Нейрасеткі ў адукацыі: ChatGPT выкарыстоўваюць педагогі для арганізацыі вучэбнай дзейнасці на ўроках. Сучасны свет не стаіць на месцы. Дынамічная і педагогіка, бо, навучаючы іншых, настаўнікі вучацца і самі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З педагагічнымі кадрамі адназначна пашанцавала сярэдняй школе № 9 Светлагорска — тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы. І адразу два педагогі ўдзельнічаюць у праграме “Настаўнік для Беларусі”: настаўнік-метадыст настаўніца матэматыкі Святлана Міцкевіч і Таццяна Козырава, удзельніца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, якая выкладае англійскую мову. Абодва прадметы карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод школьнікаў, а педагогі — павагай сярод калег.
“Настаўнік для Беларусі” — праграма для таленавітых, актыўных, неабыякавых людзей, тых, хто шчыра любіць сваю прафесію і атрымлівае задавальненне ад работы з дзецьмі, тых, хто гатовы ў правінцыяльных школах уводзіць новыя ідэі. Праект рэалізуецца пры падтрымцы ААТ “Ашчад Банк” і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
— Семінары, курсы павышэння кваліфікацыі, вэбінары, педагагічныя марафоны, удзельнікамі і арганізатарамі якіх з’яўляюцца нашы педагогі, павышаюць прафесіяналізм, майстэрства і пашыраюць педагагічныя гарызонты ў справе навучання падрастаючага пакалення, — падкрэслівае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 9 Светлагорска Алена Давыдзенка. — Другі год наша ўстанова адукацыі з’яўляецца школай — партнёрам рэспубліканскай праграмы “Настаўнік для Беларусі”, якая прызвана адкрываць новыя адукацыйныя магчымасці для дзяцей і настаўнікаў, забяспечваць доступ кожнаму дзіцяці да якаснай школьнай адукацыі.
Ідэй у педагогаў многа, і яны выкарыстоўваюць любую магчымасць для паглыблення ведаў і навыкаў. Так, адбылася запланаваная сустрэча з метадыстамі праграмы Ірынай Адамовіч, Марыяй Халюковай і куратарамі Наталляй Цецярук і Алесяй Чашун. У рамках аднаго вучэбнага дня педагогі светлагорскай школы прадэманстравалі сваю работу на адкрытых уроках замежнай мовы і матэматыкі. Таццяна Козырава ў гульнявой форме дапамагала школьнікам разабрацца, як дакладна вызначыць час дзеясловаў. Дзеці ўспомнілі правіла і ўдала справіліся з практыкаваннямі на картках. Дарэчы, педагог імкнецца праводзіць урок дынамічна і захапляльна. Такі падыход у засваенні замежнай мовы нясе вялікую карысць, бо пазітыўная атмасфера толькі спрыяе эфектыўнасці навучання. Нават старыя добрыя крыжыкі-нулікі ператвараюцца ў граматычную і лексічную гульню.
На ўроку матэматыкі ў Святланы Міцкевіч дзевяцікласнікі разбіралі задачы на паўтарэнне, бо для іх асабліва важна правесці 45 мінут урока з карысцю, таму што не за гарамі школьны экзамен. На ўроку панавала камфортная атмасфера, таму ў работу ўключыліся абсалютна ўсе.
— За ўрок да дошкі выходзяць практычна ўсе навучэнцы, — гаворыць Святлана Іванаўна. — У канцы заняткаў выкарыстоўваю прыём “3-2-1”: кожны навучэнец трыма фразамі апісвае, што зразумеў на ўроку, дзвюма — што паўтарыў, а ў адной задае пытанне настаўніку. І тады сапраўды можна быць упэўненай, што ніводны вучань не пайшоў з майго ўрока з незададзеным пытаннем ці з нечым незразумелым па тэме, якая вывучаецца.
У праекце “Настаўнік для Беларусі” ўдзельнічаюць педагогі з усіх абласцей краіны. Гэта высокаматываваныя людзі, якія імкнуцца развівацца, а таксама шукаюць новыя падыходы ў дзейнасці па навучанні дзяцей і раскрыцці іх патэнцыялу.
Пасля праведзеных урокаў метадысты і куратары праграмы выступілі з падтрымкай яркіх і таленавітых педагогаў рэгіёна, падказалі, як выйсці на новы ўзровень у сваёй рабоце.
— У нашым фокусе — дзеці, таму важна, каб навучэнцам было камфортна, цікава на ўроках, а ўзаемадзеянне дзіцяці і настаўніка прыносіла радасць, — сказала метадыст праграмы “Настаўнік для Беларусі” настаўнік матэматыкі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 20 Барысава Ірына Адамовіч.
Google выбірае актыўных
Далей куратары і метадысты праграмы “Настаўнік для Беларусі” разам з настаўнікамі сярэдняй школы № 9 паўдзельнічалі ў дыскусіі “Нейрасеткі ў адукацыі”, метадычным дыялогу “Рэфлексія на ўроку”, выказвалі свае меркаванні ў майстэрні ідэй “Дзе згубіліся адзнакі?”, разабралі этапы “Незвычайнага звычайнага ўрока” ў педагагічнай студыі. Самае ажыўленае абмеркаванне выклікала праграма штучнага інтэлекту. Бо сёння перавагамі нейрасеткi карыстаюцца не толькі вучні, але і педагогі, знаходзяць новыя формы і метады, якія можна выкарыстоўваць у рабоце, у тым ліку і на ўроку. Штучны інтэлект і быў створаны спецыяльна для дапамогі людзям у вырашэнні пытанняў, атрыманні інфармацыі, каб яны маглі больш эфектыўна спраўляцца з пастаўленымі задачамі. З дыялогу педагогаў стала зразумела, што нейрасеткамі карыстаюцца многія. Праграму можна выкарыстоўваць для падрыхтоўкі да ўрока або прапанаваць варыянты тэм для класнай гадзіны. А яшчэ штучны інтэлект можа дапамагчы стварыць партрэт пісьменніка ці расказаць пра яго біяграфію. Праўда, каб інфармацыя была карэктнай, вучню давядзецца дакладна ведаць ключавыя гістарычныя аспекты. Дарэчы, з беларускай мовай нейрасетка не асабліва сябруе, таму смела можна даць вучням на праверку тварэнне ChatGPT на прадмет выяўлення арфаграфічных памылак. Педагогі сышліся ў меркаванні, што, несумненна, у стагоддзе высокіх тэхналогій і камп’ютарызацыі дзецям нейрасеткі цікавыя і нестандартны падыход да вывучэння матэрыялу сапраўды прыйдзецца даспадобы.
— Нягледзячы на кароткачасовасць снежаньскай сустрэчы, завязаўся канструктыўны дыялог зацікаўленых калег па абмене педагагічным вопытам, новымі формамі, прыёмамі і сучаснымі падыходамі ў пытаннях павышэння якасці адукацыі навучэнцаў. Вынікам сустрэчы стаў абмен кантактамі і запрашэнне нашых педагогаў на педагагічны фестываль, які пройдзе вясной у Гомелі, — адзначыла Алена Давыдзенка.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
По материалам https://nastgaz.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
Актуальные вопросы обеспечения информационной безопасности
В. Ю. Арчаков
В пособии рассматриваются концептуальные подходы к информационной безопасности в Республике Беларусь, вопросы ее правового обеспечения в нашей стране и за рубежом, а также современные технологии средств массовой коммуникации в контексте рисков национальной безопасности.
Актуализирована проблема деструктивного информационного воздействия на подрастающее поколение, описаны условия формирования информационной культуры учащихся.
Пособие адресуется педагогам учреждений общего среднего, профессионально-технического, среднего специального образования.
18.40 руб.