У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.06.2021 № 206 17 верасня наша краіна адзначыць дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства.
Дата мае невыпадковы характар: гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе ва ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і назаўсёды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі.
17 верасня 1939 года адбылася падзея, якая стала адной з самых знамянальных у гісторыі нашай краіны. Паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь меў для беларускага народа вялікае значэнне, паколькі аб'яднанне ўсходніх і заходніх тэрыторый у адзінай дзяржаве стварала перадумовы для будаўніцтва новага жыцця. 14 лістапада 1939 году Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў Закон «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Пасля ўз'яднання з БССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўводзілася новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне: былі ўтвораны вобласці, раёны, сельскія саветы. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася да 225,7 тыс. кв. км, а насельніцтва – у 2 разы.
Святкаванне Дня народнага адзінства – даніна памяці нашым суайчыннікам, якія змагаліся за ўз'яднанне беларускага народа ў адзінай нацыянальнай дзяржаве. Менавіта адзінства дапамагло нам выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, перамагчы і аднавіць краіну з руін. І сёння мы разам працуем на карысць нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь.
Сёння беларускі народ аб’яднаны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны. Устанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.
Нацыянальным інстытутам адукацыі падрыхтаваны матэрыялы для правядзення адзінага ўрока 15 верасня 2023 года, прысвечанага Дню народнага адзінства, для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі:
Інфармацыйна-асветніцкая інтэрактыўная карта «Вуліцы/завулкі/плошчы, названыя ў гонар падзей 17 верасня 1939 года,
у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь»
«Народы Беларусі»: інтэлектуальная гульня для старшакласнікаў да Дня народнага адзінства
У Год міру і стварэння асаблівую актуальнасць у грамадстве набывае тэма дружбы і добрасуседскіх зносін паміж народамі. Ад нас, дарослых, залежыць, як нашы дзеці будуць ставіцца да людзей, якія знаходзяцца побач, да традыцый і культуры народаў, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
Для выхавання ў школьнікаў гуманізму і талерантнасці была распрацавана інтэлектуальная гульня «Разумнікі і разумніцы» па тэме «Народы Беларусі», прымеркаваная да Дня народнага адзінства.
Мэты: фарміраванне ў старшакласнікаў уяўленняў аб адзінстве беларускага народа, выхаванне талерантнасці і гуманізму, павагі да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей.
Задачы:
стварыць умовы для пашырэння ведаў вучняў аб традыцыях, гісторыі і культуры беларускага і іншых народаў;
фарміраваць у навучэнцаў грамадзянскія і патрыятычныя якасці, неабходныя для жыцця ў сучасным полікультурным свеце;
спрыяць павышэнню інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню школьнікаў.
Абсталяванне: гульнявыя дарожкі, карткі з пытаннямі, ордэны разумнікаў.
Умовы гульні. Гульня праводзіцца ў тры туры. Перад кожным з іх адбываецца адборачны тур, па выніках якога выбіраюцца аганісты. Імі становяцца тры вучні, якія атрымалі больш ордэнаў. Яны працягваюць гульню на дарожках, астатнія ўдзельнікі становяцца тэарэтыкамі (балельшчыкамі). Правілы тураў: на чырвонай дарожцы памыляцца нельга, на жоўтай можна адзін раз, на зялёнай – два разы. Удзельнікам даецца 30 секунд на падрыхтоўку адказу. Аб заканчэнні часу нагадвае ўдар у гонг. Калі памыліўся, права ўдзелу ў гульні перадаецца тэарэтыкам: адказвае той, хто першы падыме руку. За правільны адказ ён атрымлівае ордэн. Перамагае той, хто хутчэй пройдзе сваю дарожку з найменшай колькасцю штрафных балаў. Параможцы кожнага тура сустракаюцца ў фінале, дзе і вызначаецца адзіны пераможца.
Ход гульні
I. Уступная частка
Вядучы. Беларусь – шматнацыянальная дзяржава, на тэрыторыі якой, акрамя беларусаў, пражываюць рускія, украінцы, яўрэі, армяне, татары, цыгане, азербайджанцы, літоўцы, туркмены, грузіны, башкіры, малдаване, латышы, узбекі, казахі, таджыкі, арабы, кітайцы, в’етнамцы, балгары, грэкі, карэйцы, афганцы, туркі, палякі, немцы. Прадстаўнікі гэтых народаў захоўваюць свае этнакультурныя асаблівасці, шануюць нацыянальныя традыцыі, узбагачаючы і беларускую культуру. У нашай краіне створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця ўсіх этнасаў як адзінага беларускага народа. Мы павінны з павагай адносіцца да кожнага прадстаўніка іншай нацыянальнасці, які жыве ў Беларусі. А даведацца больш пра народы нашай краіны і павысіць сваю эрудыцыю дапаможа інтэлектуальная гульня «Разумнікі і разумніцы».
Аб’яўленне правіл гульні, прадстаўленне суддзяў – членаў арэапага
II. Асноўная частка
Тур 1
Пытанні і заданні адборачнага тура
- Як называецца частка народа (этнасу), якая пражывае па-за межамі сваёй гістарычнай радзімы ў новым месцы пасялення і мае сацыяльныя інстытуты для падтрымання і развіцця сваёй ідэнтычнасці і супольнасці? (Дыяспара.)
- Хто з’яўляецца рэлігійным лідарам мусульман? (Муфтый.)
- Як называецца круглы ці з вострым верхам галаўны ўбор з вышыванымі або тканымі ўзорамі ў народаў Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі? (Цюбецейка.)
- Які рускі асілак ляжаў на печы да трыццаці трох гадоў, затым вылечыўся і стаў волатам? (Ілья Мурамец.)
- На якой мове напісаны твор Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»? (На польскай.)
- Назавіце традыцыйнае рускае прыставанне для кіпячэння вады з награвальнай трубой усярэдзіне. (Самавар.)
- Як называецца традыцыйны польскі суп на мучной заквасцы з грыбамі або каўбасой? (Журок.)
- Як называецца кісламалочны напой з кабылінага малака, які ўжываюць качэўнікі-жывёлаводы? (Кумыс.)
- Назавіце каталіцкае свята, якое адзначаецца ў памяць аб пакланенні нованароджанаму Іісусу трох каралёў-магаў і прынясенні яму дароў. (Свята трох каралёў.)
- Якое дрэва з’яўляецца ў беларусаў сімвалам вечнага жыцця? (Дуб.)
Удзельнікі, якія атрымалі больш ордэнаў (аганісты), павінны за 3 мінуты падрыхтаваць вуснае выказванне на тэму «Беларусь шматнацыянальная» і прэзентаваць яго за 1 мінуту. Журы вызначае ўладальнікаў 1, 2, 3 месца. Удзельнікі выбіраюць дарожку ў гэтай паслядоўнасці.
Пытанні і заданні для зялёнай дарожкі
- Як звалі прадстаўніка старадаўняга і магутнага нямецкага роду, мецэната, які заснаваў на Гродзеншчыне кадэцкі корпус, друкарню, гандлёвую і медыцынскую школы, адкрыў тэатр? (Антоні Тызенгаўз.)
- Закончыце ўзбекскую прыказку: «Калі выбіраеш паркаль – глядзі на даўжыню, калі выбіраеш нявесту – глядзі на…». (Маці.)
- Назавіце рускую народную камандную гульню з мячом і бітай, якая праводзіцца на адкрытай пляцоўцы, дзе ўдарам біты неабходна паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага бока і назад, не даўшы суперніку «асаліць» сябе злоўленым мячом. (Лапта.)
- Як называецца старадаўні сольны мужчынскі і парны танец грузін, армян і іншых каўказскіх народаў? (Лезгінка.)
Пытанні для жоўтай дарожкі
- Тэхналогію вырабу і дызайн якога прадмета гардэробу ў 1758 годзе паказаў беларусам армянін Аванэс Маджаранец па просьбе Міхаіла Казіміра Радзівіла? (Слуцкі пояс.)
- Лёс якога яўрэйскага жывапісца, графіка, скульптара, манументаліста непарыўна звязаны з двума гарадамі – Віцебскам і Парыжам? (Марк Шагал.)
- Якім музычным творам знакаміты польскі кампазітар-аматар, дыпламат Міхаіл Агінскі? (Паланэз «Развітанне з Радзімай».)
Пытанні і заданні для чырвонай дарожкі
- У гонар якой украінскай паэткі, якая ў 1898–1901 гадах працавала ў Беларусі, названа вуліца ў Мінску? (Леся Украінка.)
- Адгадайце армянскую загадку: «Цэлы табун коней на адным ланцугу». (Гронка вінаграду.)
Тур 2
Пытанні і заданні адборачнага тура
- Аб якой страве ідзе гаворка ў беларускай народнай казцы: «Цешча ўзяла кубачак і наліла ў яго крыху … . Узяў зяць той кубачак у правую руку і паехаў. Цяпер яму ўжо не было патрэбы бубніць сабе пад нос: … Вось, – думае зяць, – пакажу жонцы кубачак з гэтым куляшом, яна і здагадаецца, што трэба наварыць»? (Кісель.)
- Як называецца свяшчэнная кніга ў мусульман? (Каран.)
- Украінскі народны танец, а таксама музыка да яго. (Гапак.)
- Назавіце традыцыйны элемент нацыянальнага ўзбекскага мужчынскага касцюма, назва якога ў перакладзе з арабскай мовы азначае «ганаровая сукенка». (Чапан.)
- Мужчынскі футравы (з аўчыны або каракулю) галаўны ўбор, які распаўсюджаны ў народаў Каўказа, а таксама казакоў у Сярэдняй Азіі. (Папаха.)
- Колькі дзяржаўных моў было ў 1920–1930 гады ў БССР? Назавіце іх. (4 мовы: беларуская, руская, яўрэйская, польская.)
- Як называецца свяшчэнны хлеб у яўрэяў? (Маца.)
- У якім месяцы наступае абавязковы для мусульман пост? (Рамадан.)
- Кім па нацыянальнасці быў пісьменнік Змітрок Бядуля? (Яўрэй.)
- Якая расліна з’яўляецца ў хрысціянстве неад’емным атрыбутам свята Уваходу Гасподняга ў Іерусалім? (Вярба.)
Заданне для выбару дарожкі: падрыхтуйце вуснае выказванне на тэму «Мы дружбы народам жадаем і шчырай братэрскай любві».
Пытанні і заданні для зялёнай дарожкі
- Назавіце традыцыйную беларускую, польскую і літоўскую страву, вядомую з даўніх часоў, у якой каўбаса наразалася ў талерцы, перакладалася кавалкамі сала і палівалася вострай падлівай. Есці яе трэба было лыжкай. (Верашчака.)
- У якім горадзе Беларусі з 1997 года праводзіцца рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур? (Гродна.)
- Якому беларускаму, літоўскаму і польскаму літаратару, музыканту, кампазітару, мастаку, скульптару, які паходзіў з абяднелага татарскага роду, пры нараджэнні далі імя знакамітага французскага палкаводца? (Напалеон Орда.)
- Якое слова перакладаецца з татарскай мовы як «чорны камень»? (Аловак)
Пытанні і заданні для жоўтай дарожкі
- Які беларуска-польскі пісьменнік называў сябе ліцвінам? (Адам Міцкевіч.)
- Адгадайце татарскую загадку: «Доўгія, доўгія дэрвішы на наш двор прыйшлі, столькі танцавалі, што ў кашу ператварыліся». (Дождж.)
- Як называюцца кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом? (Кітабы.)
Пытанні для чырвонай дарожкі
- Як называецца нацыянальная польская страва з капусты? (Бігус.)
- Бронзавая скульптура якога ўкраінскага паэта з’яўляецца падарункам Мінску і сімвалам міжнацыянальнага сяброўства? (Тараса Шаўчэнкі.)
Тур 3
Пытанні і заданні адборачнага тура
- Адгадайце літоўскую загадку: «Ідзе па саломе – не шамаціць, ідзе па вадзе – не тоне, ідзе па агні – не гарыць». (Цень.)
- Як называецца страва ўсходняй кухні, аснову якой складае вараны рыс? (Плоў.)
- Назавіце пераноснае жыллё ў качэўнікаў, якое хутка збіраецца і разбіраецца, лёгка перавозіцца на вярблюдах і конях. (Юрта.)
- Доўгія шырокія штаны, сабраныя каля шчыкалатак, якія звычайна мужчыны засоўваюць у боты, частка нацыянальнага адзення ўкраінцаў і некаторых народаў Усходу. (Шаравары.)
- Як называецца рускі народны трохструнны шчыпковы музычны інструмент з трохвугольным злёгку выгнутым драўляным корпусам? (Балалайка.)
- Мяркуецца, што назва гэтай стравы прыйшла ў нашу мову з кітайскай і азначае «паравы хлеб». Гатуецца з дробна насечанага мяса, якое завернута ў тонка раскатанае цеста. (Манты.)
- Як называецца хуткі танец польскага паходжання? (Кракавяк.)
- Якая птушка з’яўляецца сімвалам Каўказа? (Арол.)
- Назавіце герояў беларускай народнай казкі «Лёгкі хлеб» (Мужык, воўк, баран.)
- Назавіце самае папулярнае ўкраінскае жаночае імя. (Аксана.)
Заданне для выбару дарожкі: падрыхтуйце вуснае выказванне на тэму «Рэлігіі ў Беларусі».
Пытанні і заданні для зялёнай дарожкі
- Растлумачце значэнне фразеалагізма «цыганскае сонца». (Месяц.)
- Адгадайце туркменскую загадку: «Знізу камень, зверху камень, чатыры нагі ды адна галава». (Чарапаха.)
- Данінай памяці якому народу, расстралянаму падчас карнай аперацыі нацыстаў, з’яўляецца мемарыял «Яма»? (Яўрэям.)
- Як называецца старадаўні рускі народны промысел, які ўяўляе сабой дэкаратыўны роспіс драўлянага посуду і мэблі, выкананы чырвонымі, зялёнымі і залацістымі фарбамі па чорным фоне? (Хахлама.)
Пытанні і заданні для жоўтай дарожкі
- Прадстаўнікі якога народа здаўна займаліся дыванаткацтвам? (Туркмены.)
- Як перакладаецца з украінскай мовы слова абетка, якое таксама мае значэнне «буквар»? (Алфавіт.)
- Якая беларуская мастачка сябравала з Казімірам Малевічам, Маркам Шагалам, была жонкай вядомага французскага жывапісца і скульптара Фернана Лежэ? (Надзея Хадасевіч-Лежэ.)
Пытанні і заданні для чырвонай дарожкі
- Страва грузінскай кухні, мучны выраб з начынкай з сыру і яйка. (Хачапуры.)
- Каго з палкаводцаў сувораўскай школы грузінскага паходжання, які ваяваў на тэрыторыі Беларусі падчас Айчыннай вайны 1812 года, Напалеон лічыў лепшым рускім генералам, а салдаты казалі пра яго: «Бог раці ён»? (Баграціён.)
Фінал
Заданне для выбару дарожкі: падрыхтуйце вуснае выказванне на тэму «У адзінстве сіла кожнага народа».
Пытанні і заданні для зялёнай дарожкі
- Каму з беларускіх пісьменнікаў беларускі скульптар яўрэйскага паходжання Заір Азгур прысвяціў скульптурную кампазіцыю, якая знаходзіцца ў Мінску? (Якубу Коласу.)
- Пра якое дрэва – сімвал Расіі – пяецца ў рускай народнай песне: «Во поле … стояла, Во поле кудрявая стояла. Люли, люли, стояла»? (Бяроза.)
- Як называюцца запазычаныя з польскай мовы словы? (Паланізмы.)
- Як перакладаецца на беларускую мову слова оборотень? (Ваўкалак.)
Пытанні і заданні для жоўтай дарожкі
- Назавіце беларускага музыканта рускага паходжання, кампазітара, заснавальніка і мастацкага кіраўніка беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». (Уладзімір Мулявін.)
- Якая беларуская прыказка адпавядае нямецкай: «Галасы асла і салаўя гучаць па-рознаму»? (Гусь свінні не таварыш.)
- Якое слова перакладаецца з арабскай мовы як «казна»? (Магазін.)
Пытанні і заданні для чырвонай дарожкі
- Назавіце імя вялікага князя літоўскага, пры якім былі ўзведзены мураваныя замкі ў Лідзе, Крэве, Віцебску. (Гедымін.)
- Адным з аўтараў якога мемарыяльнага комплексу, прысвечанага падзеям Вялікай Айчыннай вайны, быў архітэктар рускага паходжання Юрый Градаў? («Хатынь».)
III. Заключная частка
Падвядзенне вынікаў, узнагароджанне пераможцаў.
***
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 1996–2004.
- Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; пад. рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко. – 2-е выд. – Мінск: БелЭн, 1999. – 784 с.
Т. А. Марцэвіч,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі
Ёдкаўскай СШ Лідскага раёна
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
По материалам https://adu.by/,https://nastgaz.by/.