Арганізуюць мерапрыемства ў перыяд восеньскіх школьных канікулаў з 30 кастрычніка па 4 лістапада. Ініцыятарам правядзення акцыі выступае Музей землязнаўства БДУ. Пройдзе акцыя ў фармаце марафону: на працягу шасці дзён з 10.00 да 17.00 будзе арганізаванае бесперапыннае правядзенне экскурсій. Такі падыход дасць магчымасць адлюстраваць разнастайнасць экспанатаў, даць магчымасць школьнікам з рэгіёнаў убачыць рэдкія ўзоры музея. Акрамя таго, школьнікаў чакае экскурсія па факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі і знаёмства з яго спецыяльнасцямі і навучальным працэсам.
Удзельнікамі відовішчнага марафону могуць стаць усе ахвотныя навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў і каледжаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Наведвальнікі пабываюць у дэманстрацыйнай і навучальна-метадычнай залах найбуйнейшага ў Беларусі ўніверсітэцкага музея гэтага профілю. У першым прадстаўлены калекцыі мінералаў і горных парод, самацветаў, аметыстаў, палеанталагічны аддзел, экспанаты мамантавай фауны. Узоры ў другой зале размешчаны ў адпаведнасці з навучальнымі дысцыплінамі факультэта «Мінералогія», «Петраграфія», «Палеанталогія» і «Палеагеаграфія». Акрамя таго, школьнікі ўбачаць рэдкія знаходкі ледніковага перыяду і экспанаты ўзростам да двух мільярдаў гадоў. Гэта чэрапы маманта, шарсцістага насарога і авечкабыка, сківіца пячорнага мядзведзя і інш.
У першы дзень, 30 кастрычніка, юныя наведвальнікі пазнаёмяцца са скарбамі малахітавай шкатулкі. У аўторак школьнікі наведаюць геалагічную экскурсію ў мінулае Беларусі. На наступны дзень навучэнцы даведаюцца аб гісторыі развіцця жыцця на Зямлі. Тэмай чацвярга абраныя «Разумныя крышталі». У пятніцу супрацоўнікі музея раскажуць аб працэсе з’яўлення мінералаў. Завершыцца марафон экскурсіяй «У гасцях у гаспадыні Меднай гары». Працягласць адной экскурсіі складае 45 хвілін. Акрамя таго, кожны дзень прадугледжана адно індывідуальнае наведванне музея для кансультацыі і размовы з яго супрацоўнікамі.
Для ўдзелу ў мерапрыемствах патрабуецца абавязковая папярэдняя рэгістрацыя па тэлефоне +375 (17) 209 54 90.
Экскурсіі пройдуць па адрасе: Мінск, вуліца Ленінградская, 16, аўд. 114.
Арганізатарам марафона выступае факультэт геаграффіі і геаінфарматыкі БДУ.
Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда