Калі першакласнік піша як курыца лапай, гэта многімі бацькамі ўспрымаецца спакойна — ён яшчэ толькі вучыцца! Калі малы ў першы год вучобы няўпэўнена складае літары ў склады, бацькі не панікуюць. Аднак калі такая сітуацыя працягваецца і ў 2, і ў 3 класе, і нават у сярэдняй школе, тут ужо пачынаюцца праблемы. Спецыялісты ж спісваюць праблемы з напісаннем і блытаннем літар на дастаткова распаўсюджаныя сёння неўралагічныя станы. Адзін з самых распаўсюджаных — «дысграфія». Што хаваецца пад такім паняццем і як дапамагчы дзіцяці, расказала настаўнік-лагапед 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Вольга Сямашка.
Парушэнні пісьмовай мовы, нараўне з парушэннямі вуснай гаворкі, патрабуюць вялікай увагі, як у школе, так і дома. З пачаткам навучання ў школе ў некаторых дзяцей выяўляюцца праблемы з чытаннем і пісьмом. Дзіця піша непрыгожа, з памылкамі, можа блытаць літары, перастаўляць склады ў слове. У выніку ўзнікаюць спецыфічныя цяжкасці пісьма, якія сведчаць аб наяўнасці ў дзіцяці дысграфіі. Што ж гэта такое? Гэта ўстойлівыя парушэнні пісьма, не звязаныя з няведаннем граматычных правіл.
— Пры дысграфіі дзеці малодшага школьнага ўзросту з цяжкасцю авалодваюць пісьмом: выкананыя імі практыкаванні і дыктоўкі змяшчаюць мноства граматычных памылак. Яны не выкарыстоўваюць загалоўныя літары, знакі прыпынку, у іх «бруднае» пісьмо, — тлумачыць Вольга Сямашка.
Таму пажадана, каб яшчэ да пачатку школьнага навучання дзіця добра разбіралася ў гуках і літарах, з якіх складаюцца словы, валодала правільнай мовай, добра арыентавалася ў прасторы, кіравала сваімі паводзінамі.
Як адзначаюць урачы, верагоднасць развіцця дысграфіі часцей за ўсё закладваецца яшчэ ўнутрыўтробна, а таксама ў родах і першыя месяцы жыцця дзіцяці. Першаснымі прычынамі дысграфіі могуць быць ускладненае праходжанне цяжарнасці, радавыя траўмы, захворванне ў раннім дзяцінстве, асабліва ў першы год жыцця.
Маюцца і перадумовы дысграфіі, якія садзейнічаюць яе ўзнікненню. Напрыклад, няправільнае вымаўленне гукаў: атрымліваецца, піша так, як кажа («вышка» замест «лыжка» або «лакавіна» замест «ракавіна»).
— А бывае і так, што фізічны слых добры і ўсе гукі ў поўным парадку, але чуе дзіця іх па-свойму. Напрыклад, дрэнна адрознівае гукі блізкія па гучанні: і вось ужо «кара» ператварылася ў «пару». Бывае, што дзіцяці складана вылучыць асобны гук, вызначыць яго месца ў слове або парадак складоў: і ў выніку «аранвыжа», а трэба «аранжавы», — прыводзіць прыклады лагапед.
Гаварыце выразна
Цікава, што з пункту гледжання сацыяльных фактараў на развіццё гаворкі і пісьма малога ўплываюць невыразная гаворка навакольных. Калі ўдакладніць, бабулі і дзядулі, магчыма, таксама рабілі «дурныя» памылкі. І яны маглі перадаць не само парушэнне, а яго перадумовы.
— Важна зразумець, што для авалодання чытаннем і пісьмом важная ступень сфарміраванасці ўсіх бакоў маўлення. Таму парушэнне або затрымка ў развіцці фанематычнага ўспрымання (умення адрозніваць на слых гукі маўлення), лексіка-граматычных бакоў (актыўны і пасіўны слоўнікавы запас), гукавымаўлення на розных этапах з’яўляюцца асноўнымі прычынамі дысграфіі, — расказвае Вольга Сямашка.
Дапаможа справіцца з праблемай такі спецыяліст, як лагапед. Таксама дадаткова трэба прайсці абследаванне ў псіхолага. Гэта дазволіць дастаткова эфектыўна і хутка скарэкціраваць вынік і выправіць становішча. Методыкі, якія дазваляюць выправіць сітуацыю, сёння ёсць, і працуюць яны дастаткова паспяхова. Прычым чым раней будзе пачата лячэнне, тым хутчэй з’явіцца вынік.
Папярэдзіць праблему
Аднак можна і папярэдзіць парушэнне працэсу пісьма. Трэба не прапусціць абследаванне ў лагапеда ў паліклініцы ці дзіцячым садку, на якім спецыялісты ўбачаць перадумовы магчымых парушэнняў пісьмовай і вуснай мовы.
Каб такіх праблем не ўзнікла, існуе ранняя прафілактыка:
- Развіццё фанематычнага слыху. Фанематычны слых — адзін са складнікаў гатоўнасці малога да навучання чытанню і пісьму. Дзіця павінна ўмець адрозніваць звонкія і глухія, мяккія і цвёрдыя гукі. Гэтак жа ўмець дзяліць словы на склады, распазнаваць словы, якія адрозніваюцца адным гукам, вызначаць месца зададзенага гуку ў слове.
- Развіццё арыенціроўкі ў прасторы. Неабходна садзейнічаць развіццю арыенціроўкі дзіцяці ва ўласным целе, паколькі менавіта ў залежнасці ад выдзялення левай і правай рукі ў далейшым у яго фарміруецца ўяўленне аб левым і правым баках прасторы. Дзе б вы ні знаходзіліся (у пакоі, на вуліцы, у краме), прапануйце дзіцяці вызначыць становішча прадметаў адносна яго самога: што знаходзіцца справа, злева ад яго, наперадзе, ззаду.
- Абагачэнне слоўнікавага запасу. Тут таксама неабходны спецыяльны і пастаянны клопат дарослых людзей, якія акружаюць дзіця. Для паўнавартаснага фарміравання граматычнага ладу маўлення вельмі важна спецыяльна практыкаваць яго ў правільным ужыванні асобных граматычных формаў і ў правільнай пабудове фраз.
Зразумела, факт захавання ўсіх гэтых правіл не зможа імгненна выкараніць усе маўленчыя праблемы дзіцяці, але істотна аблегчыць яму жыццё, дапаможа пры навучанні і створыць усе перадумовы да ліквідацыі дэфекту.
Алена КРАВЕЦ
По материалам https://zviazda.by/.