Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


У мерапрыемстве, якое праводзіцца пад дэвізам «Разам па дарозе магчымасцей», прынялі удзел навучэнцы транспартных і профільных класаў чыгуначнай накіраванасці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

На сустрэчу запрасілі вучняў з 14 школ — Мінска, Оршы, Баранавіч, Ліды, Лунінца, Брэста, Гомеля, Жлобіна, Калінкавіч, Светлагорска, Магілёва і Віцебска, а таксама выхаванцаў Дзіцячай чыгункі імя К.С. Заслонава, навучэнцаў каледжаў — філіялаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту і Мінскага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Я.П. Юшкевіча.

Мэтанакіраваныя, натхнёныя, зацікаўленыя навучэнцы разам са сваімі педагогамі сабраліся ў Мінскім палацы культуры і спорту чыгуначнікаў. Школьнікі з Оршы Ілья Юрчанка і Міхаіл Малішэўскі паступілі ў профільны чыгуначны клас сёлета. Абодва хлопцы з чыгуначнай дынастыі. Пасля завяршэння вучобы плануюць скарыстацца магчымасцю і атрымаць мэтавае накіраванне для паступлення.

— Упершыню з гэтага навучальнага года ў нашай школе быў адкрыты транспартны клас, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 12 Оршы Вольга Салтановіч. — І да гэтага кроку мы ішлі мэтанакіравана. Установа працавала ў прафарыентацыйным праекце «Дарогі, якія мы выбіраем». Школа размяшчаецца на вуліцы К. Заслонава, блізка да чыгуначнага вакзала, род дзейнасці ў многіх бацькоў нашых вучняў звязаны з работай на чыгунцы. Мы праводзім шматлікія экскурсіі, работнікі чыгункі прыходзяць на прафарыентацыйныя сустрэчы з моладдзю. Факультатыўныя заняткі праходзяць на базе філіяла каледжа Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту на высокім якасным узроўні.

Дзевяцікласнікі сярэдняй школы № 11 Ліды Рыта Юнда і Мікалай Старасцін мараць звязаць сваё жыццё з чыгункай. Мікалай плануе стаць праграмістам, а Рыта разглядае прафесіі правадніка, дыспетчара, а ў будучыні і начальніка чыгункі. 

— Прафесія чыгуначніка — гэта перспектывы і магчымасці. Падчас навучання мы не толькі асвойваем фізіку і матэматыку на павышаным узроўні, але і даведваемся аб структуры розных падраздзяленняў чыгункі, рабоце цягнікоў, а таксама гісторыі беларускай чыгункі, подзвігах чыгуначнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы наведваем прадпрыемствы БЧ, знаёмімся з новымі людзьмі і атрымліваем шмат станоўчых эмоцый, як, напрыклад, на сённяшнім злёце, — дзеліцца сваімі думкамі Рыта.

Настаўніца сярэдняй школы № 11 Ліды Анжаліка Покуць ніколькі не сумняваецца ў здольнасцях сваіх выхаванцаў:

— Першы транспартны клас у Лідзе быў адкрыты ў нашай школе летась па ініцыятыве Лідскай чыгункі. Мы разумелі, што напрамак вельмі перспектыўны: у горадзе ёсць чыгунка, лакаматыўнае дэпо. У школе вучыцца многа дзяцей, бацькі якіх працуюць на чыгунцы. Дзеці назіраюць за гэтай справай з дзяцінства, многія не раз ездзілі ў кабіне машыніста. Таму нам удалося аб’яднаць высокаматываваных васьмікласнікаў, у якіх па профільных прадметах — фізіцы і матэматыцы — было не ніжэй за 7 балаў, улічваўся таксама і сярэдні бал паспяховасці. Для навучэнцаў гэтага класа арганізаваны заняткі аб’яднання па інтарэсах «На шляху да прафесіі: асновы чыгуначнага транспарту». Школьнікі вывучаюць асобасныя матывы выбару прафесіі, спыняюцца на спецыяльнасцях, якія запатрабаваны сёння на чыгунцы, наведваюць лакаматыўнае дэпо, станцыю. Да адукацыйнага працэсу далучаюцца і работнікі чыгункі: праводзяць практычныя заняткі на вытворчасці, прыходзяць у школу. У 10—11 класах вучням будзе прапанаваны факультатыўны курс «Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту». У праграме навучання прадугледжаны вытворчыя экскурсіі, семінары, канферэнцыі, выязныя заняткі з наведваннем аб’ектаў чыгуначнага транспарту, удзел у прафесійных конкурсах і г. д. Дзеці, якія паспяхова скончаць транспартныя класы, змогуць атрымаць мэтавае накіраванне для паступлення ва ўстановы адукацыі, што рыхтуюць спецыялістаў для работы на Беларускай чыгунцы.

Як адзначыў на адкрыцці форуму начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, мэта злёту — пазнаёміць дзяцей з прафесіяй чыгуначніка, найбольш поўна паказаць яе розныя аспекты, каб у далейшым выбар прафесіі быў усвядомлены, а сама работа прыносіла радасць.

— Беларуская магістраль аб’ядноўвае больш за 60 тыс. работнікаў — прадстаўнікоў звыш 300 розных прафесій і спецыяльнасцей, — падкрэсліў У. Марозаў. — У межах злёту мы хочам аб’яднаць дзяцей з розных рэгіёнаў Беларусі ў адзіную каманду, каб яны пасля таго, як раз’едуцца па родных мясцінах, ведалі, што тут іх чакаюць сябры і шлях самарэалізацыі, на якім іх абавязкова падтрымаюць.

Прывітальныя словы будучым чыгуначнікам у відэазваротах адрасавалі міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксей Ляхновіч і намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай.

— Для сістэмы адукацыі стварэнне профільных класаў прафесійнай накіраванасці — важны напрамак. Мы сёння ідзём да таго, каб у сярэднім школьным узросце вучні максімальна паглыбляліся ў асновы будучай прафесіі, — заўважыў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. —  Транспартная галіна — найбольш перспектыўная, і школьнікі праяўляюць да яе цікавасць. Што тычыцца непасрэдна сталіцы, то камітэт максімальна падтрымлівае ініцыятыву Беларускай чыгункі па стварэнні класаў профільнай накіраванасці. Сёння мы знаходзімся на старце гэтай работы, і першы транспартны клас у Мінску ўжо адкрыты. Разлічваем, што на працягу года мы будзем развіваць сетку гэтых класаў, і да наступнага года ў нас іх ужо з’явіцца пяць, а можа, і больш.

Першы транспартны клас у Беларусі адкрыўся ў верасні 2012 г. у Магілёве. У цяперашні час у нашай краіне дзейнічаюць 19 транспартных і профільных класаў, у якіх праходзяць навучанне больш за 350 юнакоў і дзяўчат.

У першы дзень злёту яго ўдзельнікі наведалі Цэнтр кіравання перавозкамі Беларускай чыгункі і вучэбны цэнтр Дзіцячай чыгункі імя К.С. Заслонава, пазнаёміліся са славутасцямі горада Мінска, пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а пасля гэтага на электрацягніку рэгіянальных ліній бізнес-класа адправіліся ў Баранавічы.

У Баранавічах навучэнцы наведалі музей чыгункі, дзе яны дакрануліся да багатай гісторыі беларускай магістралі. Таксама ў праграме мерапрыемства – азнаямленне з работай аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларускай чыгункі — лакаматыўнага дэпо, дзе ў цяперашні час арганізаваны абслугоўванне і рамонт сучасных грузавых электравозаў. Завяршыўся злёт правядзеннем дыялогавай пляцоўкі і спартыўна-інтэлектуальнымі гульнямі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует: 

Учебники и учебные пособия для общего среднего образования