У Высокаўскай сярэдняй школе імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна дзейнічаюць міжшкольныя факультатывы па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве, якія адыгрываюць важную ролю ў грамадзянскапатрыятычным выхаванні моладзі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У сваёй рабоце настаўнікі-прадметнікі звяртаюцца да розных інтэрактыўных метадаў і прыёмаў. Адзін з іх — метад слоўнага ілюстравання. Дзеці не толькі праслухоўваюць урыўкі з жыцій святых, апісанні біблейскіх падзей і гісторыю праваслаўя, але і актыўна абмяркоўваюць іх.
Не абыходзяць увагай педагогі і метад па складанні ПАПВ-формулы (алгарытм вывучэння канкрэтнай праблемы). Настаўнік прапануе вырашыць праблему ці адказаць на пытанне, а вучні рыхтуюць паведамленні па формуле: П — пазіцыя (я лічу, што…), А — абгрунтаванне (таму што…), П — прыклад (я магу пацвердзіць гэта тым…), В — вынік (у сувязі з гэтым я раблю выснову…).
На факультатыўных занятках педагогі выкарыстоўваюць метад “Прававы кансультант”, які прадугледжвае работу з дакументамі, напрыклад, з Канстытуцыяй Беларусі ці артыкуламі пэўных кодэксаў. Школьнікі дзеляцца на 2 групы: кансультантаў па нейкай праблеме і жадаючых атрымаць кансультацыю. Абедзве групы рыхтуюцца, шукаюць пытанні і адказы.
Даволі часта настаўнікі звяртаюцца да дыялогу, падчас якога абмяркоўваецца пэўная тэма, а дзеці вучацца выказваць свае меркаванні. Так, школьнікам прапануецца пералічыць меры, якія, на іх думку, маглі б зменшыць колькасць правапарушэнняў сярод моладзі, а таксама даказаць іх эфектыўнасць.
— Метад “Духоўны эпіцэнтр” дазваляе разгледзець пэўную падзею ці аб’ект на розных гістарычных адрэзках, — расказвае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Наталля Ганчарэнка. — Напрыклад, у якасці такога аб’екта прапануецца Сафійскі храм у Полацку. Каштоўнасць метаду ў тым, што ён дапамагае ўбачыць вучням гісторыю цэлай краіны і частку сусветнай гісторыі ў адной кропцы, якая стала перасячэннем вялікіх падзей.
Даволі эфектыўны і метад праектнай дзейнасці. Удзельнікі міжшкольнага факультатыву па грамадазнаўстве падрыхтавалі праекты “Выбары: за і супраць”, “Мая перадвыбарчая кампанія”, “Гістарычная дасведчанасць моладзі: што гэта і навошта?” і інш.
— Дзеці вельмі любяць працаваць з рубрыкай “Думкі мудрых”, — працягвае Наталля Ганчарэнка. — Так, вучням прапануецца растлумачыць словы М.А.Някрасава: “Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан”.
У якасці фізкульмінутак выкарыстоўваецца работа са стыкерамі. Вучням раздаюць 4 віды стыкераў рознага колеру: на ружовых трэба напісаць палітычныя правы, на жоўтых — эканамічныя, на зялёных — культурныя, на блакітных — сацыяльныя. Дошка дзеліцца на 4 часткі. На кожнай з іх трэба размясціць правы толькі аднаго колеру.
— Сярод інтэрактыўных метадаў заслугоўвае ўвагі “SWOT-аналіз”, які прадугледжвае аналіз пэўнай гістарычнай падзеі з вызначэннем яе моцных і слабых бакоў, магчымасцей і пагроз, — гаворыць педагог. — Актыўна прымяняюцца метады і прыёмы, накіраваныя на вывучэнне гістарычных асоб, якія садзейнічалі росквіту краіны. Сярод іх — “RAFT-метад”: R — вызначэнне ролі дзеяча, A — вызначэнне аўдыторыі, для якой яго дзейнасць мела значэнне, F — формы яго работы, T — вызначэнне тэм, актуальных для нас у дзейнасці гістарычнай асобы. Іншы варыянт работы з вядомым дзеячам — скласці з ім інтэрв’ю. Адна група вучняў складае пытанні, другая — адказвае на іх.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
По материалам https://nastgaz.by/.