Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў — адна з актуальных праблем педагогікі, асабліва сёння, калі ў школьнікаў зніжаецца цікавасць да вучобы і назіраецца інтэлектуальная пасіўнасць.

У той жа час усё большую ролю ў жыцці набываюць камунікатыўныя ўменні і навыкі, здольнасць мадэляваць сітуацыі, весці дыялог, удзельнічаць у дыскусіях, займацца творчай дзейнасцю. Якія метады і тэхналогіі выкарыстоўваць, каб палеп­шыць якасць навучання беларускай мове ў 5—6 класах? Тыя, што забяспечваюць актыўны ўдзел усіх вучняў на ўроку, павыша­юць аўтарытэт ведаў і індывідуальную адказ­насць школьнікаў за вынікі працы. Адна з такіх тэхналогій — ТРВЗ (тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач).

ТРВЗ-педагогіка дапамагае выхоўваць творчую асобу, падрыхтаваную да рашэння нестандартных задач у розных сферах дзейнасці. Гэтую методыку можна назваць школай творчасці, дэвіз якой — творчасць ва ўсім: у пастаноўцы пытанняў, прыёмах іх рашэння, падачы матэрыялу. Дзякуючы тэхналогіі ТРВЗ, дасягаецца больш глыбокае засваенне ведаў, а галоўнае — фарміруецца стыль мыслення, накіраваны не на набыццё гатовых ведаў, а на ўменне бачыць, ставіць і рашаць праблемныя задачы ў пэўнай дзейнасці.

ТРВЗ дазваляе настаўніку ствараць цікавыя заданні. Вучні не проста паўтараюць за ім прапанаваныя варыянты, а самі дасягаюць вынікаў і знаходзяць шляхі вырашэння праблем. Педагог толькі накіроўвае.

Структура крэатыўнага ўрока адрозніваецца ад традыцыйнага і ўключае шэраг блокаў.

Блок 1. Стадыя выкліку.

Камфортны пачатак урока садзейнічае станоўчаму настрою вучняў. Такі пачатак прыцягвае незвычайнасцю і яркасцю, актывізуе пазнавальную дзейнасць. Таму для стварэння эмацыянальнага настрою даволі эфектыўны прыём “Звужэнне пошукавага поля”, да якога адносіцца гульня “Так ці не?”.

Прапаную вучням пытанні, на якія можна адказаць толькі словам “так” ці “не”. Гэта своеасаблівае бліцапытанне. Такім чынам можна схаваць тэму ўрока. Напрыклад, праз загаданае слова “каменне” адшукаць тэму “Зборныя назоўнікі”.

Спачатку варта растлумачыць дзецям сутнасць гульні, бо пры ўсёй простасці прыёму на першых уроках цяжка актывізаваць вучняў, многія з якіх не ўмеюць слухаць адно аднаго і задаваць пытанні, што звужае поле пошуку рашэнняў. Але затым, задаючы пытанні настаўніку, вучні ўжо самі агучваюць тэму і адказваюць на іх. Такая работа ву­чыць выдзяляць розныя прыметы прадметаў, класіфікаваць іх, сістэматызаваць інфармацыю, слухаць і чуць адно аднаго.

У гэтым блоку звяртаюся таксама да прыёму “Нестандартны ўваход ва ўрок”, накіраванага на ўключэнне вучняў у актыўную разумовую дзейнасць з першых мінут заняткаў. Пачынаю ўрок з супярэчлівага факта, які цяжка растлумачыць на аснове наяўных ведаў вучняў. Альтэрнатывай можа выступаць і загадка. Так, пры вывучэнні марфемікі і частак слова загадка пра корань дрэва падштурхоўвае да вызначэння тэмы ўрока: “Ён з раслінаю расце, ён яе трымае, // У зямлі сядзіць, жыве, вусікі пускае”.

Даволі часта прапаную праслухаць песню, накіроўваючы вучняў праз пытанні да сувязі музыкі з тэмай заняткаў.

Пры вывучэнні часцін мовы на стадыі выкліку выкарыстоўваю і прыём “Кругі на вадзе”. Вучні працуюць у парах, шукаючы і раскрываючы істотныя прыметы і паняцці. Ключавое слова запісваецца па вертыкалі, а потым на кожную літару падбіраюцца словы характарыстыкі. Такі прыём развівае здольнасць бачыць у агульным асобнае, а ў асобным — агульнае.

“Сістэмны ліфт” прымяняю для разгляду частак аб’екта і аб’екта як часткі больш вялікага: ад літары да складу і слова, ад слова да словазлучэння і сказа. Прыём дазваляе “катацца” не толькі ўверх і ўніз, але і “выходзіць” на паверсе ўправа і ўлева.

Блок 2. Змястоўная частка ўрока. Актуалізацыя ведаў.

Гэтая частка заняткаў накіравана на развіццё творчага ўяўлення і фантазіі дзяцей.

Вывучэнне новай тэмы, як правіла, грунтуецца на ведах, якімі ўжо валодаюць вучні. Таму замест традыцыйных пытанняў, што вызначаюць іх па дадзенай тэме, звяртаюся да прыёмаў “Інсерт”“Клава-разява”“Ланцужок прымет” і “Кластар”.

Пяцікласнікам, якія любяць гульнявыя моманты на ўроку і хутка прымаюць правілы, прапаную прыём “Клава-разява”. Выступаю ў ролі Клавы і пачынаю дыялог пра нейкую страчаную рэч (напрыклад, пра вызначэнне катэгорыі роду назоўнікаў, якія маюць адрозненні ў рускай і беларускай мовах). Гэта ўніверсальны прыём для назапашвання інфармацыі:

— Ой!

— Што з табой?

— Страціла род назоўніка гусь (пыл, сабака, жывапіс)!

— Адказ вучня.

Блок 3. Псіхалагічная разгрузка.

На ўроку абавязкова ўдзяляю час псіхалагічнай разгрузцы, якая дазваляе зняць эмацыянальнае, разумовае і мышачнае напружанне. Для гэтага выкарыстоўваю гульню “Асацыяцыі”. Пад музыку рознага тэмпу і гучання розных музычных інструментаў вучні паказваюць танцавальныя рухі жывёл, з якімі асацыіруецца мелодыя.

Блок 4. Галаваломкі.

Творчая дзейнасць школьнікаў рэалізуецца ў сістэме галаваломак, што ўскладняюцца і ажыццяўляюцца ў рэальных умовах урока праз арыгінальныя і дасціпныя ідэі, распрацаваныя і прапанаваныя самімі вучнямі.

Кругі Эйлера дапамагаюць запомніць структуру розных злучэнняў думак і аблягчаюць рашэнне шэрага задач. Сутнасць заданняў: круг прапануе наглядную выяву пэўнага паняцця. Напрыклад, паняцце “часціны мовы” — гэта круг. Калі прапанаваць вучням другі круг з надпісам “назоўнік”, то ўзаемнае размяшчэнне гэтых колаў выглядае так:

Малюнак паказвае, што аб’ёму паняцця “часціны мовы” адпавядае вялікі круг, а аб’ёму паняцця “назоўнік” — меншы. Гэта азначае, што ўсе назоўнікі адносяцца да часціны мовы.

Размяшчэнне кругоў можа быць розным: яны могуць супадаць, могуць не мець пунктаў судакранання, а могуць перакрыжоўвацца. У любым выпадку вучні аналізуюць пэўныя аб’екты параўнання па розных прыкметах.

Складанне і рашэнне лінгвістычных задач. Гэты від работы вельмі карысны як на ўроку, так і ў якасці дадатковых дамашніх заданняў. Сістэматычнае рашэнне такіх задач дапамагае развіваць абстрактнае мысленне. Напрыклад: “Чабурашка вырашыў дапамагчы Марфалогіі скласці рэчы ў турыстычны рукзак. Ён склаў дзеясловы, прыназоўнікі, сінонімы, звароткі, арфаграмы, стылі, прыметнікі, коскі… Якія рэчы ў рукзаку Марфалогіі лішнія?”

Блок 5. Змястоўная частка.

Блок накіраваны на фарміраванне сіс­тэмнага мыслення. На гэтым этапе ўрока даволі часта выкарыстоўваю “Рамонак Блума” — прыём, які складаецца з сістэмы пытанняў, заснаваных на створанай амерыканскім псіхолагам Бенджамінам Блумам таксаноміі вучэбных мэт па ўзроўнях пазнаваўчай дзейнасці (веды, разуменне, прымяненне, аналіз, сінтэз, ацэнка). Рамонак складаецца з 6 пялёсткаў (6 тыпаў пытанняў): простыя, удакладняльныя, інтэрпрэтацыйныя (тлумачальныя), творчыя, ацэначныя і практычныя.

Блок 6. Блок камп’ютарнай інтэлек­туальный падтрымкі.

Выкананне заданняў у яго рамках развівае ўяўленне, памяць і ўвагу, дапамагае лепш засвоіць матэрыял. Прапаную загадкі, вызначыць паходжанне слова, уставіць слова, расставіць словы па сваіх месцах, выб­раць правільны адказ, падабраць асацыяцыі.

З дапамогай прыёму “Лаві памылку” вучні шукаюць памылку групай, спрачаюцца, раяцца. Калі прыйшлі да пэўнай думкі, група выбірае спікера, які агучвае вынікі настаўніку ці агучвае заданне і вынік яго рашэння перад усім класам.

Блок 7. Рэфлексія.

На гэтым этапе звяртаюся да прыёму “ПАПВ-формула”, хаця ім можна карыстацца і на этапе вывучэння новага матэрыя­лу, бо ён вучыць даказваць свае меркаванні і сваю пазіцыю. Структура ПАПВ змяшчае ў сабе 4 важныя кампаненты, неабходныя для пабудовы тэксту: П — пазіцыя (неабходна па зададзенай праблеме выказаць уласнае меркаванне), А — абгрунтаванне (тлумачэнне сваёй пазіцыі), П — прыклады (неабходна прывесці факты, прычым не менш за 3), В — вывад. 

Не абыходжу ўвагай сінквейн. Дзецям падабаецца працаваць з гэтым прыёмам, які паляпшае эмацыянальны стан і дазваляе праверыць, як вучні запомнілі найважнейшыя пытанні тэмы.

Дзякуючы названым метадам і прыёмам у рамках ТРВЗ, школьнікі лепш усведамляюць уласныя дзеянні, а настаўнік паспяхова і займальна вырашае многія задачы курса беларускай мовы. Выкарыстанне ТРВЗ дазволіла павысіць у дзяцей сярэдні бал па прадмеце. Вучні сталі з большай цікавасцю працаваць на ўроках. Добра дапамагае гэтая тэхнологія і ў падрыхтоўцы да прадметнай алімпіяды. 

Для павышэння ўнутранай матывацыі распрацаваны сцэнарыі ўрокаў з выкарыстаннем метадаў і прыёмаў ТРВЗ-тэхналогіі.

Не абыходзіцца і без цяжкасцей. Так, на тлумачэнне і асэнсаванне новых метадаў работы даводзіцца траціць больш часу, чым пры традыцыйным навучанні. А вось бессістэмнае прымяненне тэхналогіі малаэфектыўнае.

Кацярына МЕЛІХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста

 

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

Беларуская мова, 8 клас

З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя

Вучэбны дапаможнік для 8 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання.

Беларуская мова, 8 клас 

22,70 руб.

 

Беларуская мова, 11 клас

 Г. М. Валочка

Вучэбны дапаможнік для 11 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання (з электронным дадаткам для павышанага ўзроўню).

Беларуская мова, 11 клас 

 25,62 руб.