«Беларусь і Я — дыялог міру і стваральнай працы» — менавіта так сфармулявана тэма першага ўрока, які дасць старт новаму навучальнаму году ў беларускіх школах. Ва ўрачыстых мерапрыемствах возьмуць удзел вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў.
Павышэнне надбавак за работу ў галіне
1 верасня свае дзверы для хлопчыкаў і дзяўчынак расчыняць 2865 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку дзве новыя школы: у Гродне (на 1020 месцаў) і ў аграгарадку Сеніца пад Мінскам (на 720 месцаў). А ўсяго за парты сядзе каля мільёна школьнікаў, з іх 110 тысяч першакласнікаў. На рамонтныя работы, у тым ліку на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да 2023—2024 навучальнага года, з бюджэту было выдаткавана больш як 300 мільёнаў рублёў (летась — больш як 196 мільёнаў). Сродкі рэспубліканскага бюджэту, апроч іншага, выдзяляліся на пастаўку абсталявання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі.
Паводле інфармацыі органаў кіравання на месцах, у новым навучальным годзе ўстановы адукацыі будуць укамплектаваныя педагагічнымі кадрамі ў поўным аб'ёме. Сёлета шэрагі педагогаў папоўнілі 5,5 тысячы маладых спецыялістаў. Між іншым, з 1 верасня дадатковая нагрузка на педагогаў будзе аплачвацца ў залежнасці ад напаўняльнасці класаў у школах і ўстановах спецыяльнай адукацыі. Гаворка ідзе аб аплатных гадзінах арганізацыйна-выхаваўчай работы і нагрузцы па праверцы сшыткаў. Таксама з 1 верасня памер надбаўкі за работу ў галіне настаўнікам павялічаць на 15 працэнтаў: з 6 да 21 працэнта.
Трэба заўважыць, што папярэдні навучальны год запомніўся беларускім школьнікам шэрагам новаўвядзенняў: у першую чаргу, змяненнем формы выніковай атэстацыі за курс сярэдняй школы, увядзеннем цэнтралізаваных экзаменаў для адзінаццацікласнікаў, пілотным праектам па арганізацыі харчавання, пашырэннем сеткі профільных класаў, увядзеннем новых прывілеяў для таленавітай і адоранай моладзі.
Інжынерныя і транспартныя класы
Далей прафесійная прафілізацыя навучання (асабліва на старшай ступені школы) будзе толькі паглыбляцца. Профільныя класы, дзе будуць рыхтаваць будучых спецыялістаў для авіяцыйнай галіны, адкрыюцца ў новым навучальным годзе ў сталічных установах адукацыі. Акцэнт у вучэбнай праграме будзе зроблены на вывучэнні матэматыкі і англійскай мовы. Таксама для вучняў профільных класаў будуць праводзіцца тэматычныя факультатыўныя заняткі. Адной з адметнасцяў стане форменнае адзенне, якое будуць насіць іх навучэнцы.
Актыўна ствараюцца па ўсёй краіне і інжынерныя класы, якія працуюць у цеснай звязцы з універсітэтамі і прамысловымі прадпрыемствамі. Навучальную праграму курса распрацаваў вядучы тэхнічны ўніверсітэт краіны — БНТУ. Для залічэння ў інжынерны клас школьнікі павінны мець сярэдні бал па профільных прадметах (фізіцы, матэматыцы, хіміі) не ніжэйшы за «7». Пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі па выбраным профілі для вучняў інжынерных класаў будзе прадугледжаны шэраг прывілеяў.
Таксама з 1 верасня пачнуць працаваць яшчэ шэсць транспартных класаў чыгуначнай накіраванасці. Яны адкрыюцца ў Віцебску, Гомелі, Брэсце, Мінску, Жлобіне і Калінкавічах. Навучэнцы транспартных класаў будуць знаёміцца з асаблівасцямі прафесіі чыгуначніка. У праграме навучання прадугледжаны экскурсіі на прадпрыемствы Беларускай чыгункі, дзе дзеці змогуць убачыць усё тое, пра што ім будуць расказваць на занятках педагогі. У папярэднім навучальным годзе ў краіне функцыянавалі дзевяць транспартных класаў, у якіх праходзіла навучанне больш за 200 навучэнцаў сярэдніх школ з Баранавіч, Лунінца, Ліды, Магілёва і Гомеля. З удзелам Беларускай чыгункі для навучэнцаў транспартных класаў распрацавана праграма аб'яднання па інтарэсах «На шляху да прафесіі: асновы чыгуначнага транспарту» для вучняў 8—9-х класаў і вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту» для вучняў 10—11-х класаў.
Асноўная мэта дадзенага профілю — папулярызацыя чыгуначных прафесій і стварэнне ўмоў для іх усвядомленага выбару навучэнцамі. Навучэнцы, якія паспяхова скончылі транспартныя класы, змогуць атрымаць мэтавае накіраванне для паступлення ва ўстановы адукацыі, што рыхтуюць спецыялістаў для работы на Беларускай чыгунцы.
У сталіцы колькасць класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці ў параўнанні з мінулым годам павялічыцца практычна ў пяць разоў. Яшчэ адна навінка — адкрыццё аграрных класаў у дзвюх мінскіх школах.
ЦЭ і перанос выпускных вечароў
З 1 верасня ў вучэбнай праграме беларускіх школ з'явяцца два новыя факультатывы: вучням 9—10-х класаў (навучальны курс разлічаны на два гады) прапанавалі дадаткова вывучаць «Святыні роднага краю», а вучням 6-х класаў — «Духоўную спадчыну Беларусі (ІX стагоддзе — 1569 год).
Згодна з Канцэпцыяй школьнай гістарычнай адукацыі цяпер распрацоўваецца змест новага курса «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Вучэбная праграма курса абмяркоўвалася на дыялогавых пляцоўках у лютым-сакавіку бягучага года і была дапрацавана з улікам заўваг і прапаноў педагогаў. Новы вучэбны дапаможнік будзе праходзіць апрабацыю з 1 верасня ў 14 установах агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Усяго на 2023 год запланавана перавыданне 29 навучальных дапаможнікаў, прычым 24 з іх будуць перавыдадзены да 1 верасня.
Адно з самых актуальных для будучых выпускнікоў пытанне — выніковая атэстацыя. Нацыянальны інстытут адукацыі праводзіў сацыялагічнае даследаванне па пытаннях правядзення цэнтралізаванага экзамену. Так, з 6,5 тысячы педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўзялі ўдзел у анкетаванні, 78 працэнтаў станоўча ацэньваюць навацыю. Многія прапановы педагогаў па ўдасканаленні цэнтралізаванага экзамену на цяперашні час ужо ўлічаны. У прыватнасці, гэта закранае час правядзення іспытаў: плануецца, што ў новым навучальным годзе яны пройдуць 27 і 30 мая, адпаведна, будуць перанесены на больш позні час выпускныя вечары. Што датычыцца сістэмы падліку балаў, то яна будзе максімальна празрыстай і зразумелай кожнаму ўдзельніку ЦЭ ды кожнаму з бацькоў.
А ў лістападзе бягучага года ўпершыню ў нашай краіне пройдзе Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі, накіраванае на праверку і ацэнку сфарміраванасці функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў, якія атрымалі базавую адукацыю (фінансавай, чытацкай, прыродазнаўчай і матэматычнай). Плануецца, што яно ахопіць каля 20 тысяч дзесяцікласнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і першакурснікаў устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Кожнаму з іх будзе прапанавана на працягу 90 хвілін выканаць работу з заданнямі на два віды дасведчанасці.
Таксама даследаванне прадугледжвае анкетаванне, нацэленае на выяўленне фактараў, якія маглі паўплываць на фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці. Мяркуецца апытаць чатыры катэгорыі рэспандэнтаў: вучняў, іх бацькоў (законных прадстаўнікоў), педагогаў і прадстаўнікоў адміністрацыі ўстаноў адукацыі. Арганізаваць мерапрыемства плануецца на электроннай платформе, распрацоўкай якой займаецца Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі. Неабходныя ў падрыхтоўцы да даследавання і яго правядзення матэрыялы будуць паслядоўна выкладвацца на Нацыянальным адукацыйным партале, дзе ўжо створаны спецыяльны раздзел. У верасні плануюць размясціць рэпетыцыйны варыянт даследавання і правесці трэніровачнае тэсціраванне платформы.
Харчаванннем у новым навучальным годзе па краіне забяспечаць каля 1 мільёна школьнікаў. Прычым падыходы да яго арганізацыі мяняюцца. З 1 верасня больш за 60 працэнтаў школ пяройдзе на новы прынцып, які быў апрабаваны ў рамках пілотнага праекта.
Да таго ж школьнае меню будзе скарэкціравана. Гатаваць школьныя кухары будуць, арыентуючыся на падрыхтаваны Міністэрствам адукацыі інфармацыйны зборнік тэхналагічных картаў, страў і вырабаў, распрацаваны з улікам смакавых пераваг навучэнцаў. Большасць з іх была атрымана падчас эксперыменту. Як паказаў пілотны праект, новае меню дазволіла зменшыць узровень адходаў да 10-20 працэнтаў, а раней гэты паказчык даходзіў да 50-60 працэнтаў. Між іншым, Міністэрства адукацыі Беларусі запусціла чат-бот у месенджары Telegram, куды жыхары краіны могуць звяртацца па пытаннях арганізацыі харчавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Падручнік — у цэнтры ўвагі!
Міністэрства адукацыі будзе збіраць меркаванні беларусаў пра школьныя падручнікі.
Пытанне аб якасці вучэбных дапаможнікаў неаднаразова ўзнімалася Прэзідэнтам краіны. Так, на апошняй тэматычнай нарадзе кіраўнік дзяржавы даручыў стварыць маніторынгавую групу, якая зоймецца тэмай якасці падручнікаў. У яе ўвойдуць вучоныя, спецыя-
лісты, філолагі.
У Міністэрстве адукацыі прапанавалі выказацца на гэты конт таксама настаўнікам, бацькам і проста неабыякавым грамадзянам.
«Зразумела, што якасць падручніка павінен ацэньваць найперш спецыяліст, але і меркаванне звычайных людзей таксама важнае», — растлумачылі ў ведамстве.
У выпадку выяўлення памылак у падручніках або для ўнясення пэўных прапаноў па іх удасканаленні трэба зайсці на Нацыянальны адукацыйны партал (adu.by) і запоўніць там электронную форму. Усе заўвагі будуць прааналізаваныя супрацоўнікамі Нацыянальнага інстытута адукацыі.
У Міністэрстве адукацыі таксама дадалі, што тых, хто знойдзе найбольшую колькасць памылак у падручніку, чакае заахвочванне.
Надзея НІКАЛАЕВА
По материалам https://zviazda.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
- Учебники и учебные пособия для общего среднего образования
- Учебно-методические пособия для общего среднего образования
- Учебные пособия для специального образования
- Учебно-методические пособия для специального образования
- Учебно-методические пособия для дошкольного образования
- Школьные словари
- Школьная энциклопедия