Каманда са слуцкага каледжа атрымала 9 медалёў на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва
Каманда Слуцкага дзяржаўнага каледжа заваявала 7 залатых і 2 сярэбраныя медалі на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва, які адбыўся падчас 29-й Міжнароднай аптовай харчовай выставы-кірмашу «ПрадЭкспа-2023», што праходзіла у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа», паведаміла карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» загадчыца аддзялення названай установы адукацыі Таццяна Ядчанка.
Па яе словах, навучэнцы каледжа з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі такога спаборніцтва і на гэты раз каманда са Слуцка ўстанавіла своеасаблівы рэкорд па колькасці ўзнагарод. Конкурсныя вырабы случчан захапілі сваёй прыгажосцю не толькі наведвальнікаў выставы, але і членаў журы.
Трэццякурсніца Валерыя Марчанка ўжо трэці раз удзельнічала ў гэтым чэмпіянаце. Кожны раз яна прадстаўляла работу, якую адзначалі высокай ацэнкай. Але дзяўчына не спынялася на дасягнутым, удасканальвала майстэрства. Сёлетні выраб Валерыі можна назваць сапраўдным творам мастацтва. Ля яе кандытарскай скульптуры «Маша і мядзведзь» увесь час стаяў натоўп наведвальнікаў выставы. А вось другакурсніца Ангеліна Нурава стварыла пернік у выглядзе бярозкі з паэтычнымі словамі Якуба Коласа, тым самым выказала любоў да роднага краю. Вырабы кіраўніка каманды педагога дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірыны Купрыянчык сталі ўзорам кандытарскага мастацтва: тры яе работы атрымалі 2 золата і 1 серабро. Іншыя канкурсанткі прадставілі свае індывідуальныя праекты, некаторыя з якіх былі з 3D-суправаджэннем.
Ала КЛЮЙКО
Прадстаўнікі каледжаў Віцебшчыны паспяхова выступілі на спаборніцтвах у сферы прыгажосці
Прадстаўнікі каледжаў Віцебшчыны паспяхова выступілі на XVI Міжнародным фестывалі прыгажосці “Ружа вятроў HAIR — 2023” і чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь “Стыль і прыгажосць — 2023”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Адна з самых захапляльных падзей у свеце айчыннай індустрыі прыгажосці і стылю, нацэленая на паказ і трансляцыю новых ідэй і тэхналогій, аб’яднала ў Мінску 8—10 лістапада вядучых прафесіяналаў і самых таленавітых маладых майстроў з усіх рэгіёнаў нашай краіны.
Звыш 300 канкурсантаў спаборнічалі ў 60 намінацыях, якія ахоплівалі шырокі спектр напрамкаў цырульніцкага мастацтва, ногцевага сэрвісу, мейкапу.
Таксама на выставе “Інтэрстыль-2023” удзельнікі мелі магчымасць азнаёміцца з апошнімі моднымі тэндэнцыямі, знайсці і пераняць нешта значнае асабіста для сябе.
Віцебскі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці і тэхналогій прадстаўлялі Глеб Акуленка, Эрыка Патапенка, Уладзіслаў Дубко і Святлана Крылова. У юніёрскай катэгорыі індывідуальнага першынства Глеб заняў 2-е месца сярод 20 удзельнікаў у намінацыі “Мужчынскі вобраз STREET STYLE”, Эрыка — 5-е месца ў намінацыі “Жаночы вобраз STREET STYLE” і 7-е месца ў намінацыі “Вячэрняя прычоска”. Падрыхтавала навучэнцаў выкладчык Наталля Лаўрэнава.
— Нават проста выступленне на такіх маштабных конкурсных мерапрыемствах сур’ёзна спрыяе павышэнню якасці прафесійнай падрыхтоўкі, — падкрэсліла дырэктар Віцебскага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці і тэхналогій Алена Кучынская. — Пра яе ўзровень сведчыць тое, што мы ўвайшлі ў лік пераможцаў. Галоўнай матывацыяй для педагогаў і іх вучняў з’яўляюцца натхненне, жаданне расці ў любімай справе. Удзел у чэмпіянаце садзейнічаў абмену прафесійным вопытам, знаёмствам з творчай моладдзю, развіццю эстэтычнага густу і, безумоўна, асобасна прафесійных якасцей.
З трыумфам вярнуліся дадому навучэнцы Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Лізавета Глябко, Дар’я Сяліцкая, Настасся Баранава, Кацярына Дударава, Арына Мацюшэнка і Юльяна Марэцкая. Усе яны па-майстэрску справіліся з конкурснымі заданнямі, прапануючы эфектныя жаночыя і мужчынскія вобразы. Палачанкі віртуозна імправізавалі ў стварэнні дзённых і вячэрніх прычосак, класічных і ультрамодных стрыжак з укладкамі, крэатыўным макіяжы. Пры гэтым Настасся спаборнічала не ў юніёрскай, а ў дарослай катэгорыі і выступіла дастойна.
— Мы падалі заяўку ў 14 намінацыях, у кожнай з іх сталі прызёрамі, — паведаміла намеснік дырэктара каледжа Юлія Коршунава. — Як вынік, прывезлі са сталіцы 14 дыпломаў і 8 кубкаў. Нашы зорачкі вучацца на 2 курсе. Важна, што дзяўчаты ва ўсім дапамагалі адна адной, дзейнічалі разам. Іх трэнеры выкладчыкі Валерыя Праснякова, Таццяна Харытонава і Алена Андруковіч — сапраўдныя асы ў сваёй галіне, яны штогод паспяхова рыхтуюць навучэнцаў да рэспубліканскіх і абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства. У чэмпіянаце мы ўдзельнічалі адзінаццаты раз, гэта частка выбудаванай у каледжы сістэмы падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі, накіраванай у тым ліку на арганізацыю аптымальных умоў для развіцця і ўдасканальвання прафесійных кампетэнцый.
Лідарамі каманднага першынства сярод устаноў адукацыі, школ і студый Рэспублікі Беларусь сталі выкладчыкі, майстры вытворчага навучання і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа. Педагогі поруч са сваімі вучнямі абаранялі гонар установы адукацыі, роднага горада і вобласці ў 18 намінацыях.
— Нашы юніёры — навучэнцы каледжа заваявалі 10 прызавых месцаў, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання — 4 прызавыя месцы, — праінфармавала намеснік дырэктара каледжа Марына Савіна. — Сярод навучэнцаў Хрысціна Прыстаўка і Вераніка Варушэнка былі прызнаны лепшымі ў намінацыі STREET STYLE, у іх 1-я месцы за стварэнне мужчынскага і жаночага вобраза адпаведна. Валерыя Цюльпа ўзначаліла конкурсны рэйтынг у намінацыі “Гатовая пасціжорная работа”. У Ірыны Бандарэнка 1-е месца за постар “Фантазійны вобраз” (ногцевы сэрвіс). Некаторыя з канкурсантаў увайшлі ў тройку лепшых адразу па некалькіх пазіцыях. Напрыклад, у Лізаветы Асяпёнак 2-е месца ў “Моднай жаночай стрыжцы з укладкай”, два 3-я месцы — у “Вячэрняй камерцыйнай прычосцы” і намінацыі “Рамантычная нявеста”. І, дарэчы, яшчэ ў дзвюх намінацыях чацвёрты вынік. Сярод педагогаў каледжа дыпломамі І—ІІІ ступеней і кубкамі ўзнагароджаны Вольга Фаміна, Юлія Яскевіч, Дзіяна Лусева, Паліна Зянькоўская. Дыпломам “Трэнер каманды-пераможцы па цырульніцкім майстэрстве” адзначана Кацярына Мацкевіч. Вынік вельмі прыемны для нас, гэта красамоўны паказчык комплекснай калектыўнай работы. Такія падзеі акрыляюць, натхняюць рухацца да новых вяршынь.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена каледжамі — удзельнікамі чэмпіянату
По материалам https://nastgaz.by/.
«Народная асвета» рекомендует: