«Першага верасня свае дзверы расчыняць 2865 дзяржаўных устаноў, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, — распавяла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА. — За парты сядуць звыш аднаго мільёна вучняў, з іх — 110 тысяч першакласнікаў. Таксама з першага верасня адкрываюцца дзве школы-новабудоўлі. Адна — у аграгарадку Сеніца на 720 месцаў, другая — у горадзе Гродне на 1020 месцаў».
Першага верасня ва ўсіх установах адукацыі пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня ведаў і пачатку навучальнага года. Тэма першага ўрока — «Беларусь і Я, дыялог міру і стваральнай працы». Ва ўрачыстых мерапрыемствах прымуць удзел вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў.
Як адзначыла начальнік упраўлення, былі захаваны меры сацыяльнай падтрымкі вучняў, у ліку якіх арганізацыя бясплатнай перавозкі. Мясцовымі выканаўчымі распарадчымі органамі вызначаны маршруты руху дзяцей, замацаваны адказныя асобы за іх суправаджэнне.
Школьныя аўтобусы аснашчаны сістэмай відэарэгістрацыі, укамплектаваны вогнетушыцелямі, аптэчкамі, рамянямі бяспекі, сігнальнымі маячкамі, азнаямленчымі знакамі «перавозка вучняў». Прымаюцца меры, накіраваныя на забеспячэнне бесперабойнай перавозкі школьнікаў. У гэтых мэтах 112 аўтобусаў вызначаны ў рэзерв. Яны змогуць выйсці на маршруты ў выпадку паломкі асноўнага школьнага аўтобуса. Прымаюцца меры па абнаўленні парка аўтамабіляў. У адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта да першага верасня закуплены 151 школьны аўтобус. Да канца гэтага года плануецца пастаўка ва ўстановы адукацыі 124 машын, 87 з якіх з пад'ёмнымі прыладамі для перавозкі вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
«У 2015—2021 гадах праводзілася абнаўленне школьных падручнікаў. Сёння ідзе ўдасканаленне ў працэсе перавыдання. У 2023 годзе запланавана выданне 29 школьных падручнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. З іх 24 падручнікі выдадзены да першага верасня 2023 года, якія своечасова дастаўляюцца ва ўстановы адукацыі. Астатнія пяць дапаможнікаў будуць выдадзеныя ў верасні-кастрычніку 2023 года. Яны не выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе ў першым паўгоддзі навучальнага года.
«Як і раней, ва ўстановах адукацыі будуць функцыянаваць базавыя і профільныя класы. Профільныя класы маюць сваю прафесійную накіраванасць. Як і ў папярэднія гады, працягваюць функцыянаваць педагагічныя класы прафесійнай накіраванасці, аграрныя, спартыўна-педагагічныя, ваенна-патрыятычныя, а таксама з 1 верасня — інжынерныя і чыгуначныя профільныя класы», — расказала начальнік упраўлення.
Міністэрствам адукацыі зацверджаны адпаведныя навучальныя праграмы. Вучні профільных класаў, акрамя таго, што вывучаюць на павышаным узроўні асобныя навучальныя прадметы, у абавязковым парадку асвойваюць праграму прафесійнай накіраванасці. У дапамогу органам кіравання адукацыі, настаўнікам-прадметнікам распрацаваны інструктыўна-метадычныя лісты. Асаблівая ўвага — выхаваўчаму патэнцыялу ўрока. Ва ўсіх прадметных інструктыўных лістах дадзены рэкамендацыі настаўнікам-прадметнікам, якім чынам выхаваўчы патэнцыял урока асвойваць ці рэалізоўваць на канкрэтным прадмеце, прычым рэкамендацыі дадзены з улікам спецыфікі канкрэтнага ўрока.
«Да гэтага навучальнага года па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Міністэрствам адукацыі выпушчаны вучэбныя дапаможнікі «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Гэтыя дапаможнікі падрыхтаваны з улікам узроставых асаблівасцяў вучняў. Дапаможнікі зроблены асобна для 1—4 класаў, 5—9 класаў і 10—11 класаў. Да пачатку гэтага навучальнага года ўпершыню падрыхтаваны інструктыўны ліст аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у якім выкладзены вынікі расследавання крымінальнай справы Генеральнай пракуратурай», — акцэнтавала Ірына Каржова.
Яна паведаміла, што ў наступным навучальным годзе Міністэрствам адукацыі будзе прадоўжана работа па правядзенні маніторынгу якасці адукацыі. У лістападзе 2023 года запланавана правядзенне Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі. У даследаванні прымуць удзел вучні 10 класаў. Статыстычную выбарку правядуць выпадковым чынам. Даследаванне ўключае выкананне дыягнастычнай работы, анкетаванне навучэнцаў і педагагічных работнікаў. Дыягнастычная работа будзе накіравана на праверку здольнасцяў падлеткаў выкарыстоўваць атрыманы на вучэбных занятках вопыт асваення ведаў, уменняў, спосабаў дзейнасці для вырашэння жыццёвых праблем, дасягнення пастаўленых мэт. На нацыянальным адукацыйным партале размешчаны рэкамендацыі па правядзенні нацыянальнага даследавання якасці адукацыі.
У 2023/2024 годзе будзе захавана практыка правядзення рэспубліканскіх кантрольных работ. Сёлета ўпершыню Міністэрствам адукацыі запланавана правядзенне рэспубліканскай кантрольнай работы для вучняў 11 класаў па гісторыі Беларусі.
Ірына Каржова адзначыла, што да пачатку навучальнага года ва ўстановы адукацыі размеркавана 5,5 тысячы маладых спецыялістаў. Паводле інфармацыі органаў кіравання на месцах, установы адукацыі да першага верасня будуць укамплектаваныя педагагічнымі кадрамі ў поўным аб'ёме.
Амаль пяць тысяч аб'ектаў сістэмы адукацыі з пачатку года прайшло кантроль органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду, паведаміў журналістам начальнік Галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Турчын.
«Гэта ў тым ліку інтэрнаты пры вышэйшых, сярэдніх спецыяльных установах, у якіх будуць пражываць студэнты», — сказаў Дзмітрый Турчын.
Ён падкрэсліў, што кантрольна-наглядныя мерапрыемствы органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду праводзяцца на працягу ўсяго года.
Як падкрэсліў начальнік Галоўнага ўпраўлення МНС, шэраг парушэнняў ліквідуецца ў перыяд правядзення наглядных мерапрыемстваў. Тыя парушэнні, якія патрабуюць пэўнага часу для ліквідацыі, абмяркоўваюцца з кіраўніком установы, фіксуюцца ў адпаведных актах рэагавання і ліквідуюцца, як правіла, ва ўстаноўленыя тэрміны.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Пра што нагадаюць дзецям, іх бацькам і педагогам напярэдадні 1 верасня
Набліжаецца да завяршэння летні перыяд, час канікул. Яшчэ крыху — і дзеці пойдуць у школу, зноў сядуць за парты. Займальнае баўленне часу хутка стане прыемным успамінам. Разам з тым за мінулы час вучні, аддаўшыся гульням, маглі забыцца на правілы бяспекі. Але пра іх заўсёды памятаюць дарослыя. Якія мерапрыемствы і акцыі ўжо адбыліся ці плануюцца да 1 верасня з гэтай нагоды? Пра іх расказалі кампетэнтныя спікеры падчас прэс-канферэнцыі «Правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі дзяцей напярэдадні новага навучальнага года».
Бяспечны маршрут «дом — школа — дом»
Пачынаючы з чэрвеня тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі Дзяржаўтаінспекцыі былі абследаваны ўсе дарогі і вуліцы, якія прылягаюць да дашкольных навучальных устаноў, да ўстаноў сярэдняй агульнай адукацыі, а таксама да месцаў збору дзяцей: дзіцячых паліклінік, адукацыйна-творчых цэнтраў, музычных школ. Пра гэта паведаміла журналістам старшы інспектар па асаблівых даручэннях галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Ганна Банадык.
Было выяўлена больш як 5 тысяч недахопаў, большая частка з якіх аператыўна ўстараняецца. Балансатрымальнікам выдадзена 333 прадпісанні на выпраўленні выяўленых недахопаў, выканаць якія трэба да 1 верасня.
Акрамя таго, Дзяржаўтаінспекцыяй быў вывучаны стан больш як 1,5 тысячы школьных аўтобусаў. Устаноўлена, што 160 з іх маюць невялікія недахопы, але пры гэтым не выяўлена фактаў эксплуатацыі школьных аўтобусаў без дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Цяпер дзяцей перавозяць 1508 кіроўцаў. Штоквартальна супрацоўнікі ДАІ праводзяць з імі інструктажы па пытаннях бяспечнай перавозкі дзяцей.
Стрым-семінары з тымі, хто пераступіў закон
Да 1 верасня супрацоўнікі міліцыі абследуюць усе ўстановы агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, асаблівую ўвагу ўдзяляючы правядзенню прапускнога рэжыму, праверцы наяўнасці і спраўнасці ручных сістэм трывожнай сігналізацыі і відэаназірання.
У новым навучальным годзе МУС плануе праводзіць тэматычныя мерапрыемствы і экскурсіі для школьнікаў. Пра гэта распавёў намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Васіль Дземідовіч.
Паводле яго слоў, міліцыянеры прымуць удзел у педагагічных канферэнцыях і бацькоўскіх сходах. На іх педагогам і бацькам раскажуць аб асноўных спосабах уцягвання дзяцей у злачынную дзейнасць, новых відах злачынстваў, якія здзяйсняюць дзеці, прыкметах, што ўказваюць на ўдзел дзіцяці ў незаконным абароце наркотыкаў, а таксама сексуальным гвалце ў адносінах да дзіцяці. Нагадаюць і аб медыцынскіх, прававых наступствах такіх дзеянняў.
Сістэма «Маланка» для аператыўнага рэагавання
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правяло ацэнку стану ўсіх ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Па словах першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі — начальніка ўпраўлення арганізацыі нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Васіля Сіўчака, выяўлена каля 9 тысяч недахопаў па краіне. Ацэньваліся такія моманты, як наяўнасць спраўнай сістэмы пажарнай сігналізацыі, тэхнічных сродкаў супрацьпажарнай абароны, унутранага і вонкавага супрацьпажарнага водазабеспячэння, стан шляхоў эвакуацыі і веданне адміністрацыяй устаноў адукацыі заканадаўства ў галіне пажарнай бяспекі, а таксама гатоўнасць да дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый.
Як распавёў Васіль Сіўчак, не ўсе ўстановы хутка адрэагавалі на выпраўленне недахопаў, а ў дачыненні да 72 кіраўнікоў нават прымаліся меры адміністрацыйнай адказнасці. Таксама ўнесена 13 прадстаўленняў аб устараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічалі здзяйсненню правапарушэнняў, што цяпер ліквідаваны.
«У папярэднія гады ў нас былі праблемы з інтэрнатамі. З 2020 да 2022 года ў адносінах да дзевяці выносіліся прапановы аб прыпыненні іх дзейнасці, але ў гэтым годзе такіх пытанняў няма. Дзеці будуць пражываць у бяспечных умовах», — адзначыў Васіль Сіўчак.
«Разам з выканкамамі і Міністэрствам адукацыі мы працуем над павышэннем узроўню супрацьпажарнай абароны. За апошнія пяць гадоў сістэмамі пажарааўтаматыкі абсталявалі амаль 190 аб'ектаў. Таксама вядзецца работа па абсталяванні ўжо існуючай аўтаматыкі сістэмай «Маланка», якая пры надзвычайным здарэнні напрамую перадае сігнал у нашы падраздзяленні для аператыўнага рэагавання. У краіне засталося 89 аб'ектаў, якія ў найбліжэйшы час будуць аснашчаны спецыяльнымі прыборамі».
Уменне дзейнічаць у крызіснай сітуацыі
Важна ствараць псіхалагічна камфортную прастору для навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. Такім меркаваннем падзялілася кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Наталля Чааб. Паводле яе слоў, адным з аспектаў выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці дзяцей з'яўляецца стварэнне ва ўстановах адукацыі псіхалагічна камфортнага асяроддзя і прасторы даверу для атрымання навучэнцамі ведаў, магчымасці развіцця іх творчых здольнасцяў, прафілактыкі булінгу і суіцыдальных паводзін.
У гэтым навучальным годзе, як і заўсёды, вельмі вялікая ўвага будзе аддадзена тэме ЗЛЖ. Выхаваўчыя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі будуць накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў устойлівага навыку здаровага ладу жыцця, выпрацоўку адмоўных адносін да шкодных звычак, умацаванне фізічнага, псіхічнага і маральнага здароўя.
У сучасных сацыяльных умовах асаблівую актуальнасць набывае фарміраванне ў вучняў умення дзейнічаць у крызіснай сітуацыі. «З гэтай мэтай прадоўжыць рэалізацыю факультатыў «Мой псіхалагічны дабрабыт». Асаблівую ўвагу мы ўдзелім навучэнцам, якія прыйдуць ва ўстановы адукацыі першы раз. Шэраг мерапрыемстваў будзе накіраваны на стварэнне максімальна камфортных умоў для іх адаптацыі».
Сяргей РАСОЛЬКА
По материалам https://zviazda.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
- Учебники и учебные пособия для общего среднего образования
- Учебно-методические пособия для общего среднего образования
- Учебные пособия для специального образования
- Учебно-методические пособия для специального образования
- Учебно-методические пособия для дошкольного образования
- Школьные словари
- Школьная энциклопедия