24 маладыя канкурсанты прымаюць удзел у розных выпрабаваннях у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» паглядзела, як праходзіць адно з іх — публічнае выступленне перад педагагічнай грамадскасцю.

«Лідар развіваецца сам і дае магчымасць развівацца сваёй камандзе»

«Мая формула поспеху» — з такой тэмай перад калегамі выступілі маладыя дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і загадчыкі дашкольных устаноў. Рэгламент — да 20 мінут.

У намінацыі «Малады дырэктар установы адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі» першым слова ўзяў Павел Ястрэмскі з СШ № 1 Полацка:

— Як жа знайсці той шлях, які дапаможа мне вывесці ўласную «формулу поспеху»? Пачынаючы працаваць на пасадзе дырэктара, вызначыў для сябе перспектыўную мэту: стварэнне ўмоў для фарміравання адукацыйнай прасторы, галоўнай каштоўнасцю якой з’яўляецца паспяховасць нашай установы адукацыі. Абавязковы складнік майго поспеху — падтрымка і паспяховасць калектыву 1-й школы Полацка.

Лідар развіваецца сам і дае магчымасць развівацца сваёй камандзе — камандзе аднадумцаў. Асаблівую актуальнасць набывае пошук новых падыходаў да ўключэння педагогаў і навучэнцаў у навукова-даследчую і сацыяльна-культурную дзейнасць, змест якой складае комплекс форм, сродкаў і метадаў навучання і выхавання. Распрацаваны праграмы развіцця ўстановы адукацыі і развіцця кадравага патэнцыялу.

Для навучэнцаў арганізаваны профільнае навучанне і дапрофільная падрыхтоўка (фізіка-матэматычны, філалагічны, гуманітарны напрамкі). Функцыянуюць класы прафесійнай накіраванасці (аграрны, педагагічны).

Ганаруся створаным калегамі, навучэнцамі адукацыйным медыяцэнтрам па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, на базе якога працуюць турысцка-краязнаўчыя клубы «Пошук», «Следапыт». Я і сам як навучэнец, студэнт, педагог, дырэктар многія гады з’яўляўся і з’яўляюся арганізатарам, удзельнікам патрыятычнага руху, прайшоў партызанскімі сцежкамі Полацкага раёна, дарогамі вызвалення Полаччыны, дарогамі спаленых вёсак, месцаў масавых ваенных злачынстваў. Прымаў актыўны ўдзел у вывучэнні архіўных дакументаў і апытаннях жывых сведак у рамках расследаванняў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па пытаннях генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сумесна з Полацкім дзяржаўным універсітэтам рэалізаваны праект віртуальнай рэальнасці «Гераічны ДОТ». Зараз ва ўстанове рэалізуюцца два рэспубліканскія інавацыйныя праекты: «Укараненне мадэлі фарміравання эмацыянальна-каштоўнасных адносін вучняў да гераічнага мінулага беларускага народа з дапамогай выкарыстання гістарычна-культурных рэсурсаў рэгіёна ў вучэбнай і пазакласнай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі» і «Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў».

З гордасцю магу сказаць аб выніковасці нашай работы: 37 дыпломаў па вучэбных дыстанцыйных алімпіядах і конкурсах, 18 — на навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню, 43 — у творчых конкурсах. Паглядзіце на арыгінальныя работы, якія ўпрыгожваюць нашу ўстанову: ізанітка, бяроста, скура, салома — вынікі дзейнасці нашых 13 аб’яднанняў дадатковай адукацыі.

Аналізуючы чатыры гады маёй кіраўніцкай дзейнасці, раблю выснову: формула поспеху пачала спрацоўваць! Калектыў 1-й школы Полацка стаў сапраўды маім пунктам росту, поспех спрыяе ўсім нашым пачынанням, ідэям, справам.

«Я педагог, і гэта выдатна». Якой можа быць эмблема, сімвал педагогаў нашай краіны?

Маладыя настаўнікі школ і гімназій і выхавальнікі дзіцячых садоў выступалі перад грамадскасцю па тэме «Я — педагог! І гэта…».  Заўважым, што ў намінацыі «Малады настаўнік» 5 з 7 фіналістаў былі мужчыны. 

Пакуль яны працавалі з аўдыторыяй, да свайго выхаду рыхтавалася настаўніца біялогіі гімназіі № 146 Мінска Кацярына Максунова:

 У настаўнікаў Беларусі няма сваёй эмблемы, значка. Я прапаную нам выбраць такі сімвал педагогаў нашай краіны. Каб кожны настаўнік мог надзець яго і з гонарам паказваць усім, што «я педагог, і гэта выдатна».

Які ж сэнс я хачу ўкласці ў эмблему настаўнікаў Беларусі? Яна павінна абавязкова адлюстроўваць унікальную нацыянальную ідэнтычнасць нашага народа. Вобраз на эмблеме варта ўзяць з жывой прыроды. Эмблема павінна быць яркая, як вогненнае сэрца настаўніка. Павінна ўвасабляць, што толькі моцны духам, напоўнены энергіяй і з чыстымі намерамі чалавек становіцца настаўнікам, правадніком да новых ведаў, вучыць разумець і знаходзіць духоўныя скарбы. Што ж зможа абяднаць усе гэтыя сэнсы ў адзінае цэлае? Дзіўную кветку шукалі ва ўсе стагоддзі. Існуе выраз: «Калі знойдзеш вогненную кветку, станеш шчаслівым». Думаю, вы здагадаліся, якую легендарную кветку я хачу прапанаваць зрабіць сімвалам педагогаў Беларусі. Гэта папараць-кветка.

Усе ўдзельнікі фестывалю падчас сваіх публічных прамоў імкнуліся наладзіць кантакт з аўдыторыяй, атрымаць зваротную сувязь, зрабіць сваё выступленне арыгінальным па форме і змесце.

Нагадаем, у межах фестывалю на працягу гэтага тыдня маладыя дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і загадчыкі дашкольных устаноў выступаюць з візітнымі карткамі «Я і мая каманда», майстар-класамі кіраўніцкай дзейнасці і публічнымі зваротамі перад грамадскасцю «Мая формула поспеху». У сваю чаргу маладыя настаўнікі школ і гімназій і выхавальнікі дзіцячых садоў выступаюць з самапрэзентацыяй «Пачатак педагагічнага шляху», адкрытымі ўрокамі (заняткамі) у незнаёмым класе (групе) па прапанаванай членамі журы тэме, публічнымі зваротамі перад грамадскасцю «Я  педагог! І гэта… ».

Ужо 28 верасня адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне ўдзельнікаў фестывалю.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара

По материалам https://nastgaz.by/.