Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Як расказаць дзецям пра музейныя артэфакты, зрабіць цікавым этнаграфічны матэрыял і ўключыць бацькоў у дзіцячыя патрыятычныя акцыі? Пошукам адказаў на гэтыя пытанні паспяхова займаюцца ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Веткі, што на Гомельшчыне. Некаторыя праекты педагогаў атрымалі высокую ацэнку на міжнародных конкурсах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Музейшчыкі-паплечнікі

— Мэтанакіравана займацца тэмай патрыятызму мы пачалі з 2015 года, — расказ­вае кіраўнік установы адукацыі Алена Пятроўна Судзіліна. — Мы далучыліся да ўдзелу ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту” пад кіраўніцтвам Людмілы Варанецкай, дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. — У нас даўно існуюць беларускія куткі ў групах. Традыцыйныя святы мы вывучалі праз прызму развіцця маўлення. Калі ўвайшлі ў інавацыйны праект, пачалі рабіць акцэнт на рэгіянальным кампаненце і мясцовым каларыце.

Педагогі наладзілі цеснае супрацоўніцт­ва са знакамітым Веткаўскім музеем стараверства і беларускіх традыцый. Навуковы супрацоўнік Ларыса Раманава стала для дзяцей правадыром у свет культурнага мінулага нашых продкаў.

— Нам прыйшлося перагледзець падыходы да правядзення экскурсій у музеі, сустрэч з музейнымі супрацоўнікамі, — дапаўняе калегу намеснік загадчыка Алена Васільеўна Пічуха. — Мы вылучылі асноўныя тэмы, якія ёсць у вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі. Традыцыйныя музейныя лекцыі сумесна перапрацавалі, вызначылі той аб’ём, які можа засвоіць дзіця. І цяпер гэта ўжо не лекцыя, а гістарычны экскурс, напрыклад, прысвечаны традыцыям Веткаўшчыны. Дзеці веда­юць, што нашы продкі выкарыстоўвалі той ці іншы від ручніка на пэўнае рэлігійнае свята. Усе прадметы, якія прыносіць супрацоўнік музея, — гэта музейныя экспанаты з запаснікаў установы. У другой частцы заняткаў далучаецца выхавальнік, які замацоўвае атрыманыя дзецьмі веды. Многае прапрацоўваем з дзецьмі ў гульнявой форме.

Археолагі і ганчары

Распрацоўка заняткаў “Птушкі — нашы сябры”, прысвечаная гуканню вясны, заняла 2-е месца на міжнародным конкурсе ў Маскве “Мастацтва выхавання”. 

— У той час, калі ў Беларусь прылятаюць птушкі, дзеці робяць птушак з тканіны, — працягвае Алена Васільеўна, — пякуць іх фігуркі з цеста. У дадатак да таго, што мы ведалі, музейшчыкі прапанавалі выкарыстоўваць мясцовы этнаграфічны матэрыял. Мы падабралі музыку, зрабілі інсцэніроўку, і дзеці ператвараліся ў розных птушак.

У будынку, дзе знаходзяцца запаснікі Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый, працуе інтэрактыўная выстава “Спазнай гісторыю рукамі”. Там выхаванцы сваімі рукамі ствараюць розныя рэчы. Напрыклад, працуючы па напрамку “Пра што звініць і шэпча гліна”, дзеці разглядаюць кераміку, знойдзеную на веткаўскай зямлі, даведваюцца, якую назву яна мае. Малыя спрабуюць расцерці гліну і штосьці зрабіць з яе. Тут жа на посуд наносяць узоры з дапамогай натуральных матэрыялаў: костачкі, арэха, каласка, галінкі…

— Дзеці хутка пачынаюць адчуваць розніцу паміж глінай і пяском. Да таго ж у іх развіваецца дробная маторыка, а значыць, і інтэлект, — падкрэслівае Алена Пятроўна. — Вельмі любяць нашы выхаванцы дэманстрацыйны стол у музеі, дзе закапаны “скарб”. Там, у пяску, яны шукаюць гліняныя чарапкі. Усё адбываецца так, быццам яны знаходзяцца на беразе ракі Сож і з’яўляюцца  археолагамі. Дзеці пэндзлікамі і маленькімі лапаткамі акуратна разграбаюць пясок, абавязкова штосьці знаходзяць у ім і вельмі радуюцца гэтаму.

Вывучаюць славутасці

У маленькім населеным пункце з багатым гістарычным мінулым усе выхаванцы цэнтра ведаюць супрацоўнікаў музея асабіста. Сустракаючыся на вуліцы, вітаюцца з імі і задаюць пытанні. Дарэчы, музейшчыкі карыстаюцца рэкамендацыямі педагогаў пры правядзенні экскурсій для дзяцей: улічваюць аб’ём інфармацыі, якую можа засвоіць дашкольнік за адно наведванне. Алена Судзіліна адзначае:

— Дзецям 5—6 гадоў дастаткова 15—20 мінут. Менавіта таму мы засвойваем усё паступова. Сёння, напрыклад, ідзём у мастацкую майстэрню. Заўтра — у пакой самавараў. Потым будзем вывучаць ткацкія станкі і г.д. 

Цеснае супрацоўніцтва з музеем выхоўвае патрыятызм, упэўнены ў дашкольнай установе. Да таго ж педагогі займаюцца вывучэннем гісторыі назваў вуліц Веткі, унікальнай архітэктуры райцэнтра. Імі створаны тэматычныя фотаальбомы, гульні, дапаможнікі, распрацаваны маршруты выхаднога дня.

— Паколькі асноўны від дзейнасці для дзяцей — гульня, мы распрацавалі адпаведную гульню ў турагенцтва, — расказвае Алена Пічуха, дэманструючы шматлікія дапаможнікі. — Дзеці расказваюць пра наш райцэнтр, рэкламуюць яго славутасці, запрашаюць наведаць наш горад, які ўключаны ў маршрут “Залатое кальцо Гомельшчыны”.

Драўляная архітэктура Веткі — прадмет даследавання навукоўцаў. Аднак педагогі цэнтра лічаць, што нехта з
выхаванцаў у будучыні таксама можа выб­раць шлях даследчыка даўніны. Таму яны матывуюць бацькоў на самастойныя экскурсіі разам з дзецьмі па вуліцах населенага пункта. Вынікам стала калекцыя фотаздымкаў дамоў з драўлянымі карункамі на вокнах.

— Высветлілася, што ў нас ёсць дамы з вельмі прыгожымі разьбянымі аканіцамі — ліштвай. Па ўзорах унікальнай веткаўскай ліштвы нашы дзеці робяць выцінанкі з паперы, якімі мы ўпрыгожваем сваю ўстанову, — расказвае Алена Ва­сільеўна і паказ­вае, як гэта прыгожа выг­лядае.

Цесная сувязь са школай

Тэма Вялікай Айчыннай вайны — асаблівая для выхаванцаў дзіцячага сада. У яе раскрыцці дапамагаюць калегі з музея бая­вой і працоўнай славы веткаўскай школы № 1 імя Андрэя Грамыкі, дзе створана экспазіцыя пра тое, як жыхары Веткі жылі і змагаліся супраць ворагаў у гады ваеннага ліхалецця.

— Дзеці сталі інакш ставіцца да памятных месцаў, — дапаўняе Алена Пятроўна. — Побач з нашым цэнтрам стаіць гармата — помнік вызваліцелям горада. Выхаванцы паважліва ставяцца да гэтага месца. У дні памяці прыходзяць ускласці кветкі і нават тлумачаць зусім малым дзеткам, як трэба паводзіць сябе ля памятнага знака.

Выпускнікі цэнтра, якія разам з педагогамі былі ўдзельнікамі інавацыйнага прае­кта “Укараненне мадэлі патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту”, сёння ўжо вучацца ў школе. Іх выхавальнікі ганарацца тым, што дзеці актыўна развіваюць традыцыі і навыкі, якія атрымалі яшчэ ў дашкольнай установе адукацыі.

— Мы пільна сочым за нашымі дзеткамі, якія актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх святах. З гордасцю адзначаем: гэта нашы выпускнікі. Многія займаюцца творчасцю ў мясцовым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, — гаворыць Алена Васільеўна.

Слова ў скарбонку

Веткаўскія педагогі зрабілі выснову: патрыятычнае выхаванне і адукацыя дзяцей без удзелу бацькоў — гэта марнаванне часу. Ва ўстанове даўно зразумелі важ­насць цеснага ўзаемадзеяння з сям’ёй.

— Сёння нашы бацькі — памочнікі ва ўсім, — з гордасцю адзначае кіраўнік да­школьнай установы, — ад сумеснага чытання і абмеркавання дзіцячых кніг да экскурсій. Менавіта мамы і таты стварылі інсцэніроўку казкі “Воўк-калядоўшчык”. Падчас падрыхтоўкі яны згуртаваліся, шукалі касцюмы, рэпеціравалі і потым запрасілі на паказ увесь калектыў цэнтра.

Абсалютная большасць бацькоў з радасцю падтрымлівае прапановы педагогаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Веткі. Яны дапамагаюць дзецям вывучаць беларускую мову і разам “прыносяць” у чацвер, беларускамоўны дзень, новае беларускае слова ў “скарбонку” слоў.

— Мы заўважылі, што нашы выхаванцы ўжо добра ведаюць мясцовыя традыцыі і абрады, — падсумоўвае загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Веткі Алена Судзіліна. — Зрэшты, мы гаворым з дзеткамі і пра ўсе важныя падзеі, якія адбываюцца ў нашай краіне, пра знакамітых людзей, якія ствараюць яе славу. А дзеці, дарэчы, нясуць гэтыя веды дадому, баць­кам. Многія святы ў нас пачынаюцца з Дзяржаўнага гімна. Дзеці ведаюць словы гімна і спяваюць. Так, праз дзяцей, мы імкнёмся ўплываць і на бацькоў.

Самае галоўнае не заўсёды самае прыметнае, — упэўнены ў дашкольнай установе. Між тым стала відавочна, што паступова ў мясцовых жыхароў праяўляецца цікавасць да сваіх каранёў, да сваіх продкаў.

— Дзеці, пабываўшы ў музеі, потым пытаюцца ў сваёй у бабулі, ці ёсць у яе ручнікі, як у музеі. І ганарацца тым, што ў сям’і таксама захоўваюцца старажытныя рэліквіі. Так пакрыху пачынае аднаўляцца сувязь пакаленняў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў

М. А. Маляўка

У кніжцы расказваецца, як жылі нашы продкі, чым яны займаліся, якімі рэчамі гаспадарчага і хатняга ўжытку карысталіся, якую спадчыну пакінулі нам, сваім нашчадкам. Абразкі з жыцця старой вёскі перасыпаны паэтычнымі радкамі, сур’ёзнымі і вясёлымі гісторыямі, народнымі прыкметамі і парадамі, прыказкамі і прымаўкамі, загадкамі. Аўтар падрыхтаваў для чытачоў заданні: трэба адказаць на пытанні, так ці іначай звязаныя з вясковай сядзібаю, лёсам яе гаспадароў, іх буднямі і святамі.

2-е выданне, перапрацаванае

Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў

25 руб.

 

Да родных вытокаў. У дапамогу краязнаўцу 

С. Б. Холеў

У кнізе раскрываюцца асноўныя напрамкі і віды краязнаўства і змяшчаюцца матэрыялы аб спосабах арганізацыі краязнаўчай работы з навучэнцамі ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу. Падрабязна апісваецца методыка правядзення разнастайных краязнаўчых даследаванняў, накіраваных на ўсебаковае вывучэнне мясцовасці, даюцца рэкамендацыі па практычным прымяненні вынікаў праведзенай краязнаўчай работы. Адрасуецца выкладчыкам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, студэнтам педагагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў, краязнаўцам-аматарам.

Да родных вытокаў. У дапамогу краязнаўцу

Книгу можно приобрести  в магазинах ОАО «Белкнига», РУП «Академкнига», книжном магазине «Адукацыя», на сайте OZ.by, а также найти в библиотеках страны.