Настаўнікі­-дэфектолагі, педагогі-­псіхолагі і лагапеды актыўна выкарыстоўваюць на сваіх занятках пясочніцу. І гэта невыпадкова: гульня з пяском як спосаб саматэрапіі і самаразвіцця вядома з даўніх часоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У педагагічнай практыцы пясочныя гульні прыводзяць да комплекснага адукацыйна-тэрапеўтычнага эфекту не толькі ў рабоце са здаровымі дзецьмі, але і з тымі, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг Дараўскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Вольга Маслоўская. — Пескатэрапія як адзін з асноўных відаў арт-тэрапіі і арт-педагогікі адыгрывае важную ролю ў карэкцыі маўленчых парушэнняў, вырашэнні псіхалагічных цяжкасцей, творчай самарэалізацыі і камунікацыі.

У сваёй дзейнасці настаўнік-дэфектолаг звяртаецца да гульняў з пяском для развіцця звязнага маўлення і лексіка-граматычных уяўленняў выхаванцаў, якія, дзякуючы ім, вывучаюць літары, асвойваюць чытанне і пісьмо, набываюць графаматорныя навыкі. Гульня можа ўяў­ляць сабой самастойныя заняткі ці іх этап у індывідуальнай ці падгрупавой рабоце.

— Адаптацыйныя гульні дапамага­юць дзецям прыстасавацца да дашкольнай установы, засвоіць нормы, правілы паводзін і зносін у групе, — працягвае Вольга Маслоўская. — Сярод іх — “Пясочнае кола” (малышы малююць на пяс­ку любым спосабам кола і ўпрыгожваюць яго рознымі прадметамі) і “Пясочны дожджык” (дзеці павольна, а затым усё хутчэй і хутчэй сыплюць пясок з кулачка ў пясочніцу, на далонь дарослага ці на сваю далонь).

Па словах настаўніка-дэфектолага, вучэбныя гульні дапамагаюць ас­воіць чытанне, пісьмо і лічэнне. Займаючыся з пяском, дзеці дзеляцца сваімі адчуваннямі, дзякуючы чаму развіваецца іх маўленне і пашыраецца слоўнікавы запас. Сярод такіх гульняў — “Падзялі слова на склады” (малышы малююць на пяску пэўнае слова і вертыкальнымі палоскамі дзеляць яго на склады) і “Чаго не стала” (педагог сцірае частку прадметаў на пясочнай карцінцы, а затым просіць дзіця расказаць, што змянілася на ёй).

З дапамогай пазнавальных гульняў малышы пазнаюць навакольны свет. Перанос традыцыйных вучэбных і развіццёвых заданняў у пясочніцу істотна павышае матывацыю да заняткаў. Сярод такіх гульняў — “Чый гэта след?” (дзеці адгадваюць сляды, пакінутыя на вільготным пяску ад далоні ці ступні, абутку ці колаў цацачнай машынкі) і “Археалогія” (педагог закопвае некалькі цацак, а малышы, раскопваючы іх, павінны навобмацак здагадацца, што гэта).

Лагапедычныя гульні дапамагаюць устараніць дэфекты і несфармірава­насць маўлення. Сярод іх — гульні на развіццё дыяфрагмальнага дыхання і артыкуляцыйныя практыкаванні з рухамі па пяску: “Арэлі” (дзеці рытмічна рухаюць языком уверх-уніз і ўказальным пальцам вядучай рукі ў такт рухам языка во­дзяць па пяску ў тым жа кірунку) і “Зраўняй дарогу” (педагог праводзіць ад цацачнай машынкі неглыбокую канаўку ў пяску, а малыш паветраным струменем выраўновае дарогу перад машынкай).

Графаматорныя гульні накіраваны на развіццё каардынацыі рухаў і графаматорных навыкаў, успрыманне прасторы і двухручных рухаў. Творчыя гульні развіваюць уяўленне, эмацыянальную чуласць і патрэбу ў самавыяўленні.

— Станоўчыя вынікі пескатэрапіі пац­вярджаюцца практыкай. Дзякуючы пясочным гульням, у дзяцей не толькі павышаецца цікавасць да заняткаў, але і матывацыя да маўленчых зносін, папаўняецца і актывізуецца слоўнік, развіваюцца дробная маторыка і зрокавае ўспрыманне, першасныя вымаўленчыя ўменні і навыкі, фарміруюцца навыкі чытання і пісьма, карэкціруецца граматычны лад маўлення. Акрамя таго, малышы адчуваюць сябе больш паспяховымі, — падагульняе Вольга Маслоўская. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

В помощь педагогу Монтессори-группы. Из опыта работы

В книге раскрываются основные принципы Монтессори-метода, направленные на формирование в дошкольном возрасте разносторонне развитой личности; описываются виды деятельности педагога по лингвистическому и сенсорному развитию, трудовому и «космическому» воспитанию; даются рекомендации по планированию образовательного процесса в Монтессори-группе; содержатся советы для родителей по развитию мелкой моторики у дошкольников.

Адресовано специалистам дошкольного образования, родителям.

В помощь педагогу Монтессори-группы. Из опыта работы

13.38 руб.