Пачатак навучальнага года — самая насычаная пара для кіраўнікоў агульнаадукацыйных устаноў. Каб запусціць паўнавартасны працэс навучання і выхавання, ім даводзіцца вельмі шмат працаваць з дакументамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Асноўным з іх з’яўляецца загад — унутраны лакальны дакумент, які рэгламентуе дзейнасць усіх работнікаў і вучняў, замацоўвае іх правы і абавязкі, выконвае інфармацыйную і кантралюючую функцыі.

Такіх загадаў за верасень дырэктар падпісвае вельмі шмат. Назавём толькі некаторыя з іх. На подпіс дырэктару адпраўляюцца загады аб фактычнай колькасці навучэнцаў, размеркаванні асноўнай нагрузкі паміж педагогамі, устанаўленні надбавак за класнае кіраўніцтва, размеркаванні арганізацыйна-выхаваўчых гадзін. Асобна падпісваецца загад па ахове працы і тэхніцы бяспекі.

Асаблівае пытанне — расклад вучэбных заняткаў, факультатываў, аб’яднанняў па інтарэсах і г.д. Пры складанні раскладу пад увагу бярэцца некалькі фактараў. Урокі павінны ісці адзін за адным, і неабходна, каб настаўнікі былі загружаны раўнамерна (пажадана, каб яны працавалі без фортак). Яшчэ трэба ўлічваць профілі, падзел класаў на групы. Пасля асноўны расклад неабходна гарманізаваць з раскладам факультатываў, аб’яднанняў па інтарэсах (для іх арганізацыі таксама патрабуецца загад). І гэта ў тым выпадку, калі навучальная ўстанова працуе ў адну змену. А калі ў дзве, то задача значна ўскладняецца.

Дарэчы, склад груп для правя­дзення факультатыўных заняткаў пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі таксама зацвярджаецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі або ўпаўнаважанай ім асобай. Ра­зам з тым неабходна выкон­ваць патрабаванні да рэжыму вучэбных заняткаў, у тым ліку санітарна-­эпідэміялагічныя патрабаванні.

Акрамя таго, на стале дырэктара ляжаць загады аб арганізацыі харчавання (асобна — бясплатнага), арганізацыі групы прадоўжанага дня (у тым ліку аб рэжыме ў групе прадоўжанага дня). Калі ў навучальнай установе ёсць інтэг­раваныя класы, спецыяльныя групы, то арганізацыя іх дзейнасці таксама рэгламентуецца загадамі дырэктара. Да таго ж ёсць на­домнае навучанне, забеспячэнне якога таксама патрабуе адпаведнага пакета дакументаў.

Намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды звярнуў увагу на асноўныя пункты ў плане дырэктара школы на кастрычнік.

Спланаваць і правесці асенні агляд будынкаў, збудаванняў і тэрыторый на прадмет тэхнічнага стану. Гэта прадугледжана нарматыўнымі дакументамі.

Пракантраляваць гатоўнасць да работы, тэхнічны стан усіх абагравальных сістэм.

Прыняць рашэнне аб штомесячным матэрыяльным стымуляванні работнікаў.

У кожную школу штогод прыходзяць першакласнікі, дакумен­ты якіх зноў-такі патрабуюць сістэмнага падыходу ў запаўненні і захоўванні. Існуюць кнігі руху навучэнцаў, якія даюць магчы­масць прасачыць, дзе вучылася дзіця. Іх вядзенне і захоўванне таксама пад пільнай увагай дырэктара. Не застаюцца без увагі і новенькія ў класах сярэдняга і старшага звяна. Згодна з інструктыўна-метадычным пісьмом Міністэрства адукацыі, сем’і вучняў 1-х, 5-х, 10-х класаў, сем’і вучняў, якія прыбылі ў клас, рэкамендуецца наведаць да 1 лістапада; сем’і, знаёмства з якімі адбылося раней, — да 1 студзеня.

У адпаведнасці з Інструктыўна-метадычным пісьмом “Аб рэалізацыі ва ўстановах агульнай ся­рэдняй адукацыі рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” на сайтах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі павінна быць створана і пастаянна актуалізавацца ўкладка “Бацькоўскі ўніверсітэт”, на якой будзе размяшчацца інфармацыя аб тэматыцы, форме арганізацыі, часе правядзення мера­прыемстваў праекта, памяткі, буклеты, флаеры па тэмах заняткаў, пытанні для абмеркавання, заданні, якія патрабуюць папярэдняй падрыхтоўкі, фотасправаздачы аб правядзенні мерапрыемстваў. Фармальны падыход тут не вітаецца.

Асобна трэба сказаць пра школьныя святы, тэматычныя ўрокі. На дапамогу кіраўнікам і педагогам прыходзіць каляндар дзяржаўных свят, памятных і святочных дат. Нядаўна прайшлі святочныя школьныя лінейкі, прымеркаваныя да 1 верасня. Цяпер усе рыхтуюцца да святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства. Наперадзе — Дзень настаўніка, які адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка.

У календары ёсць і іншыя памятныя даты, прафесійныя і святочныя дні, якія могуць выкарыстоўвацца для арганізацыі цікавых і пазнавальных вучэбна-выхаваўчых мерапрыемстваў:

Міжнародны дзень міру — 21 верасня;

Сусветны дзень турызму — 27 верасня;

Дзень настаўніка — першая нядзеля кастрычніка;

Міжнародны дзень пажылых людзей — 1 кастрычніка;

Міжнародны дзень музыкі — 1 кастрычніка;

Сусветны дзень абароны жывёл — 4 кастрычніка;

Сусветны дзень настаўнікаў — 5 кастрычніка;

Дзень маці — 14 кастрычніка.

 Юбілейныя даты:

25.09.2023 — 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага, беларускага паэта, празаіка і перакладчыка;

27.09.2023 — 120 гадоў з дня нараджэння Веры Харужай, удзельніцы грамадзянскай вайны, дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ

 

По материалам https://nastgaz.by/.