У сталіцы падведзены вынікі адкрытай міжпрадметнай алімпіяды UNISTAR-2023, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Спаборніцтвы былі арганізаваны ў дыстанцыйнай форме для навучэнцаў 8—9-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на базе гімназіі № 38 Мінска імя М.А. Шугаева. Сёлета ўдзельнікамі сталі школьнікі не толькі з Мінска і Мінскага раёна, але і Гомеля, Магілёва, Магілёўскай вобласці. У гэтым годзе ў алімпіядзе прыняла ўдзел рэкордная колькасць чалавек — 428.
У выніку навучэнцы заваявалі 195 дыпломаў, з іх 38 — І ступені, 55 — ІІ ступені, 102 — ІІІ ступені. Таксама былі адзначаны абсалютныя пераможцы па кожным напрамку, ім уручаны дыпломы знатакоў.
Па агульнай суме набраных балаў першае месца атрымала каманда сярэдняй школы № 121 Мінска імя М.Ф. Ягорава. Яна, дарэчы, стала уладальніцай пераходнага кубка пераможцы алімпіяды. Другое месца заняла каманда сярэдняй школы № 3 Мінска імя Героя Савецкага Саюза К.А. Шабана. Трэцяе падзялілі каманды гімназіі № 8 Мінска і сярэдняй школы № 28 Мінска.
У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры еўразійскіх даследаванняў факультэта міжнародных адносін БДУ Андрэй Русаковіч, дэпутат Мінгарсавета Эдуард Кузняцоў, загадчык кафедры міжнароднага эканамічнага права БДЭУ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Таццяна Целяціцкая.
Алімпіяда праводзілася ўжо восьмы год запар. Яе ўнікальнасць у тым, што заданні распрацоўваюцца з улікам міждысцыплінарнай інтэграцыі вучэбных прадметаў і для іх выканання неабходна прымяніць веды з розных адукацыйных галін. Навучэнцы спаборнічалі па трох напрамках: гуманітарным (аб’ядноўвае беларускую мову і літаратуру, рускую мову і літаратуру, гісторыю), фізіка-матэматычным (фізіку і матэматыку), прыродазнаўчанавуковым (біялогію, хімію і геаграфію). Прапаноўваліся заданні рознага ўзроўню складанасці ў залежнасці ад выбранага кірунку.
Наталля КАЛЯДЗІЧ, Настаўніцкая газета
Фота прадастаўлены гімназіяй № 38 Мінска