Апошнія год-паўтара Саюз пісьменнікаў Беларусі ініціыіраваў правядзенне цэлага шэрагу фестываляў дзіцячай кнігі. Традыцыйнымі сталі святы «У гасцях у Францыска Скарыны» каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (праводзіцца штогод у верасні), фестываль «Міхасёвы прыгоды» (праводзіцца ў чэрвені — ужо другі год яго пляцоўкай з'яўляецца Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа). Развіваюцца падобныя праекты, скіраваныя на прапаганду дзіцячай літаратуры, дзіцячага кнігавыдавецтва, дзіцячага чытання, і ў розных рэгіёнах краіны — у Брэсце, Гомелі, Асіповічах, Карэлічах, Гродне...
Новы кніжны фестываль пройдзе 20 лістапада ў Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Мікалая Астроўскага ў Мінску па адрасе: праспект Газеты «Правда», 20А. Галоўны арганізатар кніжнага свята — Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк горада Мінска. Яе кіраўнік Таццяна ШВЕД заўважае з гэтай нагоды наступнае: «Плануючы фестываль, мы спадзяемся на супольную работу з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, кнігагандлёвымі структурамі. Хацелася б у якасці гасцей прыцягнуць і пісьменнікаў з Расіі, якія працуюць з разлікам на юных чытачоў. Абавязкова будзе шмат гульнявых праектаў. Паабяцалі паўдзельнічаць у фестывалі і кніжныя графікі. Магчыма, яны зладзяць самыя захапляльныя майстар-класы».
Да сустрэчы на праспекце Газеты «Правда», 20А!
Сяргей ШЫЧКО
По материалам https://zviazda.by/.