Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Калі гаворка заходзіць аб выхаванні дзяцей, адразу ж згадваецца прынцып «бізуна і перніка». «Бізун» — гэта рознага роду пакаранні, а «пернік» — пахвала і заахвочванні за добрыя паводзіны. Якія небяспекі і «падводныя камяні» падсцерагаюць прыхільнікаў жорсткага і мяккага метадаў выхавання? Пра гэта і не толькі паразважалі з дзіцячым псіхолагам Людмілай Губскай.

 

Дзве крайнасці

Давайце спачатку разбяромся, чым адрозніваецца жорсткае выхаванне ад мяккага. У кнізе Леаніда Суржэнкі «Як вырасціць сына. Кніга для разважных бацькоў» лаканічна апісваюцца плюсы і мінусы «бізуна» і «перніка».

У прыватнасці, жорсткае выхаванне — строгае, практычна дыктатарскае — патрабуе ад бацькоў мінімум творчых намаганняў і базіруецца на правілах, якія дзецям не рэкамендуецца парушаць.

  • Бацькі заўсёды маюць рацыю.
  • Тата ці мама сказалі — трэба зрабіць. Калі не згодны з загадам — спачатку выканай, потым абурайся.
  • Ёсць набор абавязкаў, якія павінен выконваць кожны член сям'і.
  • Дакладна акрэслена, што такое «добра», а што такое «дрэнна». За першае можна атрымаць цукерку. За другое — цалкам верагодна — рэменя.

Падобнае выхаванне вельмі хутка прыносіць плады. У вачах грамадства сям'я выглядае нядрэнна: дзеці паслухмяныя, прывучаныя да працы і паводзяць сябе больш-менш прыстойна.

Што дае жорсткае выхаванне?

Дакладнасць і простыя алгарытмы, што і як рабіць. Дысцыпліну і адносны парадак. Вызваляе бацькоў ад неабходнасці «ламаць галаву» над складанымі педагагічнымі праблемамі. Кантроль над паводзінамі сваіх дзяцей. Адчуванне сябе сапраўдным босам.

Якія небяспекі і падводныя камяні падсцерагаюць прыхільнікаў «бізуна»?

З часам адладжаная сістэма пакаранняў пачынае страчваць свой пагражальны патэнцыял. Для таго каб хоць неяк захаваць бачнасць парадку, прыходзіцца ўсё мацней «закручваць гайкі», узмацняць кантроль. Але рана ці позна «разьба» зрываецца. І тады бацькі сутыкаюцца з бязлітасным падлеткавым бунтам. Як правіла, вельмі жорсткае выхаванне параджае канфлікт пакаленняў, бо падтрымліваць цёплыя і даверлівыя адносіны з дзіцем, якога рэгулярна караеш, даволі складана. Акрамя таго, «бізун» забівае ініцыятыву і самастойнасць. У выніку дзіця вырастае пасрэдным выканаўцам, але ніяк не творцам.

Многія сучасныя бацькі свядома выбіраюць мяккі стыль выхавання. Ён не мае на ўвазе строгі кантроль, дысцыпліну і абавязковае выкананне нейкіх правіл. Асноўныя інструменты бацькоў — угаворы, дамоўленасці, часам — подкуп («Калі ты ўвесь тыдзень будзеш мыць пасля сябе посуд, я табе куплю цацку») і прыём «цісні на жаль». У адрозненне ад жорсткага метаду тут патрэбна вялікая творчая актыўнасць бацькоў, ім даводзіцца пастаянна прыдумваць, як выйсці з той ці іншай сітуацыі.

У мяккім выхаванні таксама ёсць свае правілы.

  1. Галоўнае — інтарэсы дзіцяці. Задача бацькоў — не ўшчаміць, не пакрыўдзіць, не прыгнесці.
  2. Пакараннем мы выхоўваем раба, таму — толькі ўгаворы і супрацоўніцтва.
  3. Максімум свабоды і мінімум абмежаванняў.
  4. Калі штосьці пайшло не так, шукайце прычыну ў сабе, а не ў дзіцяці.
  5. Татальны кантроль забівае самастойнасць.

Мяккая методыка не так хутка дае вынікі. Часам здаецца, што гэта не выхаванне, а патуранне і выхаваўчая бездапаможнасць. Аднак і ў мяккім выхаванні ёсць свае плюсы.

Яно выхоўвае самастойнасць. Як правіла, захоўвае цёплыя і сяброўскія адносіны ў сям'і. Дазваляе вызваліць рукі ад татальнага кантролю. Практычна выключае стрэсы пакаранняў.

Галоўная слабасць мяккага выхавання ў тым, што яно разглядае практычна ўсё выключна з пазіцыі дзіцяці, улічваючы толькі яго інтарэсы. Пры такім падыходзе, калі практычна ўсё дазволена, мы атрымліваем іншую крайнасць. Як толькі спешчанае дзіця выйдзе за межы сям'і, яно сутыкнецца з забаронамі, бо іншыя людзі не дазволяць парушаць свае граніцы. У выніку малеча не будзе разумець, чаму ёй адмовілі, чаму штосьці можа не атрымацца.

«Нельга» нам неабходна

Які тып выхавання лепшы? Думаю, большасць сучасных бацькоў скажуць: «Вядома, мяккі! Бо ўсім зразумела, што біць дзіця нельга, а загадваць — значыць забіваць ініцыятыву». Аднак не ўсё так адназначна, кажа псіхолаг. Часам самае гуманнае рашэнне можа быць адначасова і самым жорсткім. Некаторым дзецям проста неабходны цвёрдая рука, элементарны парадак і дысцыпліна.

Немагчыма выхаваць гарманічную асобу толькі метадам «перніка». Калі бацькі празмерна апякаюць і песцяць сваіх дзяцей, то апошнія вырастаюць эгаістычнымі і самаўпэўненымі, не здольнымі штосьці рабіць самастойна. Таму, як ні дзіўна, бацькоўскае «нельга» патрэбна ніколькі не менш, чым «можна». Дзіця, якому дазваляюць усё, для якога існуе толькі «можна» і «хачу», падобна на плыўца з завязанымі вачыма. Яно не бачыць берагоў, межаў. Не разумее, куды плыве і як далёка давядзецца плысці. Бацькоўскае «нельга» якраз і з'яўляецца арыенцірам: вось гэта твая тэрыторыя, твае берагі. Далей заплываць пакуль нельга. Капрызячы, не слухаючыся, парушаючы забароны, малеча насамрэч правярае маму з татам: ужо нельга ці яшчэ крыху можна? І замест дакладна акрэсленых граніц даволі часта трапляе ў балота бацькоўскіх саступак, дзе так складана намацаць неабходнае цвёрдае дно.

«Самае горшае, — кажа Людміла Губская, — гэта калі бацькі спачатку ўсё дазваляюць свайму дзіцяці. А потым, убачыўшы, што тое «садзіцца на галаву», рэзка становяцца строгімі і патрабавальнымі. У гэтым выпадку дзіця аказваецца заложнікам сітуацыі, яму ўсё не зразумела. У выніку, як правіла, такія хлопчыкі і дзяўчынкі вырастаюць вельмі складанымі людзьмі. Больш за тое, не варта прымяняць «бізун» і «пернік» практычна адначасова. Напрыклад, спачатку пакараць і тут жа пашкадаваць і даць цукерку. Дзеці хутка прывыкаюць да гэтага і пачынаюць маніпуляваць».

Мне вельмі спадабалася, як пра важнасць «бізуна» і «перніка» сказаў святар Павел Гумераў. «Маленькі чалавек павінен з ранняга дзяцінства прывучацца, што за кожнае сваё дзеянне — і добрае, і дрэннае — яму абавязкова прыйдзецца адказваць. Вось для чаго мы вучым яго шляхам пакаранняў і заахвочванняў». Менавіта таму, паводле слоў псіхолага, штосьці адкідваць катэгарычна, кідацца ў крайнасці, выхоўваць дзіця выключна жорсткімі ці выключна мяккімі метадамі — неразумна і нават небяспечна. І пакаранняў, і станоўчых падмацаванняў заўсёды павінна быць у меру, толькі тады яны будуць мець патрэбны выхаваўчы эфект».

У якасці прыкладу, калі бацькі перагінаюць палку, Людміла Губская прывяла гісторыю са сваёй практыкі. «Чатырохгадовы хлопчык сядзеў на падлозе ў цэнтры пакоя і збіраў канструктар. У нейкі момант ён пераключыўся на гульню з сабакам. Пакой вялікі, праблемы абысці той канструктар не было, але тата строга запатрабаваў, каб малы зараз жа прыбраў дэталі з падлогі. «Ну, тата, не цяпер. Я ж гуляю». Але тата быў няўхільны, узяў малога за руку, падвёў да канструктара і загадаў: «Збірай цяпер жа, я сказаў». Хлопчык падпарадкаваўся, але сабаку спыніць у гульні цяжэй, яна працягвала насіць малому цацку. У выніку дзіця, не дазбіраўшы ўсе дэталі, працягнула радасна гуляць з сабакам. Тата ж моўчкі сабраў рэшткі канструктара і выкінуў у сметнік. У малога здарылася істэрыка. Мама маўчала, не ўмешвалася, бо яна з самага пачатку не мела права голасу ў сям'і. Потым тата неаднаразова паўтарыў: «Так, я строгі і планую такім быць. Мяне так выхоўвалі і нармальным чалавекам вырас». І што вы думаеце, праз 10 гадоў гэты хлопчык уцёк з дома пасля таго, як яго з сябрамі настаўнікі злавілі з электроннай цыгарэтай і напісалі заўвагу ў дзённіку. Яго хутка знайшлі. Але неўзабаве падлетак трапіў у псіханеўралагічны дыспансер, бо не мог справіцца з хваляваннем перад здачай экзаменаў у 9 класе. Мама толькі ўздыхае: «Я нічога з гэтым не магу зрабіць. У нас вельмі строгі тата, таму сын нічога не хоча расказваць». Хоць у той сітуацыі з канструктарам многае залежала менавіта ад мамы. Калі б яна, укладваючы спаць сына, сказала: «Давай наступны раз я шапну табе, што тата пачынае злавацца, і ты ўсё ж такі выканаеш яго просьбу, гэта важна», — то ўсё было б гарманічна і хлопчык прыходзіў бы да мамы са шчырымі размовамі, пытаўся парады. Бо калі дзеці шукаюць дапамогі на баку — гэта заўсёды сумна. Ці мала што ім параяць! Менавіта бацькі павінны быць такім неабходным тылам, падтрымкай для сваіх дзяцей».

Не забывайце хваліць

Наогул, лічыцца, што класічнае выхаванне стаіць на «трох кітах»: бізун, пернік і асабісты прыклад (недарэмна кажуць: перастаньце выхоўваць дзяцей — яны ўсё адно вас капіруюць, пачніце з сябе). «Варта дадаць, што ўсе гэтыя тры кампаненты павінны быць злучаны з любоўю, — працягвае псіхолаг. — Таму, перш чым пакараць, папярэдзьце малога, што вам не падабаюцца яго дзеянні, і, калі ён не спыніцца, то вы будзеце вымушаны прыняць меры. Калі мы караем дзяцей, самае галоўнае вось што: якім бы строгім ні было спагнанне, рабіць гэта трэба як мага больш спакойна. У вачах бацькоў не павінна быць гневу, а толькі строгасць і яснае выказванне свайго патрабавання. Важна данесці да дзіцяці, што вы па-ранейшаму яго любіце, але не можаце абыякава прайсці міма яго дрэнных учынкаў. Што караеце не з-за асабістай непрыязнасці, а таму што хочаце дапамагчы яму стаць лепшым. І ставіцеся дрэнна не да яго, а да яго дрэннага ўчынку. Пазбягайце слоў «ты як заўсёды», «ты ніколі». І яшчэ вельмі важна, каб пакаранне было адэкватным учынку (не трэба за непаднятую абгортку ад цукеркі пазбаўляць паходу ў кіно ці не пускаць на вуліцу) і не залежала ад настрою бацькоў. Абавязкова патлумачце, за што вы яго пакаралі. Важна ў канцы размовы выдаваць «інструмент»: як трэба было выйсці з гэтай сітуацыі. Каб дзіця захацела пераацаніць свае дзеянні і наступны раз зрабіла па-іншаму».

Дарэчы, звярніце ўвагу, што дзеці-дашкольнікі, амаль не задумваючыся, згадваюць сітуацыі, у якіх на іх сварыліся, расказваюць, як менавіта іх караюць. А вось пытанне «За што мама цябе хваліць?» ставіць іх у тупік. Гэтае маё назіранне пацвярджае статыстыка. Каля 40 % дзяцей 5-6 гадоў не могуць успомніць такую сітуацыю, а яшчэ прыкладна 40 % кажуць, што, каб згадаць пахвалу, патрабуецца час, і толькі 20 % адказваюць, што іх хваляць часта. Першыя 40 % вызначаюцца няўпэўненасцю ў сабе і нярэдка або агрэсіўныя, або, наадварот, замкнёныя. А вось тыя 20 % дзяцей, бацькі якіх спалучаюць частую пахвалу з вымовай, актыўныя, валодаюць адэкватнай самаацэнкай, упэўненыя ва ўласных сілах. Гэта яшчэ раз пацвярджае, наколькі важна ўсё ж такі спалучаць пакаранні з заахвочваннямі. Добрай прапорцыяй, на думку псіхолагаў, будзе 30 % асуджэнняў і пакаранняў і 70 % пазітыўнай «зваротнай сувязі». Дзіцяці ў любым узросце неабходна добрае слова, пахвала, адабрэнне. У гэтым выпадку ў яго ствараецца і падмацоўваецца пазітыўнае ўспрыманне сябе, дзіця само імкнецца паводзіць сябе так, каб гэты станоўчы вобраз падтрымліваць. Таму часцей звяртайце ўвагу на лепшыя праявы ў дзіцячых паводзінах, і «бізун» давядзецца «даставаць» досыць рэдка. А свядомых, добрых учынкаў стане значна больш!

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

По материалам https://zviazda.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует: 

Вы — счастливые родители! Развивающие игры от 0 до 3 лет

 Э. В. Вашкевич

Автор Эльвира Вашкевич приглашает в увлекательный мир детских игр, которые помогают в физическом и интеллектуальном развитии малышей от нуля до трех лет. В книге вы найдете не только сами игры, но и некоторые теоретические основы их применения, методики раннего развития и т. д.

Адресуется родителям и воспитателям.

14.17 руб.

 

Семейная педагогика

Г. Ф. Вечорко

Учебное пособие содержит восемь тем по основной проблематике семейной педагогики. В форме вопросов и ответов раскрывается сущность семейной педагогики как науки, рассматриваются исторические аспекты семейного воспитания, традиционные средства и методы воспитания детей в семье. Адресуется студентам педагогических специальностей, а также педагогам, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

Семейная педагогика

25,39 руб.

 

Семейная педагогика. Практикум

Г. Ф. Вечорко

Пособие адресуется преподавателям и студентам, избравшим дисциплину «Семейная педагогика» в качестве специализированного образовательного модуля, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

Семейная педагогика. Практикум

38,76 руб.