Імклівае развіццё ІКТ патрабуе ад педагогаў пошуку не столькі новых форм, метадаў і сродкаў навучання, колькі спецыфічных прыёмаў іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Сярод іх — метад візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, які дазваляе забяспечыць лагічнасць у яе выкладанні, паказаць узаемасувязь паміж тэкстам і графічнымі выявамі, дзякуючы чаму ўрок становіцца больш цікавым, — гаворыць настаўніца рускай мовы і літаратуры Лілія Супрунчык з сярэдняй школы № 2 Століна. — Існуе вялікая колькасць спосабаў візуалізацыі інфармацыі: воблака слоў, інфаграфіка, таймлайн… Сутнасць інфаграфікі заключаецца ў згортванні вялікіх аб’ёмаў інфармацыі і яе прэзентацыі ў кампактным выглядзе. Так, вывучаючы раман у вершах Аляксандра Пушкіна “Яўгеній Анегін”, дзевяцікласнікі аналізуюць персанажа па пытаннях: “Як апісвае героя аўтар?”, “Як ён выглядае, у што апрануты?”, “Якія звычкі ці рысы гавораць пра яго ўнутраны свет?”, “Чаму герой зрабіў менавіта так?”. Адказы выбіраюцца з мастацкага тэксту, і на іх аснове ствараецца графічны партрэт у выглядзе мазаікі з многавугольнікаў.
Адзін з цікавых відаў інфаграфікі — эмодзі, з дапамогай якіх можна не толькі абазначаць эмоцыі, але і будаваць сказы на аснове моўнага і літаратурнага матэрыялу. Напрыклад, педагог прапануе вучням вызначыць, каму з герояў твора адпавядае пэўны смайл, ці зашыфраваць назву твора па эмодзі. Такая форма работы актывізуе цікавасць дзяцей да вучэбнага матэрыялу, стварае пазітыўны настрой, дапамагае вербалізаваць візуальную інфармацыю, пашырыць слоўнікавы запас і развіваць маўленне.
— Вывучаючы біяграфіі пісьменнікаў, школьнікі даволі цяжка арыентуюцца ў храналогіі іх жыцця і творчасці, — працягвае настаўніца. — На дапамогу прыходзіць таймлайн (стужка часу). Гэта вертыкальная ці гарызантальная лінія, на якой вучні адзначаюць розныя часавыя элементы. Таймлайн можа ўключаць таксама загаловак і падзагаловак з тлумачэннем таго, якой тэме ён прысвечаны, адзнакі з датамі і выявамі. Стужка часу дазваляе зафіксаваць жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, значныя гістарычныя падзеі, якія паўплывалі на яго творчасць, актывізаваць міжпрадметныя сувязі. Таймлайн з фотаздымкамі аўтараў робіць выступленні вучняў цікавымі і запамінальнымі.
Альтэрнатыва насценнай стужкі часу — папка “Асабістая справа”, якую можна дастаць з шафы ў любы момант. Дзякуючы такім варыянтам выкарыстання таймлайну, у дзяцей складваецца цэласная карціна свету, а не застаюцца ў памяці толькі фрагментарныя веды.
— Заслугоўвае ўвагі і лэпбук — інтэрактыўная папка з кішэнькамі і ўкладкамі з інфармацыяй у выглядзе малюнкаў і невялікіх тэкстаў па пэўнай тэме, — расказвае Лілія Супрунчык. — Так, вывучаючы раман Льва Талстога “Вайна і мір” (тэма “Духоўныя пошукі Андрэя Балконскага”), дзесяцікласнікі збіраюць у канвертах інфармацыю пра знешнасць героя, яго характар, каханне, удзел у бітвах… Пры стварэнні папкі ў займальнай форме замацоўваецца і сістэматызуецца вывучаны матэрыял, а разгляд лэпбука дазваляе хутка абудзіць у памяці пройдзеную тэму.
Педагог лічыць вельмі карысным прагляд урыўкаў экранізаваных мастацкіх твораў, каб адчуць дух эпохі, убачыць тагачасныя касцюмы, пачуць маўленне, што пашырае ўяўленні і выхоўвае цікавасць да чытання ў дзяцей. Перад праглядам фрагментаў Лілія Супрунчык прапануе скласці пытанні для наступнага абмеркавання, табліцы і схемы з супастаўленымі вобразамі і інш. Так, на выніковым уроку па рамане М.А.Булгакава “Майстар і Маргарыта” вучні адпрацоўваюць прыёмы пошуку і паказу інфармацыі ў розных жанрах.
— Старшакласнікі ў парах ці невялікіх групах ствараюць газету, якая мела б вялікую колькасць падпісчыкаў. Складнікі газеты: рэклама чароўнага крэма Маргарыты, агляд навінак літаратуры, міліцэйская зводка “Асабліва небяспечныя злачынцы”, некралог, анонс паказу ў вар’етэ, прагноз надвор’я ў апошні дзень знаходжання Воланда ў Маскве, крыжаванка і інш. Усё гэта мацуецца на вялікі аркуш, які і будзе газетай. Такая работа вучыць творча падыходзіць да выканання розных заданняў, фарміруе зацікаўленасць мастацкім творам, — гаворыць настаўніца.
Не абыходзіць увагай яна і медыяазбуку. Гэта віктарына ў форме мультымедыйнай прэзентацыі з малюнкамі і фотаздымкамі, якія з’яўляюцца падказкамі для адказаў на пытанні. Розніца толькі ў тым, што ключавымі словамі выступаюць радкі з вядомых вершаў, а не літары алфавіта. Гэты прыём дазваляе задзейнічаць не толькі візуальны, але і аўдыяльны канал успрымання інфармацыі. Яго лепш выкарыстоўваць пры вывучэнні паэзіі, паколькі яна развівае вобразнае мысленне, дапамагае адчуць глыбіню паэтычнай карціны свету аўтараў, удасканаліць навык аналізу вершаў.
— Нестандартныя заданні не толькі актывізуюць пазнавальную актыўнасць вучняў на ўроках літаратуры, але і садзейнічаюць больш глыбокаму і трываламу засваенню ведаў, умацоўваюць цікавасць да прадмета, развіваюць навыкі самакантролю і самааналізу, ініцыятыўнасць і настойлівасць у дасягненні мэты, — падагульняе Лілія Супрунчык.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
По материалам https://nastgaz.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
Читаем русскую классическую литературу
С. Д. Купрадзе
Пособие состоит из семи разделов, названных по именам писателей, произведения которых предлагаются для чтения и обсуждения: А. С. Пушкина, М. Ю. Лермонтова, И. С. Тургенева, Л. Н. Толстого, А. П. Чехова, М. Горького, М. А. Булгакова.
18.28 руб.