Як навучыцца чуць, чаго хочуць дзеці? Адказ на гэтае пытанне карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дапамагла знайсці псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ілляна Мацвіенка.

— Ілляна, з якога ўзросту ў расклад дзіцяці можна ўно­сіць дадатковую адукацыю?

— Бацькам важна разумець і не забываць, што дадатковае развіццё — гэта цудоўна ў любым узросце. Але трэба ўлічваць узроставыя і індывідуальныя асаб­лівасці свайго дзіцяці. Агульнапрынята лічыць, што ўжо з трох гадоў малыша можна вадзіць на заняткі, якія звязаны з рухальнай актыўнасцю, творчасцю, а таксама спрыяюць агульнаму развіццю.

Не трэба забываць, што навучанне становіцца вядучай дзей­насцю ў жыцці дзіцяці, пачынаючы з малодшага школьнага ўзрос­ту. Да гэтага часу ў малога вядучай дзейнасцю з’яўляецца гульнявая. Пра гэта трэба помніць, аддаючы дзіця на любыя дадатковыя заняткі. Разам з тым не варта чакаць ад малога нейкіх поспехаў ці дасягненняў: яно яшчэ не здольна засвойваць веды, яму больш важны сам працэс заняткаў, а не яго вынікі. 

— Выбіраючы гурток для школьніка, на што павінны арыентавацца бацькі?

— Гэта здасца банальным і відавочным, але найбольш правільна ў першую чаргу арыентавацца на інтарэсы дзіцяці, выбіраючы для яго гурток. Вельмі часта бацькі самі будуюць планы, у іх свае погляды на тое, чым павінен займацца іх маленькі школьнік або падлетак. Але часта гэта не супадае з характаралагічнымі і індывідуальнымі асаб­лівасцямі дзіцяці, з яго фізічны­мі здольнасцямі і вынослівасцю, калі гэта тычыцца спартыўных секцый. У такім выпадку адбываецца сутыкненне патрэб і інтарэсаў баць­коў і дзіцяці. Напрыклад, малы хоча ўзаемадзеяння з равеснікамі, зносін з імі, творчай самарэалізацыі. Тым часам бацькі чакаюць ад яго выніковасці, набыцця новых ведаў. У гэтым выпадку атрымліваецца так, што школьнік не рэалізуе чаканні бацькоў, не апраўдвае іх надзеі. Як вынік, узнікаюць канфліктныя сітуацыі. Перажываючы іх, дзіця страчвае цікавасць да пэўных відаў дзей­насці і ў прыватнасці да дадатковых заняткаў.

Таму важна размаўляць са сваім дзіцем, каб зразумець яго. Усё гэта ў большай ступені датычыцца старэйшых школьнікаў і падлеткаў. Калі гаворым пра дашкольніка, то яго матыў — гэта захапляльнасць пра­цэсу. Малышы атрымліваюць задавальненне і ад яго, і ад той зваротнай сувязі, якую ім даюць педагогі і бацькі.

У гэтым пытанні важная роля належыць і здольнасцям дзіцяці. Калі бацькі бачаць іх, то аддаюць дзіця ў гурток вызначанага кірунку. У такой сітуацыі, у асноўным у падлеткаў, адносна нейкага віду дзейнасці могуць быць супярэчлівыя пачуцці. Напрыклад, дзяўчынка добра танцуе, у яе ўсё выдатна атрымліваецца. Бацькі настойваюць на тым, што трэба працяг­ваць танцаваць. А падлетак хоча паспрабаваць іншае, бо ведае, што з танцамі ўсё і так добра. Калі бацькі дазволяць дакрануцца да рознай дзейнасці, гэта ў тым ліку дапаможа дзецям лепш спазнаць сябе, свой унутраны свет.

— Ці трэба загадзя абмяркоўваць з дзіцем, што ра­біць, калі яму не спадабаецца наведваць дадатковыя заняткі? Колькі часу на адаптацыю да новай дзейнасці трэба даваць школьніку?

— Да новага калектыву, да новых відаў актыўнасці дзіця можа прывыкаць ад 1 да 6 месяцаў. Таксама многае залежыць ад індывідуальных асаблівасцей дзіцяці, ад калектыву, у якім яно апынулася, ад таго, наколькі часта прахо­дзяць заняткі. Чым больш паміж імі часу, тым даўжэй будзе прывыкаць дзіця.

У такой сітуацыі малому варта дапамагаць. Важна цікавіцца тым, як праходзяць заняткі, як завуць педагогаў, дзяцей. Магчыма, у групе, дзе дзіця займаецца, існу­юць свае рытуалы, якія выконваюцца на кожным уроку і з’яўляюцца спосабам прывыкання да абстаноўкі, да дзяцей, якія знаходзяцца побач пэўны час.

Цудоўна, калі бацькі абмяркоўваюць са сваімі дзецьмі сітуа­цыі, якія дазваляюць навед­ваць гурткі або не хадзіць на іх. Гэта дае магчымасць падстрахавацца і дамовіцца аб колькасці заняткаў, якія наведвае дзіця, зразумець, ці падабаецца яму ў той сферы, якую яно выбрала.

Калі мы нешта вывучаем, гэта не заўсёды можа быць цікава. Таму тое, што існуе цыклічнасць цікавасці, нармальна. Заняткі выклі­чуць розныя эмоцыі, інтарэс будзе з’яўляцца і знікаць. Чаго дакладна не варта рабіць дарослым, дык гэта прымушаць дзяцей ха­дзіць на дадатковыя гурткі. Калі так адбываецца, узнікае агрэсія. Шчаслівым ад такіх заняткаў ніхто не будзе.

Важна прагаварыць, колькі заняткаў можна прапусціць, узяць тайм-аўт, каб вярнуцца з новымі сіламі да набыцца ведаў. Гэта трэба абмяркоўваць да таго, як з’явяцца новыя захапленні. Праз некалькі месяцаў трэба перагледзець дамоўленасці, даведацца, ці ўсё добра, магчыма, трэба перагле­дзець правілы наконт пропуску заняткаў. Магчыма, нейкія прычыны са спіса знікнуць, але могуць дабавіцца новыя. Сярод іх мо­гуць быць дрэннае самаадчуванне, вя­лікая нагрузка ў школе, стомленасць, адсутнасць настрою. Дзіця павінна дакладна разумець, чаму хочацца прапусціць заняткі. Калі яно проста лянуецца, то гэта не аргумент, а калі насамрэч стамілася, то іншая справа.

— Некаторыя бацькі максімальна нагружаюць дзяцей, дапаўняючы школьны расклад не адным і нават не двума гурткамі. Чым можа пагражаць празмерная нагрузка?

— Развіццё дзіцяці і набыццё ім ведаў, авалоданне пэўнымі навыкамі — гэта цяжкая праца. Дарослым трэба гэта разумець. Так, у дзяцей і падлеткаў навучанне нечаму новаму адбываецца праз узаемаадносіны з равеснікамі, і ім гэта падабаецца. Тым не менш за ўсім гэтым хаваецца празмерная нагрузка на арганізм, у тым ліку на псіхіку. У дзяцей і падлеткаў, акрамя дадатковай адукацыі, многа задач, на якія патрабуюцца сілы і час. Сюды адносіцца навучанне ў школе, набыццё пэўных бытавых ведаў і навыкаў. Калі гаварыць пра малодшы школьны ўзрост, дзеці ў ім у тым ліку асвойваюць новыя сацыяльныя ролі. Самая галоўная з іх — роля вучня. Для падлеткаў такая роля заключаецца ў разуменні самога сябе і ўзаема­дзеянні з іншымі.

Арганізоўваючы празмерную нагрузку для дзяцей і падлеткаў, у адказ можна сутыкнуцца з рознымі рэакцыямі, пачынаючы з нежадання наведваць гурток і заканчваючы псіхасаматычнымі рэакцыямі. У загружанага школьніка можа пачаць балець жывот, узніка­юць прастудныя захворванні. Яму пагражаюць эмацыянальнае, псіхічнае, фізічнае знясіленне. Гэта яшчэ раз пацвярджае той факт, што бацькі павінны ведаць індывідуальныя асаб­лівасці свайго дзіцяці. Частая гісторыя, калі дзіця або падлетак запісваецца на вялікую коль­касць гурткоў і дадатковых заняткаў, бо не можа вызначыцца, чаго яму больш хочацца ў пэўны момант. У такім выпадку трэба прагаварыць з дзіцем, што не абавязкова хадзіць на ўсё, куды яно запісалася. З цягам часу колькасць выбраных захапленняў адфільтруецца: школьнік будзе бачыць, што яму больш цікава, а куды хадзіць зусім не хочацца.

Ёсць яшчэ адзін важны момант — тэмп жыцця. Для дзяцей з нізкім тэмпам, які патрабуе доўгага ўключэння ў працэс, аднаго або двух гурткоў будзе больш чым дастаткова. Для іншых і пяць гурткоў — аптымальны варыянт. Аднак калі ў школьніка 17 гадзін у тыдзень, акрамя школы, займаюць дадатковыя заняткі, ці можна гэта лічыць правільным? Гэта рэальны выпадак, які мы разглядалі з адной сям’ёй. У дзіцяці быў настолькі шчыльны графік, што часу на адпачынак ад нагрузкі ў яго не было, не гаворачы пра зносіны з сябрамі і сям’ёй.

Калі падсумаваць, то бацькам і дзецям важна знаходзіць баланс паміж “трэба”, якога патрабу­юць дарослыя, і “хачу”, якім адказваюць дзеці. Падлеткам разуменне таго, чаго яны хочуць, дапаможа правільна размяркоўваць час на актыўнасці. Таксама гэта з’яўляецца асновай паспяховага выбару прафесіі.

— Дадатковыя заняткі, якія любяць дзеці, дарослыя могуць прымяняць як інструмент шантажу: атрымаў дрэнную адзнаку — на плаванне не пой­дзеш. Чым небяспечны такі падыход?

— Адназначна, гэта негатыўна адбіваецца на дзіцяці. Такі падыход пагражае тым, што яно можа страціць цікавасць да заняткаў, якія пачнуць асацыіравацца з пакараннем. Таксама гэта можа стаць падставай для маніпуляцый. Калі дарослы пачне маніпуляваць дзіцем, а інакш гэта не назавеш, то наступны раз само дзіця адмовіцца ад усяго, што наведвала. Хобі — гэта частка жыцця, якая дапамагае развівацца. Выкарыстоў­ваць яго як пакаранне — рабіць горш самому дзіцяці, пазбаўляць яго развіцця і цікавых зносін.

Тым не менш бацькі мо­гуць абмярко­ўваць з дзіцем складанне графіка, размеркаванне сіл у дачыненні да ўсяго, чым яно зай­маецца. Калі мама ба­чыць, што з наведваннем нейкай актыўнасці ў школьніка рэз­ка зніжаецца паспяховасць, то яна пачынае гаварыць з ім пра тое, што неабходна пераразмеркаваць час і сілы, зрабіць усё магчымае, каб вярнуцца да балансу, які існаваў. Атрымліваецца, у дарослых ёсць магчымасць выраў­няць сітуацыю, разабрацца ў ёй, даць дзіцяці ці падлетку магчымасць самастойна пераструктураваць сваю занятасць, правільна расста­віць прыярытэты, каб зразумець, што яму больш важна і як з усім справіцца.

Што яшчэ цікава, калі дарослыя ў адказ на дрэнныя адзнакі будуць забараняць дзіцяці наведваць любімыя дадатковыя заняткі, яно можа пачаць прагульваць школу.

— Што наконт падлеткаў, якім усё нецікава? Як ім дапамагчы знайсці любімае хобі?

— Тут важна ўлічваць меркаванне падлеткаў, а таксама дапамагчы ім пабудаваць лан­цужок тых заняткаў, якія ім падабаюцца і могуць даць магчымасць рэалізавацца ў пэўным кірунку. Таксама з падлеткамі важна размаўляць, як і з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту. Будзе цудоўна, калі знойдуцца такія хобі і дадатковыя заняткі, якія звязаны з пэўнай прафесійнай сферай. Напрыклад, дзіця хоча звязаць сваю будучыню з тым кірункам, дзе неабходна ўмець маляваць. У такім выпадку можна прапанаваць яму вы­браць студыю, дзе вучаць маляванню. Калі падлетак хоча стаць дызайнерам, ад гэтай прафесіі будуем ланцужок і шукаем гурткі, якія звязаны з акрэсленай сферай дзейнасці, напрыклад, па мадэляванні і кан­струяванні адзення.

Таксама з падлеткамі можна абмяркоўваць тэмы наведвання майстар-класаў, разавых заняткаў. Гэта важна, бо секцыі і гурткі павінны гарманічна ўпісвацца ў рытм жыцця падлетка, а не быць дадатковай бескарыснай нагрузкай, якая не дазваляе праяўляць сябе і пазбаўляе таго, чым сапраўды падабаецца займацца.

— Ілляна, ці праўда, што для гарманічнага развіцця асобы дзіцяці трэба спалучаць наведванне творчых, інтэлектуальных і спартыўных дадатковых заняткаў?

— Ва ўсім трэба ўлічваць баланс. Часта той актыўнасці, якая ёсць у дзяцей, ім хапае. Прыслухайцеся да дзіцяці: чаго яно хоча, у чым развівацца? Важна падбіраць тыя гурткі і секцыі, якія дапамогуць адчуваць сябе лепш, будуць спры­яць праяўленню асобы дзяцей, іх самарэалізацыі. Гава­рыць пра тое, што для гарманічнага развіцця адзін гурток павінен быць творчым, а другі — спартыўным, нельга, бо гэта вельмі абагульняюча, усе дзеці розныя.

Гармонія развіцця дасягаецца не роўнай колькасцю гурткоў, а той колькасцю актыўнасцей, якая па вызначаных кірунках ужо існуе ў жыцці школьніка, і яго задаволенасцю.

Падсумоўваючы, хочацца заклікаць дарослых дапамагаць дзецям падбіраць сабе актыў­насці. Важна, каб бацькі праяўлялі цікавасць не толькі да іх дасягненняў, але і да самога працэсу заняткаў. Назіраючы за гэтым, можна ўбачыць, як дзіця ці падлетак мяняецца дзякуючы заняткам. Гэта трэба адзначаць і заахвочваць. Неабходна таксама падтрымліваць дзіця, калі ўзнікаюць цяжкасці, і нагад­ваць, што гэта нармальна, калі ад усяго хочацца адпа­чыць. Калі раптам падлетак рэзка мяняе інтарэсы, то гэта таксама нармальная гісторыя: у такім узросце цікавасць можа быць няўстойлівай, што нястрашна. Калі інтарэсы змяніліся і свет падлетка стаў больш цікавым, яркім і багатым, то гэта проста цудоўна. Нельга, каб свет дзіцяці звужаўся і факусіраваўся на нечым адным, ушчамляў іншыя сферы яго жыцця і негатыўна ўплываў на самаадчуванне. У такім выпадку трэба задумацца: каму важна наведванне гурткоў, якія выклікаюць такія рэакцыі? І самае важнае правіла. Ці ведалі вы, што падлеткі вельмі ўважлівыя да бацькоў і назіраюць за імі? Яны бачаць, чым захап­ляюцца дарослыя. Калі ў мамы ёсць свае хобі, дзякуючы якім яна адпачывае, калі яна танцуе, займаецца спортам ці малюе, то дзіця бу­дзе разумець, што гэта правільна, што так і павінна быць. Падлетак будзе пераймаць такія ма­дэлі паводзін, што дапаможа яму расці ў гармоніі з сабой.

 Наталля САХНО

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

Книги для детей