Верасень — час выпускнікам задумацца аб падрыхтоўцы да здачы ЦЭ і ЦТ. Хтосьці хоча падцягнуць веды па адным прадмеце, а нехта прыйшоў да высновы, што неабходна рыхтавацца па ўсіх трох. Многія шукаюць курсы, дзе гарманічна спалучаюцца кошт і якасць. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася, што прапануюць розныя УВА краіны.

Як правіла, прапановы ўніверсітэтаў падобныя: доўгатэрміновыя, кароткатэрміновыя і экспрэс­курсы. Першыя пачынаюцца ў верасні — кастрычніку і разлічаны ў сярэднім на восем месяцаў падрыхтоўкі. Менавіта яны карыстаюцца найбольшым попытам у адзінаццацікласнікаў, бо ў такім фармаце матэрыял засвойваецца лепш за ўсё. Другія курсы падыходзяць тым, хто мае добрую базу і хоча абнавіць ці падшліфаваць веды. Тэрмін навучання вар’іруецца ад двух да чатырох месяцаў, і стартуюць яны ў другім паўгоддзі. Зрэшты, часта кароткатэрміновыя і экспрэс­курсы становяцца палачкай­выручалачкай для тых, хто ў пачатку года вырашыў абысціся без дадатковых заняткаў, аднак зразумеў, што ведаў недастаткова. Але ж, як паказвае практыка, за кароткі час нагнаць упушчанае даволі складана.

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Ма­шэрава падрыхтоўка да ЦЭ і ЦТ праходзіць у розных фарматах і займае ад 2 да 7,5 месяца. Заняткі праводзяць выкладчыкі кафедраў універсітэта. Найбольшай папулярнасцю ў абітурыентаў карыстаюцца прадметныя курсы, якія доўжацца 7,5 месяца. У групе займаецца да 12 чалавек. У асноўным гэта адзінаццацікласнікі, а таксама навучэнцы і выпускнікі каледжаў, якія плануюць атрымліваць вышэйшую адукацыю ў наступным годзе. Па кожнай дысцыпліне заняткі звычайна праходзяць раз на тыдзень з 18.00 да 21.00 (4 акадэмічныя гадзіны). Вучэбным планам прадугледжана 120 акадэмічных гадзін па кожным прадмеце.

Акрамя таго, займацца можна і ў малакамплектных групах, якія разлічаны на 6—8 чалавек. Таксама выкладчыкі УВА за шэсць месяцаў бяруцца падрыхтаваць абітурыентаў да ўступных іспытаў па тых прадметах, якія не ўвахо­дзяць у ЦТ. У іх ліку такія творчыя дысцыпліны, як малюнак і кампазіцыя, якія неабходна здаваць пры паступленні на мастацка-графічны факультэт. Па вучэбным плане — 100 вучэбных га­дзін па кожным прадмеце.

Для дзесяцікласнікаў, якія хочуць загадзя пачаць падрыхтоўку да ЦЭ і ЦТ, паглыбіць і сістэматызаваць свае веды па тых ці іншых прадметах, прапануюцца паўгадавыя курсы. Праграма складзена з улікам тых тэм, якія вывучаюцца ў 10 класе. На кожны з прадметаў адводзіцца 50 гадзін. Заняткі доўжацца з 16.10 да 17.30.

Запіс на доўгатэрміновыя прадметныя курсы (7,5 месяца) працягнецца да канца верасня, а вучоба пачнецца арыенціровачна з кастрычніка. Як адзначаюць ва ўніверсітэце, зараз выпускнікі актыўна запісваюцца на курсы па рускай і англійскай мовах, гісторыі Беларусі, біялогіі, грамадазнаўстве, беларускай мове, матэматыцы. Для тых, хто плануе вывучаць некалькі прадметаў, прадугледжана растэрміноўка ў аплаце.

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна набор абітурыентаў на курсы па падрыхтоўцы да здачы ЦЭ і ЦТ пачнецца з сярэдзіны верасня. Навучанне на вячэрніх падрыхтоўчых курсах, як і ў іншых УВА, разлічана да канца навучальнага года. Як расказалі ў аддзеле даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, заняткі па адным з прадметаў праходзяць раз на тыдзень вечарам і доўжацца 2 акадэмічныя гадзіны. Увесь курс навучання — 72 гадзіны.

Максімальная колькасць навучэнцаў у групе — 12 чалавек, мінімум — 6—7 чалавек. Калі менш за шэсць чалавек выка­жуць жаданне вывучаць той ці іншы прадмет, набор на яго, на жаль, не адбудзецца. Па вопыце мінулых гадоў найбольшай папулярнасцю карысталіся матэматыка, гісторыя Беларусі, біялогія.

Выкладчыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова гатовы дапамагчы выпускнікам адкарэкціраваць веды, папоўніць прабелы, добра падрыхтавацца да ЦЭ і ЦТ на васьмімесячных вячэрніх курсах. Зараз якраз камплектуюцца групы па ўсіх вучэбных прадметах. Стандартныя групы ўмяшчаюць не больш за 12 чалавек. Заняткі па адным прадмеце праходзяць раз на тыдзень з 16.40.

Як удакладнілі ў аддзеле рэалізацыі праграм даўніверсітэцкай адукацыі і прафарыентацыі МДУ імя А.А.Куляшова, у канцы навучальнага года для абітурыентаў прадугле­джаны кароткатэрміновыя двухтыднёвыя курсы па рускай або беларускай літаратуры, фізічнай культуры і творчасці (для тых, хто пас­тупае на спецыяльнасць “Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія”). Зрэшты, пад­рыхтавацца да выпрабавання яны наўрад ці дапамогуць, але на іх выпускнікі змогуць даведацца асаблівасці і нюансы правя­дзення экзаменаў па гэтых прадметах.

Факультэт даўніверсі­тэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы для асваення вучэбных прадметаў і паспяховай здачы ЦЭ, ЦТ прапануе школьнікам свое­асаблі­выя тарыфныя планы з га­ворачымі назвамі.

Так, план “Стандарт” прадугледжвае самае доўгатэрміновае навучанне. На працягу 124 акадэмічных гадзін з 25 верасня па май абітурыенты вывучаюць і сістэматызуюць вучэбны матэрыял, фарміруюць устойлівыя практычныя ўменні і навыкі прымянення тэарэтычных ведаў пры выкананні тэставых заданняў. Заняткі па кожным прадмеце праходзяць раз у тыдзень і доўжацца 4 акадэмічныя гадзіны.

План “Інтэнсіў” — пад­рыхтоўка з лютага па май. Агульны курс — 44 акадэмічныя гадзіны. За 10 заняткаў па 4 акадэмічныя гадзіны дзецям прапануюць асвоіць адукацыйную праграму, якая складзена з улікам аналізу тэматыкі тэставых заданняў апошніх гадоў, а таксама з улікам якасна-тэматычнага аналізу тыповых памылак абітурыентаў. Прыём заяў стартуе ў студзені наступнага года, а пачынаюцца заняткі 13 лютага.

План “Адаптыў” — пад­рыхтоўчыя курсы з 20 лістапада па май, якія разлічаны на 96 акадэмічных гадзін.

Для навучэнцаў 10-х класаў ёсць план Smart — вучэбныя курсы ў 68 акадэмічных гадзін з паглыбленым вывучэннем прадметаў. Заняткі стартуюць 18 верасня і праходзяць раз на тыдзень (2 акадэмічныя гадзіны) да мая.

Акрамя таго, ГрДУ імя Янкі Купалы прапануе індывідуальныя заняткі па прадметах, якія прадугле­джаны тарыфным планам “Рэпетытар”. З выкладчыкамі УВА, якія выкарыстоўва­юць аўтарскія методыкі пад­рыхтоўкі, індывідуальны падыход і тэмп заняткаў, маніторынг вынікаў, можна займацца сам-насам або ў групе з двух чалавек.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце традыцыйна карыстаюцца папулярнасцю доўгатэрміновыя вячэрнія падрыхтоўчыя курсы, якія слухачы наведваюць раз на тыдзень (3 акадэмічныя га­дзіны) на працягу сямі ці васьмі месяцаў. Заняткі праходзяць у групах да 8 або 12 чалавек адпаведна. Па некаторых вучэбных прадметах пры неабходнасці фарміруюцца групы колькасцю да 6 або 10 чалавек.

У рамках доўгатэрміновага вячэрняга навучання (32 тыдні) праводзяцца заняткі па дысцыпліне “Творчасць”, дзе вядзецца пад­рыхтоўка адначасова да творчага сачынення і творчага тэсціравання, якія неабходны для паступлення на спецыяль­насць “Журналістыка”. Падрыхтавацца па гэтай жа дысцыпліне можна і на курсах дыферэнцыраванага навучання за 28 тыдняў. За гэты тэрмін таксама можна прайсці падрыхтоўку і па некаторых іншых творчых спецыяльнасцях: “Графічны дызайн і мультымедыядызайн”, “Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя”, “Дызайн (касцюма і тэкстылю)”. Пад­рыхтоўка да малюнка і кампазіцыі вядзецца асобна.

У БДУ прадугледжана і завочнае навучанне на працягу сямі месяцаў з выкарыстаннем ІКТ. Заняткі доўжацца па 3 акадэмічныя гадзіны. Слухачы выконваюць 14 кантрольных работ. Вучэбныя прадметы: руская, беларуская, анг­лійская і нямецкая мовы, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства, геа­графія. Такім жа чынам магчыма навучанне да профільнага ўступнага выпрабавання па дысцыпліне “Творчасць” (спецыяль­насць “Журналістыка”).

У дзесяцікласнікаў, да­рэчы, ёсць магчымасць рыхтавацца загадзя. У групе колькасцю да 6 чалавек на працягу сямі месяцаў яны могуць паглыблена выву­чаць рускую мову, матэматыку, фізіку, хімію, біялогію, анг­лійскую мову.

Вучэбны працэс забяспеч­ваюць выкладчыкі вядучых кафедраў універсітэта, а таксама высокакваліфікаваныя выкладчыкі з вялікім вопытам работы ў сістэме даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.

Пералік дакументаў, неабходных для заключэння дагавора, адзіны для ўсіх УВА: 2 фота (3х4), пашпарт слухача і пашпарт аднаго з бацькоў, калі школьніку няма 18 гадоў.

У БДУ на платнай аснове арганізавана работа фізіка-матэматычнай школы “Квант БДУ”. На эканамічным факультэце праходзяць вучэбныя курсы школы прадпрымальніцтва, дзе юнакі і дзяўчаты набываюць веды і навыкі, патрэбныя пры стварэнні і рэалізацыі ўласнага праекта. На факультэце сацыякультурных камунікацый ёсць курсы “IT-сфера для навучэнцаў 9—11 класаў”, дзе аматараў IT вучаць ствараць дызайн-макеты і прататыпы вэб-старонак, займацца вёрсткай старонак па прадстаўленых макетах, распрацоўваць інтэрактыўныя элементы сайтаў, якія паляпшаюць успрыманне інфармацыі рэсурсу.

Марына КУНЯЎСКАЯ

По материалам https://nastgaz.by/.

«Народная асвета» рекомендует:

Готовимся к ЦТ по химии 

А. В. Ермак

В книге представлены разнообразные по форме виды заданий централизованного тестирования. В сборнике имеются задачи разного уровня сложности, которые можно использовать для подготовки как к ЦТ, так и к олимпиадам по химии. В том числе среди них есть оригинальные авторские задачи. Издание предназначено для учащихся, абитуриентов и преподавателей.

Готовимся к ЦТ по химии

19,09 руб.