Якія ўмовы для выбару навучэнцамі індывідуальнай прафесійна-адукацыйнай траекторыі створаны ва ўстановах адукацыі? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.

Алена НОВІК, дырэктар сярэдняй школы № 16 Баранавіч, Брэсцкая вобласць:

— У нашым горадзе вялікая ўвага ўдзяляецца праф­­арыентацыйнай рабоце. У гэтым навучальным годзе ў Баранавічах адкрыты 31 профільны клас прафесійнай накіраванасці. Сёння ўсе намаганні педагагічных калектываў горада накіраваны на стварэнне аптымальных умоў для атрымання якаснай адукацыі, рэалізацыі творчых і даследчых запытаў навучэнцаў і адказнага выбару імі індывідуальнай прафесійна-адукацыйнай траекторыі. Баранавічы — буйны чыгуначны вузел нашай краіны, таму па ініцыятыве кіраўніцтва сярэдняй школы № 16 і Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі з верасня 2021 года для 8—9-класнікаў былі адкрыты транспартныя класы з паглыбленым вывучэннем фізікі, матэматыкі, англійскай мовы і інфарматыкі на факультатыўных занятках. У школьны расклад уключаны прафесійна арыентаваныя заняткі аб’яднанняў па інта­рэсах “На шляху да прафесіі: асновы чыгуначнага транспарту”, якія праводзяцца на базе Баранавіцкага падраздзялення дарожнага цэнтра па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў. На гэтых занятках вучні знаёмяцца з чыгуначным транспартам. Для дзяцей арганізаваны экскурсіі на прадпрыемствы Баранавіцкага аддзялення чыгункі, прафарыентацыйныя сустрэчы з выкладчыкамі навучальных устаноў. Таксама вучні транспартных класаў — пастаянныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў на аддзяленні. У сту­дзені 2023 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь была зацверджана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту”, у сувязі з чым у 2023/2024 навучальным годзе ў 10—11 класах нашай школы былі адкрыты профільныя групы прафесійнай накіраванасці, у якіх вучыцца 31 чалавек. Сёння ў нашай школе ў 8—11 транспартных класах вучыцца 71 падлетак. Спадзяёмся, што гэтыя класы стануць цэнт­рам прыцягнення для таленавітых навучэнцаў, якія хочуць звязаць сваю прафесійную будучыню з чыгункай. Пасля двух гадоў навучання 11 выпускнікоў 9-х класаў ужо працягва­юць навучанне ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі чыгуначнай накіраванасці. Дарэчы, навучэнцы 10—11 профільных груп чыгуначнай накіраванасці плануюць працягнуць навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.

Ірына ЯРЫШКІНА, дырэктар сярэдняй школы № 1 імя У.М.Марцінкевіча Крупак, Мінская вобласць:

 У гэтым навучальным годзе ў нашай школе на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана профільнае навучанне. З 2018 года наша ўстанова супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэтам. Адкрыты два агракласы, вучні наведва­юць факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Штогод выпускнікі профільнага класа аграрнай накіраванасці паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага кірунку. Да таго ж рэалізуецца праграма прафесійнай падрыхтоўкі вучняў па прафесіях аператара ЭВМ, швачкі ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Таксама мы ажыццяўляем абласны педагагічны праект “Укараненне мадэлі фарміравання прафарыентацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў”.

Марыя ВАСІЛЕЎСКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 22 Гомеля:

— У нашай установе адукацыі ўпершыню арганізаваны факультатыўныя заняткі “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем гэты кірунак, прафесію”. Адкрываючы інжынерны напрамак, мы ўлічвалі прафесійнае самавызначэнне нашых выпускнікоў і праяў­ленне цікавасці да будучай прафесіі. Сёння фарміраванне добрага спецыяліста ў розных галінах патрабуе тэарэтычнай пад­рыхтоўкі і ўдасканалення практычных навыкаў, таму наша ўстанова адукацыі заключыла пагадненне аб супрацоўніц­тве з Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя П.В.Сухога. Куратарс­тва ажыццяўляе і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, забяспечваючы неабходнай інфармацыйнай падтрымкай. Калі раней роля інжынера ў грамадскім праг­рэсе была адной з вядучых, то сёння гэтая прафесія стала менш прэстыжнай. Таму з мэтай яе папулярызацыі мы маем намер выпускаць навучэнцаў, якія ў перспектыве стануць прафесіяналамі інжынернай справы. Вопыт работы па гэтым напрамку ў нас пакуль невялікі, але навучэнцы пабывалі ўжо на некалькіх тэматычных мерапрыемствах. Мы лічым, што будучыя спецыялісты павінны ба­чыць, ацэньваць і разумець сваю дзейнасць з пункту гле­джання прафесіянала, таму ў рабоце робім упор на наведванне прадпрыемстваў горада і тэхнічных выстаў. Усе пытанні, якія ўзнікаюць пры арганізацыі дзейнасці класа інжынернай накіраванас­ці, вырашаем сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Савецкага раёна Гомеля, ГДТУ імя П.В.Сухога і БНТУ.

Алена ГОМАНАВА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Магілёва:

— У гэтым навучальным го­дзе ў нашай установе адукацыі пачаў функцыянаваць профільны клас прававой накіраванасці “Юны пракурор”. Праект рэалізаваны ў выніку сумеснай ініцыятывы пракуратур вобласці і горада, а таксама ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама. У гэтым класе, акрамя звычайных школьных ведаў, дзеці атрымліваюць уяўленне пра тое, што такое пракуратура, знаёмяцца з гісторыяй і напрамкамі дзейнасці гэтага ведамства. У рамках вучэбнага працэсу старшакласнікі ўжо наведалі Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, прысутнічалі на судовых пасяджэннях па крымінальных і грамадзянскіх справах. Немалаважна, што нашы вучні профільнага класа змогуць даваць ацэнку падзеям штодзённага жыцця з прававога пункту гледжання, будуць разумець, як права рэгулюе тыя ці іншыя праваадносіны. Навучэнцы класа “Юны пракурор” займаюць актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю, што з’яўляецца неад’емнай часткай патрыятычнага выхавання. Мы спадзяёмся, што многія з іх стануць студэнтамі юрыдычных факультэтаў, а затым і пракурорскімі работнікамі.

Настасся ЧАРКАНАВА, Настаўніцкая газета