Чаго РІПА дасягнуў за 30 гадоў існавання? Якая роля інстытута ў сістэме прафадукацыі краіны? Як развіваюцца цэнтры кампетэнцый? Ці чакаць змяненняў у час уступнай кампаніі — 2024? На гэтыя і многія іншыя пытанні журналістаў “Настаўніцкай газеты” адказаў Валерый Галубоўскі — рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

30 гадоў развіцця

— РІПА на працягу трох дзесяцігоддзяў паспяхова функцыянуе на ўнутрыкраінавай і міжнароднай адукацыйнай прасторы. Валерый Мікалаевіч, давайце нага­даем вытокі стварэння інстытута і яго ролю ў сістэме прафесійнай адукацыі.

— У Савецкім Саюзе функцыянавала цэнтралізаваная сістэма распрацоўкі адукацыйных стандартаў, планаў і праграм з метадычным цэнтрам у Маскве. У нашай краіне быў толькі вучэбна-метадычны кабінет, які адаптаваў і распаўсюджваў гэтыя адукацыйныя дакументы па ўстановах адукацыі. Асобна функцыянаваў Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі педкадраў. З набыццём незалежнасці перад нашай краінай паўстала пытанне пабудовы нацыянальнай сістэмы навукова-метадычнага забеспячэння на ўсіх узроўнях адукацыі. Менавіта тады былі ўнесены змяненні ў функцыі Нацыянальнага інстытута адукацыі і Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.

У той жа час быў створаны і РІПА як зусім новая мадэль інстытута. Ён ахапіў усю сістэму прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі: ад навуковых даследаванняў у галіне прафесійнай педагогікі да пытанняў эксперыментальнай інавацыйнай дзейнасці, навукова-матадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ў сістэме прафесійнай адукацыі. Гэта дазволіла адпрацоўваць сучасныя падыходы і методыкі і ўкараняць новыя спецыяльнасці ў эксперыментальным рэжыме.

Да таго ж РІПА заняўся распрацоўкай адукацыйных стандартаў сумесна з метадычна моцнымі каледжамі краіны, а з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны — падрыхтоўкай дарослых як незанятых, так і беспрацоўных. Мы пачалі каардынаваць дзейнасць рэгіянальных вучэбна-метадычных цэнтраў, бо асноўная частка каледжаў падпарадкавана галоўным абласным упраўленням адукацыі аблвыканкамаў і камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама. Заняліся выданнем вучэбных дапаможнікаў: ад работы з аўтарскімі калектывамі да прысваення грыфа Мінадукацыі.

У апошнія гады наш інстытут вызначае, дзе і якія цэнтры кампетэнцый патрэбны. Задача гэтых цэнтраў — аб’ядноўваць самыя перадавыя рэсурсы ў выглядзе абсталявання, тэхналогій і інструментаў. Прычым для гэтага неабходны педагагічныя кадры, здольныя выкарыстоўваць новыя рэсурсы не толькі для свайго кантынгенту, але і для профільных устаноў, якія не маюць такога абсталявання. Так мы заняліся яшчэ і падрыхтоўкай неабходных педагогаў, якія змогуць укараняць новы змест у вучэбны працэс. Акрамя таго, інстытут рыхтуе навуковыя кадры. У аспірантуры РІПА вучацца педагогі каледжаў, якія праявілі цікавасць да навуковых даследаванняў, а пасля абараняюцца па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка прафесійнай адукацыі”.

Сёння інстытут займаецца аналізам дзейнасці каледжаў, іх вучэбна-выхаваўчай работы. Эфектыўнасць дзейнасці РІПА прызнана не толькі сярод педагагічнай супольнасці Беларусі, але і на міжнародным узроўні. Дарэчы, наш інстытут з 2011 года з’яўляецца базавай арганізацыяй СНД, бо ў нас ёсць добры метадычны патэнцыял. Гэты статус шмат да чаго абавязвае, даводзіцца пастаянна працаваць не толькі ўнутры сістэмы, але і дзяліцца вопытам з каледжамі іншых краін.

З 2014 года адбылося перафармаціраванне конкурсаў прафесійнага майстэрства. РІПА стаў нацыянальным аператарам конкурснага руху. Мы выбудавалі сістэму адбору канкурсантаў ад рэгіянальнага да рэспубліканскага ўзроўню, пасля якога вядзецца падрыхтоўка нашай зборнай для ўдзелу на міжнародным контуры.

Сеткавае ўзаемадзеянне

— Сёння ў нашай краіне развіваецца сеткавая форма атрымання адукацыі. Дзякуючы ёй, навучэнцы адных устаноў атрымліваюць практычныя навыкі ў другіх. Для гэтага ў каледжах краіны створаны 53 цэнтры кампетэнцый, 15 з якіх — рэспубліканскага значэння. Ці будзе пашырацца сеткавае ўзаемадзеянне і ці з’явяцца новыя цэнтры кампетэнцый?

— На сайце РІПА размешчаны пашпарты цэнтраў, каб любы заказчык кадраў змог сарыентавацца, дзе перавучваць сваіх супрацоўнікаў.

Цэнтры кампетэнцый патрэбны для спецыяльнасцей рэальнага сектара эканомікі. Яны накіраваны на навучанне перадавым сучасным тэхналогіям. Стратэгія развіцця гэтых цэнтраў заключаецца ў штогадовым аналізе эфектыўнасці іх работы. Вызначаны выразныя і зразумелыя крытэрыі, сярод якіх і наяўнасць сеткавага ўзаема­дзеяння з профільнымі ўстановамі ў лічбах. Так, у адных цэнтрах займаецца каля 200 чалавек, а ў іншых — амаль 700, гэта зале­жыць ад масавасці спецыяльнасці або ў рэгіёне, або на рэспубліканскім узроўні.

Стратэгія развіцця цэнтраў заснавана на аналізе патрэб рэгіянальнага і галіновага рынку працы ў пэўных кампетэнцыях. Пры іх з’яўленні прымаецца рашэнне, які цэнтр неабходна дааснасціць, безумоўна, толькі перадавым і сучасным абсталяваннем. Але каб разумець гэтыя пытанні, трэба весці шчыльную работу з рэальным сектарам эканомікі. Мы ўдзельнічаем у абмеркаваннях, каб бачыць, куды ідзе тая ці іншая галіна (сельская гаспадарка, дакладнае земляробства, машынабудаванне, індустрыя 4.0). Затым глядзім яе перспектыўныя напрамкі і імкнёмся злучыць іх са стратэгіямі развіцця цэнтраў. Дарэчы, сёння вельмі радуе, што ў найбольш моцных цэнтрах кампетэнцый, асабліва прамысловага напрамку, прахо­дзяць навучанне і студэнты.

РІПА з 2011 года — базавая арганізацыя СНД. Гэты статус шмат да чаго абавязвае, даводзіцца пастаянна працаваць не толькі ўнутры сістэмы, але і дзяліцца сваім вопытам з каледжамі іншых краін.

Самай актыўнай у плане сеткавага ўзаемадзеяння з’яўляецца Брэсцкая вобласць, і яна, дарэчы, такой была заўсёды. Гістарычна так склалася, што ў гэтым рэгіёне самі часам падказваюць кірункі, у якіх трэба было б паэксперыментаваць. А калі гэта не выхо­дзіць на рэспубліканскі ўзровень, то яны працягваюць пачатую справу самі ў сябе. Гэта той выпадак, калі людзі імкнуцца палепшыць сваю рэгіянальную сістэму.

Адзначу, што ёсць шмат цікавых ініцыя­тыў у Мінскай і Гомельскай,  Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, а ў Віцебскай былі створаны першыя лабараторыі, класы з трэнажорамі па дакладным земляробстве. Цяпер ідзе размова аб стварэнні высокатэхналагічнага цэнтра рэспубліканскага ўзроўню з тэхналогіямі, якія яшчэ толькі плану­юць укараняць. Але такія цэнтры эфектыўнымі можна зрабіць толькі там, дзе ёсць моцны падмурак. Напрыклад, ёсць каледжы, якія ўсё жыццё ў эксперыментах, таму метадычна для іх ужо няма перашкод. Яны не зада­юць пытанне, трэба ці не, яны пытаюцца, што будзем рабіць, якая задача. Такія каледжы ёсць і ў рэгіёнах, яны, безумоўна, у лідарах.

Акрамя таго, мы прапанавалі ўнесці змяненне ў Кодэкс аб адукацыі па сеткавым навучанні — падрыхтавалі пастанову па вядучых каледжах. Бо да ўступлення ў сілу новай рэдакцыі кодэкса паняцце “вядучы каледж” на рэспубліканскім узроўні існавала, але ў нас у краіне ніводнага каледжа з такім статусам не было. Цяпер наданнем статусу “вядучы” на рэспубліканскім узроўні займаецца Мінадукацыі, а на рэгіянальным узроўні — галоўнае ўпраўленне адукацыі, узгадняючы сваё рашэнне з Мінадукацыі. Унутры гэтага ланцужка знаходзіцца РІПА, ён распрацоўвае крытэрыі, якім павінен адпавядаць прэтэндэнт на статус “вядучы” на рэспубліканскім узроўні. Магу сказаць адразу, нараўне з іншымі эфектыўнымі паказчыкамі работы каледжа, які рыхтуе кад­ры для адпаведнай галіны, вялікая ўвага ўдзелена блоку навукова-метадычнага забеспячэння, аж да выдання грыфаваных дапаможнікаў. Менавіта гэтаму крытэрыю многія каледжы і не адпавядаюць.

Да таго ж вядучы каледж павінен хутка падхопліваць усе змяненні і ўмець іх трансліраваць. З 30 адабраных намі кале­джаў і тых, якія самі сябе палічылі здольнымі прэтэндаваць на гэты статус, толькі 6 змаглі яго атрымаць. З гэтымі каледжамі мы ўжо працуем па галіновым прынцыпе. У вядучага каледжа рэспубліканскага ўзроўню абавязкова павінен быць цэнтр кампетэнцый, абсталяваны ўжо на парадак вышэй, чым рэгіянальны. Тады супадаюць функцыі новых патрабаванняў, новага змес­ту і новага адукацыйнага асяроддзя, у якое едуць вучыцца з усёй краіны. Гэта тыя цэнтры, у якіх вучыцца каля 700 чалавек. Да іх адносяцца і філіялы РІПА: Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага, Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе і Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж.

Вядучы каледж на рэгіянальным узроўні аналізуе змяненні не ў галіне, а ў рэгіёне. Бо рэгіянальная эканоміка мае шмат асаблі­васцей. Так, у адной вобласці больш развіты сельскагаспадарчы напрамак, у другой — станкабудаванне, у трэцяй — гарбарная вытворчасць, легпрам і г.д. Ім важна разумець, якія змяненні адбываюцца ў эканоміцы іх рэгіёна. Самы моцны каледж рэгіёна абнаўляе адукацыйныя праграмы пры нашым суправаджэнні. Сярэдняе звяно вырашае пытанні, а ўсе астатнія падцягваюцца са сваім патэнцыялам. Тады зразумела, па чым павышаць кваліфікацыю, як трансліраваць змест, якую стратэгію распрацоўваць, каб быць і адпавядаць часу. Мне бачыцца, што гэтая стратэгія выбудавана дастаткова метадалагічна правільна, цяпер трэба яе проста сумесна рэалізоўваць, узаемадзейнічаючы і з галоўнымі ўпраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, і з вучэбна-метадычнымі цэнтрамі.

Інтэлектуалізацыя рабочых прафесій

— Сёлета каледжы краіны набіралі абітурыентаў па больш як 250 прафесіях. А якія спецыяльнасці зараз у топе? Куды паступаць, каб заўтра не апынуцца на біржы працы?

 У топе заўсёды прамысловыя спе­цыяльнасці. Калі ўзяць ВУП краіны, то 30% у ім займае прамысловасць, па 10% — будаўніцтва і сельская гаспадарка. Сёння ёсць два бакі медаля: запатрабаванасць на рынку працы, зыходзячы са структуры эканомікі, і запатрабаванасць з пункту гледжання абітурыента, які выбірае сабе спецыяль­насць. Яны не заўсёды супадаюць, і гэта не толькі ў Беларусі.

Напрыклад, не супадаюць спецыяль­насці легпрама. Хоць патрэба ў спецыялістах вельмі вялікая, але адпаведным кале­джам набраць навучэнцаў вельмі складана, бо заработная плата невысокая і ўмовы працы дастаткова складаныя. Над гэтым трэба працаваць. Паказальнымі ў гэтым плане з’яўляюцца машынабудаўнічыя прадпрыемствы. Быў перыяд, калі токараў, аператараў, наладчыкаў немагчыма было набраць з-за непапулярнасці гэтых прафесій. Але апошнія два гады на токара-аператара сярод тых, хто паступаў пасля 9 класаў, нават быў конкурс.

Сёння сапраўды цікава працаваць па рабочых прафесіях. Раней на кожны станок прыходзіўся тэхнолаг (для напісання кірую­чай праграмы), наладчык (для настройкі станка) і аператар (кіраўнік станка). Цяпер аператар, як рабочы, становіцца ўсё менш цікавым для тых, хто ставіць сучаснае абсталяванне. Бо сёння адзін чалавек можа выконваць функцыю аператара, наладчыка і крыху тэхнолага. Калі ён ведае рэжымы рэзання, матэрыялазнаўства, інструмент, тэхналогію, то зможа скласці кіруючую праграму ў спецыялізаванай камп’ютарнай праграме, пабудаваўшы там мадэль па чарцяжы і выбраўшы патрэбныя складнікі. Праграма ўсё сама разлічвае за 3—5 мінут, а пасля яшчэ і робіць мадэляванне тэхналогіі апрацоўкі: ад нарыхтоўкі да гатовай дэталі прама на экране. Калі там ёсць памылкі, то яна ўказвае, а спецыяліст уносіць карэкціроўкі. Далей ён праграмуе станок, бярэ нарыхтоўку, сам наладжвае і запускае працэс. Гэта ўсё робіць адзін чалавек, а потым ён тое самае можа зрабіць і з іншымі станкамі. Такім чынам адбываецца інтэлектуалізацыя рабочай прафесіі: калі адзін сучасны спецыяліст замяняе 7—9 былых рабочых.

Сёлетнія новыя правілы прыёму ва УВА не дазволілі бегаць паміж спецыяльнасцямі. Раней абітурыенты адсочвалі прахадныя балы, і калі бачылі, што іх не хапае, то беглі хоць куды-не­будзь, галоўнае — па вышэйшую адукацыю. Нават калі не падабаецца спецыяльнасць — не важна, сцерпіцца — злюбіцца. Мы бацькам гаворым: калі ваш сын не прайшоў на інжынера-будаўніка, ідзіце ў каледж на тэхніка-будаўніка. Ён там атрымае яшчэ больш прыкладных ведаў і пасля заканчэння зможа пасту­піць на запаветную вышэйшую адукацыю на скарочаную форму навучання. Такая яго траекторыя будзе больш паспяховай, бо ён будзе займацца тым, чым хоча.

Прамыслоўцы, лічбавыя аграномы, энергетыкі

— Ці чакаць нам новаўвядзенняў ва ўступнай кампаніі — 2024 і, як вы лічыце, ці неабходны яны зараз?

 Чарговая ўступная кампанія яшчэ ў працэсе абмеркавання. Аднак магу па­дзяліцца сваім асабістым бачаннем. Я лічу, што трэба пакінуць сёлетнюю мадэль. Мы пазбеглі хістанняў паміж спецыяльнасцямі. 

Паводле сённяшніх рэалій, ёсць спецыяльнасці, запатрабаваныя эканомікай, і яны павінны фінансавацца дзяржавай. Трэба павялічваць кантрольныя лічбы там, дзе яны рэлевантныя эканоміцы. Я перакананы, аграрныя спецыяльнасці пачнуць трансфармавацца. За апошнія 13 гадоў коль­касць занятых у сельскай гаспадарцы з мільёна чалавек знізілася да 245 тысяч. Пры гэтым павялічыўся аб’ём вырабленай прадукцыі, якая была пастаўлена за мяжу. Гэта адбылося за кошт укаранення новых тэхналогій. А зараз наступны віток — увядзенне эле­ментаў дакладнага земляробства. На тэхніку пачалі ўсталёўваць розныя датчыкі, адбываецца аблічбоўванне поля, па якім трактар пры дапамозе GPRS-карты выконвае работы. Гэта выключае дубліраванне апрацоўкі глебы. Канечне, такая работа будзе нарастаць, бо гэта дапаможа павялічыць прадукцыйнасць, вырошчванне і якасць прадукцыі.

У аграрным сектары адназначна бу­дуць мадэрнізавацца спецыяльнасці, але хутчэй за ўсё гэта будуць эвалюцыйныя змяненні існуючых спецыяльнасцей з паэтапным унясеннем новага зместу і функцый. У канчатковым выніку нават з’явяцца лічбавыя аграномы. Другі сектар — гэта прамысло­васць, якая ўжо сёння выкарыстоўвае розныя праграмныя рашэнні на машынабудаўнічых прадпрыемствах. Там дасягаецца прадукцыйнасць, у тым ліку дзякуючы аналізу бягучай загружанасці станкоў і трат часу ў дзеяннях персаналу.

Яшчэ адно, спецыяльнасці скразнога характару для ўсіх сектараў — гэта звязаныя з энергетыкай. Невыпадкова мы адзін з цэнтраў зрабілі па энергетыцы. Любая вытворчасць прадукцыі выкарыстоўвае энергарэсурсы, ад энергаёмістасці залежыць сабекошт. А сабекошт уплывае на канчатковую цану прадукту і далей на канкурэнтаздольнасць, аб’ёмы продажаў і г.д. Мы сёння пра гэта інфармуем розныя катэгорыі дарослых навучэнцаў праз Рэсурсны цэнтр ЭкаТэхнаПарк — Волма. Скарачэнне страт энергарэсурсаў скароціць энергазатраты. Да таго ж ёсць сістэмы, якія дазваляюць тут і зараз аналізаваць энергаспажыванне і будынкаў, і абсталявання, і своечасова карэкціраваць рашэнне па стратах энергарэсурсаў. Вось туды павінны развівацца тэхналогіі.

— У апошні час усё больш увагі ўдзяляецца мэтаваму навучанню. Наколькі актыўна навучэнцы карыстаюцца гэтай магчымасцю, атрымліваючы ПТА і ССА?

— На прадпрыемствах, якія маюць навучэнцаў-мэтавікаў, назіраецца станоўчая дынаміка. Многія нашы гіганты, той жа МЗКЦ, МТЗ, МАЗ, ААТ “Пеленг” і іншыя, актыўна ўзяліся за мэтавую падрыхтоўку. Бо яны дакладна разумеюць сваю далейшую перспектыву. Іншыя ж прадпрыемствы, на мой погляд, проста баяцца браць на сябе адказнасць. Бо мэтавая падрыхтоўка накіравана на развіццё арганізацыі. А калі ўзяць сярэдняй рукі прадпрыемства, якое працуе над новай прадукцыяй і рынкамі збыту, пры гэтым у яго западае кадравае пытанне, то яно пачынае вырашаць яго традыцыйнымі шляхамі, атрымліваючы маладых спецыя­лістаў пры размеркаванні і перавучваючы дарослых у сябе ці ў нашых цэнтрах.

Я перакананы: перспектыва ў мэтавай падрыхтоўкі ёсць. Гэты падыход дазво­ліць зерне ад пустазелля аддзяліць сярод работадаўцаў, і мы ўбачым, хто сапраўды бяжыць наперад, а хто адстае.

— Падзяліцеся, калі ласка, далейшымі перспектывамі развіцця РІПА.

— У Канцэпцыі развіцця адукацыі Беларусі да 2030 года адлюстраваны ўсе ўзроўні: ад дашкольнай адукацыі да падрыхтоўкі вышэйшых навуковых кадраў. У тым ліку і развіццё ПТА і ССА, дадатковай адукацыі дарослых па рабочых прафесіях, выхаваўчай работы, а таксама блокі лічбавізацыі і інклюзіі. Усе гэтыя напрамкі рыхтаваліся РІПА на аснове аналізу як бягучай сітуацыі, да чаго мы прыйшлі і з якім багажом, так і міжнароднага вопыту, даследуючы развіццё сістэмы прафадукацыі іншых краін.

Дарэчы, прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя найбольш схільныя да перамен, прычым на ўсіх узроўнях. Бо ПТА і ССА прывязаны да прыкладных кампетэнцый, якія адлюстроўваюць тэхналагічныя працэсы рэальнага сектара эканомікі. Перад намі ставіцца задача — аператыўна выяўляць іх і ўкараняць у змест адукацыйных праграм.

Мы прапанавалі ў Кодэкс аб адукацыі ўключыць пераход на адзіны від устаноў — каледж. Бо каледж як мадэль установы адукацыі можа рэалізоўваць значна большы спектр адукацыйных праграм, а значыць, зможа хутчэй рэагаваць на тое, што адбываецца на знешнім контуры. Напрыклад, у прафтэхкаледжах раней не маглі адразу набіраць на праграмы ССА 9- і 11-класнікаў, зараз у іх такая магчымасць з’явілася. Да таго ж і былыя прафліцэі змогуць развіваць свае ўстановы, вызначыўшы спецыяльнасці, якія яны гатовы вывесці на ўзровень ССА.

Між іншым у нас на ўзроўні ССА рыхтуюць рабочых і тэхнікаў. Там вялікая частка фундаментальнай тэорыі, павялічаны прыкладныя заняткі, арыентаваныя на тэхналогіі, якія яшчэ толькі з’яўляюцца на прадпрыемствах або плануецца іх укараненне.

Мы робім усё, каб нашы выпускнікі былі гатовы да перадавых тэхналогій, якія яны апрабавалі ў час падрыхтоўкі ў цэнтрах кампетэнцый.

Яшчэ хочацца адзначыць прынцып інклюзіі, уведзены ў кодэкс. Нашы педагогі вучацца працаваць з асаблівымі навучэнцамі, бо іх колькасць павялічваецца. Пры гэтым важна, каб дзіця з АПФР мела магчымасць пайсці вучыцца ва ўстанову ў крокавай даступнасці. Аднак каб каледж мог прыняць яго, педкалектыў павінен разумець розніцу ў арганізацыі адукацыйнага пра­цэсу і валодаць методыкай работы з такімі навучэнцамі.

Яшчэ адна задача, якая стаіць перад каледжамі, — гэта перанавучанне дарослага насельніцтва. Пры памяншэнні занятых у эканоміцы рабочых рэсурсаў варта больш рацыянальна і эфектыўна пераразмяркоўваць іх не толькі ўнутры прадпрыемства, але нават паміж сектарамі. Метадалагічна ў нас выбудавана моцная сістэма паміж Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам адукацыі. Калі вытворчасць арганізоўвае навучанне, то тым, хто на яго прайшоў, выдаецца дакумент дзярж­узору аб прафесійнай падрыхтоўцы. Пры гэтым такія навучэнцы павінны вытрымаць матрыцу. У ёй прапісана працягласць навучання, суадносіны тэорыі і практыкі, галіна ведаў. Гэта важна, бо ў любой прафесіі ёсць тэхналогія, абсталяванне, ахова працы. Яны размеркаваны на тэарэтычны блок, які дае веды аб уласцівасцях матэрыялаў, прылад, абсталявання і гэтак далей, і практычны — па прымяненні такіх ведаў. На аснове гэтага напаўненне матрыцы прадпрыемствамі ідзе самастойна, але ўсе кампаненты павінны быць вы­трыманы.

Дарэчы, РІПА дастаткова даўно працуе як кансалтынгавая арганізацыя, якая, з аднаго боку, тлумачыць патрабаванні заканадаўства, а з другога — дапамагае і вучыць распрацоўцы метадычных матэрыялаў, вучэбных планаў і суправаджае працэс навучання на працоўным месцы. Калі прадпрыемства не можа само арганізаваць навучанне, то мы падбіраем установу, на базе якой яны могуць зрабіць гэта.

Калі гаварыць пра блок лічбавізацыі, то зараз ствараецца рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе. Будзе ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма кіравання ўстановай адукацыі, якая аптымізуе адміністрацыйныя працэдуры і пасадзейнічае далейшаму зніжэнню залішняга дакументаабароту. Гэта дапаможа павысіць эфектыўнасць адукацыйнай дзейнасці. Думаю, што да канца пяцігадовай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” ўсе эксперыментальныя рашэнні будуць ужо адпрацаваны на практыцы. Тады можна будзе з упэўненасцю гаварыць аб іх укараненні ў 2026—2030 гадах. Думаю, развіццё вось гэтых напрамкаў і з’яўляецца галоўнай мэтай найбліжэйшага развіцця РІПА.

— Валерый Мікалаевіч, дзякуй за размову!

Вольга АНТОНЕНКАВА

 

Пад кіраўніцтвам РІПА распрацаваны праект канцэпцыі якасці прафесійнай адукацыі для прасторы СНД

У Мінску прайшло пасяджэнне Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Ён выказаў спадзяванне, што ў пратаколе пасяджэння з’явяцца тыя вехі, якія неабходны сістэмам адукацыі дзяржаў СНД, каб грамадзяне камфортна адчувалі сябе незалежна ад таго, у якой краіне яны атрымліваюць адукацыю. У Беларусі, дарэчы, вучацца амаль 30 тыс. замежных студэнтаў, у тым ліку з краін Садружнасці.

У цэнтры ўвагі прысутных былі пытанні ўдасканалення адукацыйнай прасторы Садружнасці, развіцця нарматыўна-прававой базы, падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, дзейнасці базавых арганізацый, рэалізацыі сумесных праектаў і інш.

Намеснік міністра адукацыі агучыў вынікі дзейнасці Савета па супрацоўніцтве і акрэсліў перспектыўныя напрамкі работы на найбліжэйшы час. Сярод іх — працягваць рэалізацыю задач, вызначаных у сферы адукацыі канцэпцыяй далейшага развіцця Садружнасці і стратэгіяй эканамічнага развіцця СНД, ажыццяўляць дзейнасць па развіцці нарматыўна-прававой базы супрацоўніцтва, працягваць работу па пашырэнні сувязі каардынацыі і павышэнні эфектыўнасці ўзаемадзеяння галіновых міністэрстваў дзяржаў —удзельніц СНД на адукацыйнай прасторы, забяспечваць узаемадзеянне з базавымі арганізацыямі краін па напрамках удасканалення падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў адукацыі.

Саветнік дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Галіна Казак расказала аб выкананні рашэнняў пратакола мінулага пасяджэння, якое прайшло летась у Астане (дарэчы, у кастрычніку мінулага года Рэспубліка Беларусь прыняла старшынства ад Рэспублікі Казахстан). Па словах Г. Казак, у рабоце савета актыўна ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх дзяржаў СНД. Створана рабочая група па распрацоўцы праекта канцэпцыі забеспячэння якасці прафесійнай адукацыі пад кіраўніцтвам РІПА, распрацоўваецца таксама праект пагаднення аб узаемным прызнанні дакументаў аб вучоных ступенях дзяржаў — удзельніц СНД. Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета. На ім падвялі вынікі работы, вызначылі перспектывы далейшага развіцця праектаў, новыя сумесныя адукацыйныя праграмы і ўзгаднілі арганізацыйныя пытанні прыёмнай кампаніі ў новым навучальным годзе. У склад сеткавага ўніверсітэта СНД былі прыняты Фінансавы ўніверсітэт пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны марскі тэхнічны ўніверсітэт (усяго ў праекце ўдзельнічаюць 49 вядучых УВА з 9 краін, арганізавана навучанне па 30 магістарскіх праграмах). Саветнік дэпартамента праінфармавала, што наступны год у Садружнасці аб’яўлены Годам валанцёрскага руху.

Апошнім часам шмат увагі ўдзяляецца дзейнасці базавых арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД у сферы адукацыі. Сёння іх ужо 18, толькі ў Беларусі працуе 7 базавых арганізацый па розных напрамках адукацыйнай дзейнасці. Сваю работу ўдзельнікам пасяджэння прадставілі Дзяржаўны інстытут рускай мовы імя А.С. Пушкіна і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Як адзначыла прарэктар па развіцці і лічбавізацыі адукацыі Дзяржаўнага інстытута рускай мовы імя А.С. Пушкіна Дзіна Гарбатава, сёння сістэма парнёрства базавай арганізацыі ўключае больш за 60 краін. Пільная ўвага ўдзяляецца супрацоўніцтву з профільнымі аб’яднаннямі русістаў краін Садружнасці, асобна вядзецца работа са славянскімі ўніверсітэтамі. У 2021 г. у Беларусі, Арменіі, Кыргызстане, Таджыкістане былі адкрыты кафедры «Інстытут Пушкіна», якія на сістэмнай аснове выбудоўваюць работу па распрацоўцы новых методык выкладання рускай мовы, навуковых стажыровак, абмене студэнтамі, а таксама арганізацыі розных мерапрыемстваў, звязаных з вывучэннем сучаснай матывацыі моладзі да вывучэння рускай мовы. У апошнія гады самымі запатрабаванымі з’яўляюцца вучэбная праграма, звязаная з навучаннем і выкладаннем па білінгвальных методыках, і лічбавая лінгвістыка.

На думку Д. Гарбатавай, супрацоўніцтва паміж базавымі арганізацыямі павінна быць больш цесным, магчыма, неабходна распрацаваць праграму моўнай падтрымкі ў кантэксце білінгвізму для трансляцыі на прасторах СНД. 

Рэктар БДУІР Вадзім Богуш расказаў аб адукацыйнай, навуковай і інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэта, прадставіў вынікі супрацоўніцтва з УВА краін СНД:

— Універсітэт вядзе даследаванні па такіх напрамках, як радыётэхніка, радыёэлектроніка, плазменныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, інфармацыйная бяспека і інш. Нашы даследаванні носяць выключна практычны характар з пункту гледжання рэалізацыі канкрэтных тэхналогій, прыбораў, канструктарскіх рашэнняў у стварэнні радыётэхнічных і інфармацыйна-аналітычных сістэм. З нашымі партнёрамі заключана каля 70 дамоўленасцей. Аднымі з ключавых інструментаў арганізацыі ўзаемадзеяння з’яўляюцца рэалізацыя сумесных адукацыйных праектаў, правядзенне навукова-практычных канферэнцый. У наступным годзе, дарэчы, пройдзе канферэнцыя, прысвечаная праблемам лічбавізацыі і развіцця дыстанцыйных тэхналогій.

Ад Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі паступіла ініцыятыва стварыць базавую арганізацыю дзяржаў — удзельніц СНД па школьным харчаванні. Гэта запатрабаваны і актуальны сёння напрамак.

Удзельнікі пасяджэння падтрымалі праект рашэння аб базавай арганізацыі па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы журналісцкіх кадраў. Яго сутнасць у тым, што ў грамадскім савеце базавай арганізацыі павінна дзейнічаць дзве падгрупы: першая будзе займацца падрыхтоўкай журналісцкіх кадраў па ўзроўнях адукацыі, другая — адказваць за павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку спецыялістаў у галіне журналістыкі з прыцягненнем да адукацыйнага працэсу прафесійных кадраў.

Рэктар РІПА Валерый Галубоўскі раскрыў падрабязнасці работы над праектам канцэпцыі забеспячэння якасці прафесійнай адукацыі. Яна накіравана на ўкараненне механізмаў арганізацыйнай і навукова-метадычнай падтрымкі дзейнасці па параўнальным аналізе з мэтай забеспячэння празрыстасці падыходаў да якасці адукацыі і ўмацавання ўзаемнага даверу да вынікаў навучання. Акрамя таго, гэта ўзаемнае ўзбагачэнне тых, хто займаецца прафесійнай адукацыяй у Садружнасці, у распрацоўцы і рэалізацыі навукова-абгрунтаваных падыходаў у галіне якасці. У дакуменце прадстаўлены асноўныя падыходы да вызначэння індыкатараў якасці прафесійнай адукацыі, збору і аналізу даных у адносінах якасці мэт, адукацыйнага працэсу і ацэнкі вынікаў навучання.

Па выніках пасяджэння прыняты шэраг рашэнняў, якія будуць садзейнічаць развіццю сістэмы адукацыі на нацыянальным узроўні і на прасторах СНД.

***

У межах мерапрыемства прайшла выстава, дзе была прадстаўлена дзейнасць універсітэтаў, якія з’яўляюцца базавымі арганізацыямі дзяржаў — удзельніц СНД.

Так, на экспазіцыі БДУІР прэзентавалі навуковыя работы і інавацыйныя распрацоўкі: інтэгральныя мікрасхемы для счытвання сігналаў RОС ТРС, ватметр, паглынальнікі электрамагнітнага выпраменьвання ЗВЧ-дыяпазону і інш.

— Прадстаўленая выстава дазваляе зрабіць выснову, што дасягненні базавых арганізацый адпавядаюць сусветнаму ўзроўню, сусветным трэндам. Распрацоўкі даволі яркія і выклікаюць несумненную цікавасць ва ўдзельнікаў, — падзяліўся ўражаннямі старшыня ВАК Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гучок. — Выкажу пажаданне, каб павялічылася колькасць кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, у тым ліку і па выніках прадстаўленых распрацовак. Са свайго боку ВАК гарантуе аб’ектыўнасць, паўнату, усебаковасць разгледжання кожнай работы. Адносна пасяджэння адзначу, што мы рухаемся па шляху ўніфікацыі сістэмы атэстацыі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Сёння ёсць пэўныя поспехі на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза. І думаю, мы вызначымся з некаторымі канцэптуальнымі пытаннямі ўніфікацыі ў фармаце СНД. Гэта будзе пашыраць нашу прастору, рабіць яе больш прыцягальнай і забяспечыць гарантыі і правы саіскальнікаў на атрыманне той кваліфікацыі, на якую яны прэтэндуюць.

Наталля КАЛЯДЗІЧ

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует: 

Учебники и учебные пособия для общего среднего образования