У гэтым навучальным годзе ў школах Беларусі стартуе рэалізацыя ініцыятывы па кліматычнай адукацыі і барацьбе са змяненнем клімату “Кліматычная шкатулка”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Галоўным рэалізатарам ініцыятывы ў краіне будзе Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Яго дырэктар Алена Ануфровіч тлумачыць важнасць праекта так: “Актуальным кірункам экалагічнай адукацыі вучняў з’яўляецца вывучэнне праблемы змянення клімату. Важна, каб экалагічныя веды і звычкі аб скарачэнні нагрузкі на клімат выхоўваліся з малых гадоў і кожны чалавек разумеў, што трэба беражліва ставіцца да прыроды і яе рэсурсаў. Якраз на гэта і накіравана новая ініцыятыва”.
“Кліматычная шкатулка” прапануе педагогам новыя метады выкладання тэмы “Змяненне клімату” ў школе, трэнінгі і рэкамендацыі, як можна падаць гэтую актуальную тэму на ўроках і праз пазакласныя мерапрыемствы. Для навучэнцаў 1—11 класаў гэта новыя магчымасці для асэнсавання праблемы, пошуку магчымых шляхоў для яе вырашэння і прыняцця канкрэтных дзеянняў у абарону клімату і планеты.
“Кліматычная шкатулка” стала ўжо міжнародным адукацыйным праектам і ахоплівае краіны Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі. У планах — удзел новых краін і выданне “Кліматычнай шкатулкі” на ўсіх асноўных мовах ААН.
“Асноўная задача “Кліматычнай шкатулкі” — прадставіць школьнікам у цікавай, займальна-гульнявой форме важную інфармацыю па пытаннях, звязаных з глабальнымі змяненнямі клімату, а настаўнікам даць рэкамендацыі па выкарыстанні гэтай тэмы ў рамках школьнай праграмы. Гэта свайго роду ілюстраваная энцыклапедыя пра клімат, дзе ў займальнай форме апісаны важныя і часам складаныя пытанні. Чытачы змогуць даведацца, як мяняўся клімат Зямлі на працягу гісторыі і як выяўляюцца сучасныя змяненні клімату, як гэтыя змяненні ўплываюць на прыроду і чалавека і ці можна адаптавацца да непазбежных наступстваў, як можна прадухіліць небяспечныя наступствы глабальнага пацяплення і што ўжо робіцца ў розных рэгіёнах свету. Асобны раздзел дапаможніка прысвечаны таму, як можна скараціць свой вугляродны след”, — адзначае Алена Ануфровіч.
Над стварэннем “Кліматычнай шкатулкі” працавала вялікая каманда аўтараў. Сярод іх эксперты з самых розных сфер: кліматолагі, географы, біёлагі, эканамісты, а таксама прафесійныя дзіцячыя пісьменнікі. Вялікі ўклад у праект унеслі вопытныя педагогі, якія дапамаглі распрацаваць рэкамендацыі для настаўніка па выкарыстанні камплекта на ўроках у школе.
Святлана НІКІФАРАВА
По материалам https://nastgaz.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
Вочы Зямлі. Вандроўкі па роднай Беларусі
І. У. Ягоўдзік
Кніга Уладзіміра Ягоўдзіка «Вочы Зямлі. Вандроўкі па роднай Беларусі» прысвячаецца багаццям беларускай прыроды. Навукова-папулярныя звесткі пра беларускія лясы, азёры, рэкі і крыніцы аўтар па-майстэрску спалучае з народнымі паданнямі і легендамі. Выданне стане верным сябрам таму, хто хоча пашырыць і ўзбагаціць свае веды па геаграфіі, біялогіі і гісторыі роднага краю.
Адрасуецца аматарам роднай прыроды сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.
17.50 руб.