Пінкавіцкія настаўнікі­-філолагі не проста вучаць дзяцей, але і творча падыходзяць да выкладання беларускай мовы і літаратуры. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Для гэтага педагогі выкарыстоўваюць матэрыялы, цесна звязаныя з гісторыяй роднай вёскі, яе культурнай спадчынай. А ганарыцца пінкаўцам ёсць кім і чым. Гэта і музей імя Якуба Коласа, які ў 2017 годзе атрымаў ганаровае званне народнага, і дом, дзе нарадзілася і жыла паэтэса, публіцыст і навуковец Любоў Тарасюк, і Пакроўская царква, каля якой праходзяць значныя вясковыя падзеі, і крыж пры дарозе, усталяваны мясцовымі жыхарамі і асвечаны царквой, і брацкая магіла воінам і партызанам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, і, безумоўна, людзі — шчырыя і працавітыя палешукі.

— Нацыянальна-культурны кампанент на ўроках не толькі развівае інтэлектуальныя і пазнавальныя здольнасці вучняў, але і выхоўвае ў іх пачуццё гонару за мінулае, адказнасць за захаванне моўных скарбаў і народнай спадчыны. А ўмелае і змястоўнае выкарыстанне багатага фальклорнага, этнаграфічнага і краязнаўчага матэрыялу дазваляе лепш засвоіць вучэбную праграму, — упэўнена настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Петрашкевіч з Пінка­віцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна.

Вучні 8—9 класаў удзельнічалі ў акцыі “Чытаем Коласа разам”, у рамках якой быў зняты відэафільм “Пярэбары” (урывак з паэмы “Новая зямля”). Для відэаздымак, што праходзілі каля адметнай хаты з чаротавым дахам, выкарыстоўваліся касцюмы з літаратурнага музея.

На ранішнік “Калядныя сустрэчы ў дзядзькі Якуба”, арганізаваны ў музеі, вучні 5—6 класаў запрасілі самадзейных артыстаў ансамбля народнай песні “Крыніцы” Пінкавіцкага сельскага Дома культуры.

— “Па родных мясцінах Коласа” — так называлася сустрэча з нашчадкамі Якуба Коласа, якія прыязджалі да нас з Мікалаеў­шчыны, — расказвае Наталля Петрашкевіч. — Такія сус­трэчы заўсёды прыцягваюць увагу вучняў. Пінкавіцкія школьнікі чыталі вершы каля брацкай магілы, правялі экскурсію па музеі і Пінкавічах, азнаёмілі з гісто­рыяй вёскі…

Педагогі цесна ўзаемадзейнічаюць у выхаваўчай рабоце з бацькамі і супрацоўнікамі сельскага Дома культуры: разам ладзяць народныя святы, водзяць карагоды, спяваюць, адраджаюць традыцыі, папаўняюць скарбонку распрацовак тэматычных класных гадзін і пазакласных мерапрыемстваў.

Шасцікласнікі пры вывучэнні верша Любы Тарасюк “Імя Айчыны” адпраўляюцца ў завочнае падарожжа па памятных мясцінах паэтэсы, а адзінаццацікласнікі пры знаёмстве з сучаснай беларускай паэзіяй зай­маюцца пошукам матэрыялаў пра жыццё і творчасць паэтаў-землякоў: Любы Тарасюк, Тамары Лазнюха, Яўгеніі Янішчыц…

— У кожным класе вучні вывучаюць творы Якуба Коласа (вершы, казкі, урыўкі з вялікіх твораў) на аснове культурных асаб­лівасцей роднай мясцовасці, — гаворыць педагог. — Падчас знаёмства з трылогіяй “На ростанях” дзеці наведваюць музей Якуба Коласа, праходзяць па сцежках-дарогах, звязаных з Лабановічам: гуляюць ля ракі, узнаўляючы ў памяці гісторыю, дзе ён заступіўся за сялян у час рыбнай лоўлі на землях пана Скірмунта.

Але не толькі гэтым пінкаўцы могуць прыцягнуць увагу. Яны ведаюць шмат прыказак, прымавак і загадак, якія ўпрыгожва­юць родную мову і адрозніваюць іх ад жыхароў навакольных вёсак.

Старшакласнікі пад кіраўніцтвам настаўнікаў даследуюць жыццё і творчасць пісьменнікаў, чый лёс звязаны з Пінкавічамі, ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі, распрацоўваюць рознатэматычныя мерапрыемствы. Сабраныя матэрыялы шырока выкарыстоўваюцца на ўроках, павышаючы цікавасць да мовы, культуры і гісторыі беларускага народа.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

Беларуская мова, 8 клас

З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя

Вучэбны дапаможнік для 8 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання.

Беларуская мова, 8 клас 

22,70 руб.

 

Беларуская мова, 11 клас

 Г. М. Валочка

Вучэбны дапаможнік для 11 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання (з электронным дадаткам для павышанага ўзроўню).

Беларуская мова, 11 клас 

 25,62 руб.