Ужо стала традыцыйным напярэдадні новага навучальнага года абмяркоўваць актуальныя пытанні, што стаяць перад адукацыйнай сферай, вызначаць напрамкі, па якіх варта рухацца далей. Жнівень — перыяд вялікай настройкі, калі ўсе элементы сістэмы адукацыі (ад інфраструктуры да вучэбна-матэрыяльнай базы, кадравага забеспячэння навучальнай установы) падвяргаюцца рэвізіі, крытычнаму аналізу і карэкціроўцы. Апагеем гэтай маштабнай работы стаў форум, падчас якога педагагічная вертыкаль Мінска (а менавіта на сталічную сістэму адукацыі раўняецца ўся краіна) з удзелам вышэйшых службовых асоб абмянялася думкамі наконт арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсаў, спынілася на праблемных момантах сферы адукацыі, вызначылася з перспектыўнымі рашэннямі, якія паспяхова ўкараняюцца некаторымі навучальнымі ўстановамі.
Адзінае выхаваўчае асяроддзе
Сваім бачаннем далейшага развіцця сістэмы адукацыі сталіцы падзяліўся старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. «Наш прыя-
рытэт — гэта апераджальнае развіццё, — падкрэсліў ён. — Адукацыі горада проста жыццёва неабходна значна павялічыць хуткасць на трэку свайго развіцця. І справа не ў тым, што мы сур'ёзна адстаём у параўнанні з іншымі рэгіёнамі (якраз наадварот: па большасці параметраў мы лідзіруем), а таму што, як сказаў наш Прэзідэнт, каштоўнаснае значэнне адукацыі сёння значна ўзрастае. Адукацыя, яе якасць і даступнасць становяцца ледзь ці не асноўным фактарам паспяховасці чалавека ў жыцці, падмуркам нашай дзяржавы, яго эканомікі і сацыяльнага развіцця».
Наколькі сталічная сістэма адукацыі падрыхтавана да рэалізацыі гэтай місіі, ці ў поўнай меры раскрыты яе патэнцыял, як выконваюцца даручэнні кіраўніка дзяржавы, урада, кіраўніцтва горада — адказы на гэтыя пытанні былі знойдзены падчас гарадскога педагагічнага форуму.
Асаблівую ўвагу настаўніцкая і выхавацельская супольнасць Мінска павінна засяродзіць на грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Адна з задач — умацаванне адзінага выхаваўчага асяроддзя, арыентаванага на патрыятызм, нацыянальную ідэнтычнасць, духоўна-маральную культуру і традыцыйныя каштоўнасці. «Мы добра разумеем, да якіх негатыўных наступстваў могуць прывесці чужыя нам сістэмы каштоўнасцяў, што спрабуюць навязаць звонку, — адзначыў Андрэй Стрыгельскі. — Роля і ўплыў педагога ў тым, каб не дапусціць расколу грамадства, умацаваць яго адзінства. Гістарычная роля сістэмы адукацыі сёння заключаецца ў выхаванні патрыятызму, адказнасці за сваю краіну».
На выхаванне дзяцей працуе ўсё ўнікальнае сацыякультурнае асяроддзе сталіцы. «Патрыётамі не нараджаюцца, патрыётаў выхоўваюць, — звярнуў увагу старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. — Але нашай галоўнай мэтай па-ранейшаму застаецца павышэнне якасці і рэзультатыўнасці выхавання. Найважнейшы прынцып — максімальнае паглыбленне кожнага дзіцяці: ад выхаванца дзіцячага садка да навучэнца каледжа. Сродак дасягнення — прадуманая стратэгія выхавання ў кожным навучальным калектыве».
З гэтай мэтай прапаноўваецца выпрацаваць новыя падыходы, але не варта грэбаваць і тымі эфектыўнымі метадамі работы з дзецьмі, якія існуюць цяпер. Выхаваўчыя магчымасці кожнага ўрока, выхаваўчы патэнцыял пазакласных мерапрыемстваў і выхаваўчае ўздзеянне настаўніка — усё гэта ў сукупнасці прынясе станоўчы вынік у фарміраванні асобы юнага грамадзяніна.
«Убачыць кожнае дзіця»
Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па горадзе Мінску Наталля Качанава выказала ўпэўненасць, што з прыходам новага старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама апераджальнае развіццё адукацыі сталіцы будзе рэалізавана ў поўным аб'ёме. «Ёсць усе магчымасці для таго, каб сапраўды гэтая адукацыя была перадавой, — падкрэсліла яна. — Такой мы яе і лічым. І тыя навацыі, якія вы можаце адпрацаваць з улікам таго патэнцыялу, які ёсць (прафесійны, наяўнасць навучальных устаноў у Мінску), можна было б распаўсюджваць і на іншыя навучальныя ўстановы нашай краіны — для нас гэта вельмі важна».
Спікер верхняй палаты парламента нагадала, што Прэзідэнт сістэме адукацыі заўсёды ўдзяляе павышаную ўвагу. «Кіраўнік дзяржавы сказаў адназначна, што сёлета мы павінны канчаткова дашліфаваць усё, што датычыцца сістэмы адукацыі, і паставіць кропку, — акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава. — Прэзідэнт паставіў перад намі задачу глядзець уважліва і кантраляваць уступную кампанію, каб не было ніякіх эксцэсаў, бо пашырылі катэгорыі юнакоў і дзяўчат, якія паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы па спрошчанай сістэме: гэта алімпіяднікі, ліцэісты. Павялічылі мэтавы набор. Усе тыя прэферэнцыі, якія ёсць, апраўданыя. Таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія могуць вучыцца ў вышэйшых навучальных установах, вы ў школах бачыце».
Старшыня Савета Рэспублікі парэкамендавала прадстаўнікам сферы адукацыі глыбей глядзець на праблемы, якія сёння існуюць. Адна з іх — дэмаграфічная, што характэрна для многіх краін. Чым больш становіцца цывілізаваным свет, тым радзей людзі задумваюцца аб дзецях. Такая палітыка непрымальная для нашай дзяржавы, бо за дзецьмі, як падкрэсліла Наталля Качанава, — будучыня нашай краіны. Невыпадкова статусу сям'і, падтрымцы сем'яў удзяляецца вялікая ўвага. У гэтым плане, па меркаванні спікера верхняй палаты парламента, вялікае значэнне мае пазіцыя навучальных устаноў: выхавацелям, настаўнікам і выкладчыкам варта ўдзяліць асаблівую ўвагу выхаванню дзяцей у рэчышчы традыцыйных каштоўнасцяў. «Ёсць тое, што можа перадаць чалавеку толькі чалавек, — удакладніла Наталля Качанава. — Вы, школы і дзіцячыя дашкольныя ўстановы, больш бачыце і ведаеце, што адбываецца ў кожнай сям'і з канкрэтным дзіцём».
Развіццё інклюзіўнай адукацыі, што таксама абмяркоўвалася падчас форуму, знаходзіцца на пастаянным кантролі ў Савеце Рэспублікі. Пад старшынством Наталлі Качанавай створаны савет, які займаецца аказаннем дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей з рэдкімі генетычнымі захворваннямі. «Дзяцей з аўтыстычнымі расстройствамі за апошнія пяць гадоў стала ў два разы больш, — канстатавала спікер. — Гэта вельмі сур'ёзная тэма. У нашай краіне выбудавана сістэма, якая дазваляе аказваць дапамогу і падтрымку гэтым сем'ям. Першае пытанне, з якім прыходзяць бацькі, — гэта кваліфікацыя цьютараў і педагогаў. І вельмі важна, што ў нашай вядучай педагагічнай ВНУ — БДПУ імя Максіма Танка — ёсць Інстытут інклюзіўнай адукацыі, ёсць цудоўныя напрацоўкі. Самі педагогі казалі: нам не трэба гэтых спецшкол, і мы ад іх адышлі. Але раз у нас інклюзія, мы павінны працаваць з імі так, каб гэта было эфектыўна, каб гэтыя дзеці потым маглі жыць і працаваць у соцыуме, атрымліваць адукацыю. Мы да гэтага павінны імкнуцца».
Па меркаванні спікера, ад таго, як працуюць школы і дашкольныя ўстановы, залежыць многае. «Будучыня краіны — у руках моладзі, — звярнулася Старшыня Савета Рэспублікі да педагагічнай супольнасці. — І ваша праца няпростая, але вельмі ўдзячная. Для нас настаўнік заўсёды быў тым, з каго мы бралі прыклад. Мы заўсёды па-добраму згадваем сваіх настаўнікаў, якія заклалі адносіны да тых або іншых падзей».
Наталля Качанава выказала ўдзячнасць выхавацелям і настаўнікам за тое, што яны робяць для краіны, выхоўваючы падрастаючае пакаленне, перадаючы яму розум, талент і веды. Аднак, як акцэнтавала ўвагу спікер, не варта арыентавацца выключна на таленавітых дзяцей. «Трэба дайсці да кожнага дзіцяці, трэба ўбачыць кожнае дзіця», — паставіла задачу Старшыня Савета Рэспублікі.
Дашкольныя ўстановы — на новы ўзровень
Дакладваючы аб перспектывах развіцця адукацыі, міністр адукацыі Андрэй Іванец спыніўся на праблемных момантах дашкольнай адукацыі. Сёння прымаюцца ўсе неабходныя меры па павышэнні крокавай даступнасці навучальных устаноў для самых маленькіх грамадзян. Аднак, па меркаванні кіраўніка ведамства, вельмі важна ўважліва паглядзець і на пытанне камплектавання дашкольных устаноў педагагічнымі супрацоўнікамі. Ёсць нямала вакантных пасад, таму пастаўлена задача дакамплектаваць дзіцячыя сады выхавацелямі.
«Падрыхтоўка адпаведных педагогаў знаходзіцца поўнасцю ў руках сістэмы адукацыі горада Мінска, — адзначыў Андрэй Іванец. — Міністэрства адукацыі поўнасцю адкрыта, гатова павялічваць кантрольныя лічбы прыёму ў педагагічныя каледжы для падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў».
Асобна абмяркоўвалася пытанне абсталявання матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых садоў. «Мы сур'ёзную ўвагу ўдзяляем школам, але не заўсёды належным чынам звяртаем увагу на ўстановы дашкольнай адукацыі, — заявіў міністр. — Сёлета сур'ёзныя сродкі накіраваны на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне нашых садкоў — каля мільёна рублёў. Мяркуем, што гэтую работу трэба вывесці на прынцыпова новы ўзровень».
Кажучы аб неабходнасці профільных класаў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, кіраўнік ведамства заўважыў, што стварэнне інжынерных класаў у школах з гэтага года пераследуе некалькі мэт. «Гэта не толькі пытанне падрыхтоўкі будучых інжынераў, прафарыентацыйная работа, — удакладніў ён. — У першую чаргу гэта магчымасць закрыць патрэбу ў настаўніках фізікі, матэматыкі, інфарматыкі. Калі мы хаця б 10 % выпускнікоў інжынерных класаў накіруем на педагагічныя спецыяльнасці менавіта на гэтыя прадметы, то зможам закрыць усе неабходныя патрэбы».
Падчас педагагічнага форуму абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў, актуальных для сістэмы адукацыі. І калі па некаторых з іх адзінства меркаванняў не было, то ў тым, што сістэма адукацыі павінна быць адаптаваная да пытанняў сённяшняга, а то і заўтрашняга дня, упэўнены ўсе прадстаўнікі педагагічнай супольнасці сталіцы.
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
По материалам https://zviazda.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
- Учебники и учебные пособия для общего среднего образования
- Учебно-методические пособия для общего среднего образования
- Учебные пособия для специального образования
- Учебно-методические пособия для специального образования
- Учебно-методические пособия для дошкольного образования
- Школьные словари
- Школьная энциклопедия