Як сфарміраваць у навучэнцаў нацыянальную самасвядомасць, развіць іх грамадзянска-патрыятычныя якасці? Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Вераніка Нікалаенка ўпэўнена, што дасягнуць гэтага можна, толькі дастукаўшыся да пачуццяў і эмоцый дзяцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У 3-м абласным ліцэі Вераніка Васільеўна працуе звыш чвэрці стагоддзя і ўвесь гэты час далучае вучняў да даследчых праектаў. Большасць ініцыятыў маюць краязнаўчы характар.
— Я даўно на практыцы пераканалася, што патрыятызм нараджаецца праз пачуцці, эмоцыі і ўражанні. А грамадзянамі навучэнцы становяцца праз рэальныя справы на карысць Радзімы, таму і рэалізую пошукавыя праекты. Ідэі падказвае рэчаіснасць, выступаюць натхняльнікамі і самі вучні, — паведаміла Вераніка Нікалаенка.
Адной з першых яе ініцыятыў у супрацоўніцтве з калегамі стаў праект “З любоўю да Радзімы”, накіраваны на распрацоўку турыстычна-краязнаўчых маршрутаў па Беларусі. Разам з навучэнцамі Вераніка Васільеўна рэгулярна адпраўляецца ў займальныя падарожжы па роднай краіне, наведвае як папулярныя славутасці, так і малавядомыя пакуль аб’екты.
— Адпраўляючыся ў паездкі, мы старанна вывучаем рэгіён і імкнёмся наведаць незвычайныя месцы. Як правіла, гэта аб’екты, якія маюць дачыненне да важных падзей у беларускай гісторыі і звязаны з культурай і звычаямі народа. Заўсёды ўключаны ў маршрут помнікі, мемарыялы і воінскія пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтаму гістарычнаму перыяду ў цэлым надаю вельмі вялікае значэнне, бо гэта гады неверагоднай мужнасці, гераічнасці, самаадданасці нашых продкаў дзеля сённяшняга міру і дабрабыту. Сучасныя дзеці павінны гэта ведаць і помніць. І лепш за ўсё далучаць да гэтага праз наглядныя прыклады. Калі вучні пагутараць з відавочцамі, убачаць месца, дзе адбываліся падзеі з падручніка, забыць тыя ці іншыя факты яны ўжо не змогуць ніколі. Гэта як своеасаблівая вакцына ад бяспамяцтва, — адзначыла Вераніка Нікалаенка.
У рамках ініцыятывы “З любоўю да Радзімы” Вераніка Васільеўна сумесна з навучэнцамі распрацавала каля 20 аўтарскіх турыстычных маршрутаў па ўсіх абласцях краіны. Ліцэісты мяняюцца, а праект працягвае жыць. Такім жа працяглым стаў праект “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе маёй сям’і”.
— Усё пачалося з таго, што я папрасіла навучэнцаў скласці сямейныя радаводы і адзначыць сваякоў, якія перажылі гады ваеннага ліхалецця. Пасля мы зрабілі ўрок-рэквіем, і праект ахапіў іншыя класы, педагогаў, адміністрацыю. Кожны хацеў расказаць, як Вялікая Айчынная вайна паўплывала на лёсы іх сем’яў. Урокі-рэквіемы сталі ў нашай установе традыцыйнымі. Напярэдадні Дня Перамогі такія заняткі аб’ядноўваюць увесь ліцэй і праходзяць вельмі шчыра. Часта падчас аповеду аб сваіх родных, якія ваявалі на франтах або працавалі ў тыле, у навучэнцаў дрыжыць голас. У вучэбным кабінеце тады стаіць звонкая цішыня. Менавіта ў такія імгненні ў дзецях фарміруецца патрыятызм, бо праз асабістую датычнасць яны пачынаюць ганарыцца і шанаваць Радзіму, — лічыць Вераніка Нікалаенка.
Па меркаванні педагога, патрыятызм зараджаецца і праз карысныя грамадска значныя справы. Па гэтай прычыне многія праекты маюць практычную накіраванасць. Напрыклад, задачы ініцыятывы “Не прайсці міма” — класіфікацыя і добраўпарадкаванне малавядомых пахаванняў салдат Вялікай Айчыннай вайны.
— Адна з вучаніц знайшла на тэрыторыі дачнага ўчастка сваякоў закінутую салдацкую магілу. Так вучні сутыкнуліся з тым, што ёсць помнікі вайны, якія ўсе ведаюць, а ёсць забытыя. Сумесна вырашылі не праходзіць міма. Дзеці актыўна шукаюць, фатаграфуюць і дасылаюць геалакацыі такіх пахаванняў. Па гэтай інфармацыі і дзякуючы дапамозе калег была створана спецыяльная інтэрактыўная карта, дзе захаваны адрасы. Па магчымасці разам з дзецьмі займаемся добраўпарадкаваннем такіх помнікаў. Практычныя вынікі маюць многія нашы праекты. Так, ініцыятыва “Вуліцы горада памятаюць. А мы?” прывяла нас у тапанімічную камісію Магілёўскага гарвыканкама. Вучні прапанавалі ўвекавечыць памяць аб сям’і Асмалоўскіх, якая ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны выратавала параненага генерала Раманава. Акрамя таго, мы знайшлі пахаванне сям’і і ўзялі над ім шэфства, — расказала Вераніка Васільеўна.
Значным вынікам адзначыўся і праект “Старыя рэчы расказваюць”, накіраваны на захаванне гістарычных рэліквій сем’яў вучняў. Гэтая ініцыятыва зацікавіла ўсю навучальную ўстанову. Пошукавай работай заняліся не толькі ліцэісты, але і педагогі, адміністрацыя. Паступова колькасць экспанатаў вырасла настолькі, што ў ліцэі быў створаны гістарычны куток, у экспазіцыях якога мноства ўнікальных рэчаў.
— Тут мы пастаянна арганізоўваем тэматычныя прэзентацыі. Канкрэтна зараз рыхтуецца выстава “Чатыры чамаданы”. Работа вельмі цікавая. У гэтым плане нам пашанцавала з настаўнікам. Вераніка Васільеўна і пазакласную дзейнасць, і вучэбны матэрыял падае так, што гэта захапляе, прымушае задумацца і стымулюе да вывучэння гісторыі, — заўважылі ліцэісты Савелій Сакалоўскі, Цімафей Маркаў, Прохар Лусцянкоў, Вікторыя Волкава, Павел Несцераў і Цімафей Багданаў.
Вераніка Нікалаенка сапраўды ведае, як павесці за сабой навучэнцаў. На ўроках педагог праз умелую камбінацыю традыцыйных і новых адукацыйных методык імкнецца абудзіць эмацыянальны складнік у розумах і душах дзяцей. Заняткі ў яе — гэта заўсёды дыялог, дыскусіі, творчасць. Не забываецца Вераніка Васільеўна і пра матывацыю. Па яе прапанове ў ліцэі заснаваны нагрудны знак адрознення для вучняў і педагогаў “Гісторык зацікаўлены”.
— Мяне радуе, што нашы з вучнямі ідэі заўсёды падтрымліваюцца кіраўніцтвам і ўсім педагагічным калектывам. Многія праекты аб’ядноўваюць у адзіным імкненні ўвесь ліцэй. Адны ініцыятывы паспяхова рэалізаваліся, іншыя — яшчэ чакаюць сваёй чаргі. Мяняюцца тэмы, але мэта застаецца нязменнай, — падкрэсліла настаўніца. — Для мяне галоўнае, каб навучэнцы ўключаліся ў самастойны пошук, знаходзілі свае адказы, рабілі ўласныя адкрыцці, разумелі і ўсведамлялі сутнасць гістарычных падзей. Гэта галоўныя фактары для станаўлення іх грамадзянскасці і патрыятызму.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара
По материалам https://nastgaz.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў
М. А. Маляўка
У кніжцы расказваецца, як жылі нашы продкі, чым яны займаліся, якімі рэчамі гаспадарчага і хатняга ўжытку карысталіся, якую спадчыну пакінулі нам, сваім нашчадкам. Абразкі з жыцця старой вёскі перасыпаны паэтычнымі радкамі, сур’ёзнымі і вясёлымі гісторыямі, народнымі прыкметамі і парадамі, прыказкамі і прымаўкамі, загадкамі. Аўтар падрыхтаваў для чытачоў заданні: трэба адказаць на пытанні, так ці іначай звязаныя з вясковай сядзібаю, лёсам яе гаспадароў, іх буднямі і святамі.
25,00 руб.
С чего начинается моя Беларусь
Д. Н. Дубинина
Дорогие девочки и мальчики! Как вы думаете, с чего начинается Родина? Вы можете ответить на этот вопрос? Родина, дорогие ребята, — это всё самое родное и близкое, это тот мир, который нас окружает с детства, это прежде всего мама и папа, семья, место, где мы родились и живём, где живут наши друзья, — это наша страна. Я написала эту книгу, чтобы рассказать вам о родном крае — нашей Беларуси, о традициях и культуре нашего белорусского народа.
Я надеюсь, что, прочитав эту книгу, вы поймёте, что живёте в прекрасной стране со славной историей, вековыми традициями, богатой культурой. И, конечно же, будете чувствовать уважение и гордость за Республику Беларусь, где вы родились и растёте.
24,59 руб.
Вочы Зямлі. Вандроўкі па роднай Беларусі
І. У. Ягоўдзік
Кніга Уладзіміра Ягоўдзіка «Вочы Зямлі. Вандроўкі па роднай Беларусі» прысвячаецца багаццям беларускай прыроды. Навукова-папулярныя звесткі пра беларускія лясы, азёры, рэкі і крыніцы аўтар па-майстэрску спалучае з народнымі паданнямі і легендамі. Выданне стане верным сябрам таму, хто хоча пашырыць і ўзбагаціць свае веды па геаграфіі, біялогіі і гісторыі роднага краю.
Адрасуецца аматарам роднай прыроды сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.
17,50 руб.