напрамак толькі набірае абароты. Магчыма, за ім — будучыня. Але лічу, што ў нас больш кваліфікаваныя супрацоўнікі. Калі замаўляеш кнігу на Oz.by, нічога пра яе не ведаючы, можаш карыстацца толькі невялікай анатацыяй, якая на тое і разлічана, каб ты купіў выданне, і не заўжды адпавядае сапраўднасці. У нас жа пра кнігу табе раскажуць усё.
Але ўвогуле хочацца, каб кніжны гандаль быў прыярытэтным, каб нам заўжды ішлі насустрач і давалі больш ільгот… Хаця гэта толькі мары. І так нам дапамагаюць: напрыклад, у крамах, дзе кнігі займаюць больш чым 50 адсоткаў гандлёвых паліц, ёсць паніжальны каэфіцыент па арэндзе — для нас гэта вялікі плюс, арандаваных памяшканняў маем шмат.
— Якое месца ў рабоце «Белкнігі» займаюць бібліятэкі?
— Раней, калі ў нас быў уласны склад, мы працавалі з бібліятэкамі непасрэдна. Цяпер з бібліятэкамі больш працуе галоўная арганізацыя «Белкнігі» — там ёсць аптовы аддзел, у нас жа засталіся толькі гандлёвыя пункты. Акрамя таго, да бібліятэк прад’яўляюць свае патрабаванні. Так, пастаўка кніг павінна адбыцца па тэндары. Бібліятэкам выгадна набываць выданні наўпрост з выдавецтваў, таму што ў нас існуе нацэнка, за кошт якой мы ажыццяўляем сваю дзейнасць. З намі бібліятэкі могуць супрацоўнічаць, як і ўсе іншыя: прыйсці, выбраць кнігі і аплаціць па безнаяўным разліку.
— Ці існуе ў рэгіёне асаблівы попыт на літаратуру пра Брэст?
— Так, і таму шмат адпаведнай літаратуры выходзіць з друку пад дахам «Вячэрняга Брэста»: паштоўкі, буклеты. Ёсць яшчэ брэсцкае прадпрыемства «Паліграфіка» — яно надае шмат увагі выпуску краязнаўчай літаратуры, а таксама «Альтэрнатыва». Цікавяцца і мясцовыя жыхары, але асабліва запатрабавана літаратура пра Брэст і Брэстчыну ў турыстаў.
— А што наконт выданняў мясцовых пісьменнікаў?
— Супрацоўнічаем і з аўтарамі: яны прыносяць нам уласныя кнігі, мы заключаем з імі дамову, пасля выданні паступаюць у крамы, дзе сумесна праводзім прэзентацыі. Заўжды ідзём насустрач, удзельнічаем у імпрэзах, запрашаем школьнікаў: дзеці актыўна выступаюць і атрымліваюць ад нас прызы — адбываецца сапраўднае свята кнігі, дзеці выходзяць шчаслівыя! На сёлетнім свяце роднай мовы школьнікі арганізавалі батлейку па творы жабінкаўскага аўтара Расціслава Бензерука, было надзвычай цікава.
— Наколькі была патрэбная рэарганізацыя ў 2011 годзе, аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў па продажы кнігі пад адным дахам?
— Час дыктаваў гэтую неабходнасць. Палічылі мэтазгодным папулярызаваць і прапагандаваць кнігу менавіта так — каб не кожны заяўляў пра сябе, а рабіць гэта разам. Чым ты большы, тым гучней ты можаш пра сябе сказаць. Таму пачынаючы з 2011 года мы моцна зрасліся з галоўнай арганізацыяй, нічым не пакрыўджаны, своечасова робяцца рамонты, а крамы нашы знаходзяцца ў дзясятцы лепшых па рэспубліцы — адчуваеш радасць за тое, што цябе заўважылі і адзначылі. Па вялікім рахунку, змянілася толькі назва.
— Раскажыце пра ваш шлях у прафесію.
— Усё складалася на карысць кнігі з самага дзяцінства. У чатыры гады навучылася чытаць побач са старэйшым братам. Бацькі адвялі мяне ў бібліятэку, і калі пачала ўсведамляць, што гэта такое, мне падалося, што кніжніца — найлепшае месца на зямлі, а бібліятэкары — найцудоўнейшыя людзі, у якіх самая выдатная праца. Я пачала марыць пра тое, што сама буду працаваць у бібліятэцы — буду заўжды чытаць кнігі! Потым, у школьныя гады, зацікавілася і матэматыкай, але праца з кнігай была наканаваннем. Бо пасля сканчэння інстытута народнай гаспадаркі мяне размеркавалі менавіта ў кніжны гандаль! І як прыйшла ў гэтую галіну пасля ВНУ, так больш за трыццаць гадоў у ёй і працую. Атрымліваецца, што мары спраўджваюцца, толькі трэба вельмі хацець! Так і чытаю кнігі…
Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ
По материалам https://zviazda.by/.
«Народная асвета» рекомендует: