Інтэнсіў будзе карысны ахвотным пачаць прадпрымальніцкую кар’еру, рэалізаваць уласны праект, набыць новыя веды, навыкі і кампетэнцыі ў галіне бізнесу. У прыватнасці, слухачы навучацца складаць інвестыцыйны пітч-дэк, атрымаюць падтрымку ад экспертаў і профільнай супольнасці, знойдуць аднадумцаў і змогуць стварыць уласную каманду. Праграма ўключае трохэтапны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і прасоўванне інавацыйных бізнес-ідэй і стартапаў.
Да ўдзелу запрашаюцца студэнты і выкладчыкі ўсіх беларускіх ВНУ. Для гэтага неабходна да 20 верасня ўключна коратка апісаць ідэю будучага стартапа і зарэгістравацца па спасылцы.
Праекты ўдзельнікаў падрабязна разгледзіць экспертная камісія на адборачных прэзентацыях, якія пройдуць з 21 па 30 верасня. Іх арганізуюць у фармаце троххвілінных публічных абарон. Ацэньваць работы будзе ў складзе рэзідэнтаў Стартап-цэнтра БДУ, дасведчаных прадпрымальнікаў, партнёраў і выпускнікоў праграмы. Па выніках першага тура назавуць найлепшых аўтараў, якія прадоўжаць навучанне на сямітыднёвым курсе «StartUpSkills».
Падчас другога этапу (з 2 кастрычніка па 22 лістапада) удзельнікі наведаюць лекцыі і трэнінгі экспертаў у галіне маркетынгу, фінансаў і PR, атрымаюць якасныя кансультацыі трэкераў і ментараў па развіццю бізнес-ідэй. Вынікам навучання стане падрыхтоўка стратэгіі па рэалізацыі стартапа, якую трэба будзе прэзентаваць і абараніць. Найлепшыя работы разгледзяць з 24 па 26 лістапада на заключным туры. Запланаваны конкурс стартап-праектаў «Space University» фіналістаў праграмы.
Арганізатарамі праграмы выступаюць Стартап-цэнтр БДУ і маладзёжная прадпрымальніцкая супольнасць «StartUpSpace».
Надзея НІКАЛАЕВА
По материалам https://zviazda.by/.