Музейны куток “Наша гісторыя праз кнігі і газеты, часопісы і паштоўкі” створаны ў Більдзюжскай сярэдняй школе Шаркаўшчынскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З далёкіх часоў вялікай каштоўнасцю для лю­дзей з’яўлялася кніга. Яна заўсёды несла новыя веды і інфармацыю. І дзеці павінны ведаць гісторыю кніг, газет, часопісаў і іншых выданняў. Данесці неабходную інфармацыю да вучняў вельмі зручна праз стварэнне тэматычнага музейнага кутка ў школе.

Музейны куток “Наша гісторыя праз кнігі і газеты, часопісы і паштоўкі” быў створаны ў Більдзюжскай сярэдняй школе Шаркаў­шчынскага раёна ў 2016 годзе з мэтай узбагачэння выхаваўча-адукацыйнай прасторы новымі формамі работы з вучнямі, развіцця ў іх цікавасці да гісторыі кнігі і іншых выданняў, выхавання беражлівага стаўлення да кнігі. Ідэя яго стварэння належала былому дырэктару школы Але Уладзіміраўне Якімчык. Гэтую задуму актыўна падтрымалі настаўнікі, вучні і іх бацькі. Агульнымі намаганнямі было сабрана каля 200 экспанатаў, 40 з якіх сёння знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі.

Увазе наведвальнікаў музейнага кутка прадстаўлена рэлігійная літаратура на польскай і стараславянскай мовах канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя, школьныя падручнікі савецкага перыяду, газеты і часопісы першай паловы ХХ стагоддзя, а таксама асабістыя дакументы савецкіх грамадзян 50—70-х гадоў ХХ стагоддзя. Інфармацыйныя стэнды расказваюць аб музеях кнігі Беларусі. Такім чынам вучні знаёмяцца з гісторыяй пісьменнасці і кнігадрукавання на беларускіх землях, з асветніцкай і выдавецкай дзей­насцю Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і Францыска Скарыны.

Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікае працоўнае месца вучня 30-х гадоў, абсталяванае адпаведнай мэбляй, пісьмовымі прыладамі і сшыткамі на польскай мове.

Акрамя пастаянна дзеючай экспазіцыі, у музей­ным кутку праходзяць тэматычныя выставы, прысвечаныя дзяржаўным святам, памятным і юбілейным датам. Традыцыйнымі сталі выставы да Дня правоў чалавека, Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дня Канстытуцыі, Дня касманаўтыкі, Дня Перамогі. Зараз у кутку працуе кніжная выстава, прысвечаная 520-годдзю гарадскога пасёлка Шаркаўшчына. Вялікую цікавасць у школьнікаў і дарослых выклікала выстава “Сделано в СССР”, прысвечаная 100-годдзю ўтварэння СССР. Тут былі прадстаўлены бытавыя прыборы, электратэхніка, гадзіннікі і іншыя прадметы савецкага перыяду.

Экспазіцыя музейнага кутка і тэматычныя выставы шырока выкарыстоўваюцца пры правядзенні пазакласных і выхаваўчых мерапрыемстваў. Работа па папаўненні і абнаўленні экспазіцыі музейнага кутка будзе прадоўжана і далей.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

Да родных вытокаў. У дапамогу краязнаўцу 

С. Б. Холеў

У кнізе раскрываюцца асноўныя напрамкі і віды краязнаўства і змяшчаюцца матэрыялы аб спосабах арганізацыі краязнаўчай работы з навучэнцамі ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу. Падрабязна апісваецца методыка правядзення разнастайных краязнаўчых даследаванняў, накіраваных на ўсебаковае вывучэнне мясцовасці, даюцца рэкамендацыі па практычным прымяненні вынікаў праведзенай краязнаўчай работы. Адрасуецца выкладчыкам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, студэнтам педагагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў, краязнаўцам-аматарам.

Да родных вытокаў. У дапамогу краязнаўцу

Книгу можно приобрести  в магазинах ОАО «Белкнига», РУП «Академкнига», книжном магазине «Адукацыя», на сайте OZ.by, а также найти в библиотеках страны.