...Падхапіцца ледзь не сярод ночы (чаго, жонка ўжо не пытае), ціхутка, не запальваючы святла, апрануцца, закінуць на плячо сумку з апаратурай, ступіць за дзверы — у снег, у туман... Ісці — доўга, навобмацак, не бачачы сцежкі. Стаяць — ля рэчкі альбо на знаёмым пагорку, слухаць цішыню і чакаць... Чакаць золаку, чакаць досвітку. Каб убачыць — самому, сённяшні... Каб іншым паказаць (хоць на здымках!) гэту заўсёдную таямніцу, гэта заўсёднае свята: свята нараджэння дня альбо кветкі... Вясёлкі ці вясны...

Ледзь не ўсё жыццё (маленства не ў залік) ён здымаў: сказаць прафесійна — значыць, не сказаць нічога, бо фотакарэспандэнт «Звязды» Анатоль Кляшчук аўтар больш чым 30 персанальных выстаў (прычым не толькі ў Беларусі), аўтар і суаўтар фотаальбомаў «Пад небам Беларусі», «Чарнобыль», «Чарнобыль 1986—2006. Жыць з трагедыяй», «Беларусь. Зямля песняроў», «Карагод беларускіх абрадаў», бо яго здымкі не проста друкаваліся і тым самым ўпрыгожвалі старонкі газеты: яны... працавалі. Ну сапраўды: «Кавалеры ордэнаў Салдацкай славы», «Праведнікі Народаў Свету», «Гарманісты» (гэта — толькі назвы праектаў) выхоўвалі мужнасць і самаахвярнасць, паказваліі прыгажосць чалавечай душы; звяздоўскае, «Пракаветнае» абуджала любоў да ўсяго свайго, у тым ліку мінулага, «Абрысы Айчыны» і «Жывая зямля» — замілаванне хараством прыроды...

Асобнай тэмай быў Чарнобыль. І сама трагедыя, і яе наступствы. Па словах Анатоля, калі нейкія праблемы не ўздымаюцца, не асвятляюцца ў СМІ, яны як бы не існуюць. Ну быў выбух, было бедства з вялікім перасяленнем людзей. Але з часам усё ўсталявалася, хоць якраз тады (ды і цяпер) людзі сталі цяжка хварэць. Многім (у тым ліку дзецям) патрэбна была дапамога — лекамі, абсталяваннем...

Нельга сказаць, што яе не было, — ну, вядома ж, была. Але справе пасадзейнічалі яшчэ і фотаздымкі, адмысловы альбом «Чарнобыль 1986—2006. Жыць з трагедыяй», які дапамог выдаць нямецкі фонд «Дзецям Чарнобыля». А перад гэтым Анатоль амаль як на працу ездзіў у дзіцячы анкалагічны цэнтр. Ведаў, калі малыя выстройваюцца на аналіз крыві, ведаў, калі і каго аперыруюць, калі і каго выпісваюць, скрынкамі вазіў вітаміны, якія людзі перадавалі для хворых, як мог падбадзёрваў бацькоў — яшчэ і тым, што паказваў фатаграфіі тых, хто паправіўся!..

З многімі тады пасябраваў... І ў здымках яму адмовілі толькі аднойчы: дзяўчынка з лейкеміяй, якую літаральна выцягнулі з таго свету, вырасла, выйшла замуж і — ці ж не цуд?! — нарадзіла! Ён ужо бачыў гэтыя кадры — гэтую перамогу, гімн жыццю! Але...

Назіранні і боль падштурхнулі Анатоля («сыходзіць натура!») і да стварэння альбомаў «Беларусь. Зямля песняроў», «Карагод беларускіх абрадаў» Любячы добрую музыку і літаратуру (у тым ліку творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа), наш Фігара (сёння ён там, заўтра ён тут) спяшаўся ўвекавечыць, захаваць у памяці людзей дарогі, па якіх хадзілі і ездзілі нашы слынныя песняры, камяні, на якіх сядзелі, крыніцы, з якіх, напэўна ж, пілі сцюдзёную вадзіцу, старэнькія (па цяперашнім часе) хаткі, трохсотгадовы «Ясеў ясень», ля якога Янка Купала любіў збірацца з сябрамі. Дзясяткі разоў Анатоль прыязджаў, напрыклад, да той жа авеянай легендамі Княгінінай гары, бо вельмі хацеў «злавіць» (і злавіў урэшце!) над ёю вясёлку... Селішча было па-свойму прыгожым, але фотамайстру з дапамогай здымка хацелася перадаць драму, якую тут перажыў Купала, калі ў 1902 годзе страціў бацьку, дзвюх сясцёр і брата... Данесці гэты трагізм дапамаглі цяжкія восеньскія хмары.

«Каб навучыцца танцаваць, трэба танцаваць, — казаў Анатоль, — каб навучыцца здымаць, трэба здымаць — шмат і нават адно і тое ж!» Царкву ў вёсцы Белая Царква Чашніцкага раёна ён фатаграфаваў на захадзе сонца, на ўсходзе, здымаў у дождж, у сонца... Але найлепшы ракурс убачыў зверху, падняўшыся над ёй на дэльтаплане.

...Кравец без ботаў: журналісты амаль ніколі не пішуць пра журналістаў (ну хіба на развітанне?). У адным інтэрв'ю з Анатолем было бліц-апытанне:

Любімы час года — кастрычнік.

Любімая страва — сала.

Любімая песня — «Мой родны кут, як ты мне мілы...»

Любімы занятак — два: вандраваць і чытаць.

Любімае месца — Беларусь.

Галоўны здабытак — жыццё.

Рэй Брэдберы пісаў, што кожны пасля яго павінен нешта пакінуць — сына альбо кнігу, карціну, пабудаваны дом, пашытую пару чаравікаў, нешта, да чаго пры жыцці датыкаліся твае пальцы, у чым знойдзе прыстанішча твая душа. Людзі будуць глядзець на тваё дрэва ці кветку, і ў гэту хвілінку ты будзеш жыць.

Без сумневу: людзі будуць глядзець на здымкі Анатоля, будуць захоўваць і ў спадчыну перадаваць выразкі з газеты, будуць успамінаць незабыўныя сустрэчы і размовы, будуць шкадаваць. Як шкадуем сягоння мы.

Звяздоўцы

По материалам https://zviazda.by.

 

Издательству «Народная асвета» посчастливилось работать с известным белорусским фотохудожником Анатолием Клещуком. Именно его фотоработами проиллюстрирована книга «Бацькоўскі дар».

Коллектив издательства «Народная асвета» скорбит в связи со смертью Анатолия Клещука и выражает глубокие соболезнования родным, близким, коллегам.

Светлая память!

 

Бацькоўскі дар

Янка Купала, Якуб Колас

У кнігу ўвайшлі творы народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы  («Спадчына», «Курган») і Якуба Коласа («Новая зямля»).

Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Выданне падрыхтавана ў межах сацыяльна-творчага праекта «Сямейнае чытанне» сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз жанчын» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У кнізе прадстаўлены фатаграфіі родных мясцін – вытокаў жыцця і творчасці песняроў беларускага народа Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Ідэя і ўкладанне Л. С. Ананіч.

Фота А. В. Клешчука.