Для настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 4 Рагачова імя У.С.Вялічкі Таццяны Кацічавай дэвізам у рабоце з’яўляюцца словы Арыстоцеля “Пазнанне пачынаецца са здзіўлення”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мая задача як настаўніка — здзіў­ляць, — га­ворыць Таццяна Ігараўна. — Упершыню дзеці дзівяцца, калі прыходзяць у кабінет хіміі і ў яго самае таямнічае месца — лабараторыю. Пры пагружэнні ў прадмет у вучняў паступова ўзнікае пачуццё хіміі, жаданне вывучаць яе паглыблена і здаваць пры паступленні ва УВА. І паміж мной і вучнямі з часам узнікае тое, што я называю хіміяй пачуццяў: паразуменне, павага, давер. Пранёсшы праз гады добрыя пачуцці, выпускнікі вяртаюцца ў школу, каб сустрэцца з любімымі педагогамі, дапамагчы сённяшнім вучням падрыхтавацца да конкурсаў і алімпіяд, а хтосьці прыво­дзіць да нас вучыцца сваіх дзяцей. Са мной у пары працуе сапраўдны прафесіянал хімік Таццяна Міхайлаўна Лашакова, фіналістка сёлетняга рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Летась амаль 80 працэнтаў выпускнікоў 4-й школы Рагачова паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, у асноўным у мед­універсітэты. У школе больш за 10 гадоў функцыянуе хіміка-біялагічны профіль. За гэты час прафесію медыка выбралі 87 чалавек і прыкладна столькі ж паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі медыцынскага профілю.

— Да нас на хіміка-біялагічны профіль стабільна прыходзяць дзеці з высокімі вынікамі, матываваныя, якія становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі конкурсаў і алімпіяд, пра што сведчаць іх шматлікія дыпломы, — адзначае педагог. — Адна з самых яркіх узнагарод за апошні год — у майго вучня Данііла Пракуціна. Будучы сямікласнікам, ён заняў 1-е месца на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі для 9 класа, а таксама прыняў удзел у праграме “Я ведаю!”, мы разам былі на тэлегульні. Алімпіяднікі, якія дасягнулі высокіх вынікаў, у далейшым дапамагаюць мне рыхтаваць новых вучняў да інтэлектуальных спаборніцтваў. Ёсць і такія вучні, для якіх хімія з’яўляецца ў большай ступені прадметам для душы, яны творцы, даследчыкі, ствараюць вершы, крыжаванкі, рэбусы, малюнкі і іншыя прадукты. Так, з вучаніцай Лізаветай Кахно — сёння ўжо з’яўляецца студэнткай Гомельскага медуніверсітэта — мы рыхтавалі даследчую работу пра фарбу. Гэтая работа перамагла на раённай НПК і была прадстаўлена на абласной канферэнцыі навучэнцаў “Пошук”.

У школьным кабінеце хіміі добрая лабараторная база, якая створана ў тым ліку і для заняткаў у клубе хімікаў з вучнямі пачатковай школы. Працуючы на апярэджанне, педагогі не губля­юць здольных дзяцей. Бывае, што ў вучня па матэматыцы няма асаб­лівых поспехаў, але пры гэтым ён захапляецца хіміяй або біялогіяй. Каб развіць яго патэнцыял, педагогі за год-два да пачатку курса хіміі займаюцца з дзецьмі, і ў выніку ў 8 класе навучэнцы выступаюць на алімпіядах за 9 клас.

Сучасны свет патрабуе ад педагогаў быць на адной хвалі з дзецьмі. Таццяна Ігараўна выкарыстоўвае на ўроках метады візуалізацыі, гульнявыя формы работы, актыўную ацэнку, арганізоўвае міні-даследаванні. Яна раздрукоўвае спецыяльныя матывуючыя стыкеры, якія замацоўваюцца ў далейшым у вучнёўскіх сшытках. У пачатку ўрока дзеці могуць выбраць той стыкер, які будзе для іх матывацыйным сігналам. Напрыклад, стыкер “Лаві момант”, або “Цяпер ці ніколі” азначае, што толькі сёння можна выправіць адзнаку. Стыкер “Лётаеш” сведчыць пра тое, што сёння на ўроку можна ўзляцець. Ёсць яшчэ стыкеры “На старт”, “Азарэнне” і іншыя. Падобныя заклікі ў выглядзе смайлікаў педагог стварае і ў мабільным тэлефоне. Выкарыстоўваюцца яны для перадачы важнай інфармацыі. Напрыклад, вучань можа адправіць свайму аднакласніку зашыфраваныя формулы кіслот, каб той лягчэй запомніў іх назвы, або карцінку чалавека-мурашкі, якая будзе адпавядаць назве мурашынай кіслаты. Карцінка з выявай агрэсіўнага слоічка з кока-колай значыць, што падобныя салодкія газіраваныя напіткі наносяць шкоду здароўю. Так, у гульнявой форме закранаюцца важныя пытанні ЗЛЖ. Акрамя асноўных доследаў, педагог праводзіць з вучнямі і дадатковыя. Напрыклад, каб праве­рыць, наколькі багатыя на бялок школьныя сасіскі ці смажанкі, выкарыстоўваюцца спецыяльныя рэактывы. Калі сасіска афарбавалася ў фіялетавы колер, значыць у ёй шмат бялку, а калі засталася ружовай, то бялок у нізкай канцэнтрацыі. Радуе, што ў школьнай сталовай харчаванне заўсёды паўнавартаснае.

Педагог стварае так званыя хімічныя боксы — скрынкі з цікавымі заданнямі-сюрпрызамі. Напрыклад, у скрынцы ляжыць пакецік з растваральным напіткам “Кісляшка-смачняшка”. Што гэта значыць? Тое, што ў 8 класе будзе ўрок па тэме “Кіслоты” і вучні змогуць вызначыць, наколькі бяскрыўднымі з’яўляюцца іх любімыя кіслыя цукеркі.

— У маёй рабоце ёсць правіла пяці “и”: “Интересуйся, играй, ищи, изучай, исследуй”. Калі ўрок праходзіць пад такім дэвізам, вучні адчуваюць сябе паспяхова, — адзначае Таццяна Ігараўна. — Запамінаецца, як правіла, штосьці жывое, незвычайнае, напрыклад, цікавы прыём “Рымскі пакой”: вучні даведваюцца пра тое, як вядомыя навукоўцы запаміналі вялікія аб’ёмы складанай інфармацыі. Важная зваротная сувязь з вучнямі. У гэтым мне дапамагаюць спецыяльныя маяч­кі, з дапамогай якіх дзеці на працягу ўрока сігналізуюць мне пра тое, ці ўсё ім зразумела. Калі адзін пайшоў наперад, а другі спыніўся, арганізоўваецца індывідуальная работа. Прапаноўваю хімічныя боксы з заданнямі, дзе ёсць інструкцыі па іх выкананні і лісты самакантролю, куды вучань заносіць балы ў залежнасці ад таго, колькі заданняў выканаў. Магу прапанаваць вучню і індывідуальнае заданне з воблака слоў, з дапамогай якога ён таксама можа зарабіць сваю актыўную ацэнку.

Інтэлект-­карты ў дапамогу

Чаму работа з інтэлект­-картамі падабаецца вучням? Гэта не толькі навучанне, але яшчэ і творчасць. Вучні Таццяны Кацічавай лёгка пераводзяць вучэбную інфармацыю ў графічны выгляд. Такая работа можа быць індывідуальнай, парнай або групавой.

Ілюстрацыя прадастаўлена педагогам

Спачатку інтэлект-карта складаецца настаўнікам у якасці нагляднага дапаможніка для вывучэння або замацавання новага матэрыялу. Пры гэтым лепш ствараць яе разам з навучэнцамі. Напрыклад, у 7 класе пры вывучэнні тэмы “З’явы фізічныя і хімічныя. Прыметы хімічных рэакцый” на этапе замацавання ведаў можна прапанаваць дзецям завяршыць складанне інтэ­лект-карты каля дошкі падчас выканання дэманстрацыйных эксперыментаў. Так фарміруецца ўменне будаваць паслядоўную сістэму вуснага адказу на ўроку з прымяненнем хімічнай мовы знакаў і формул.

Пры вывучэнні ў 8 класе тэмы “Кіслоты. Састаў і класіфікацыя кіслот” на этапе актуалізацыі ведаў педагог прапаноўвае вучням у групе скласці інтэлект-карту тэксту, якая дазволіць зразумець і запомніць будову кіслот і ўзнавіць яе ў патрэбны момант. Так фарміруюцца ўменні праца­ваць разам і прадстаўляць вынікі сваіх вучэбных дасягненняў.

Карта правіл дазваляе паскорыць не толькі пра­цэс іх запамінання, але і фарміравання навыкаў іх практычнага прымянення. Пры вывучэнні тэмы “Акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі” ў 8 класе вучні робяць і інтэ­лект-карту, і трэніровачныя заданні ў парах зменнага складу па прынцыпе “роўны ву­чыць роўнага”. Так дзеці вучацца аргументаваць свой выбар і слухаць меркаванні апанентаў.

У пачатку навучальнага года можна разам скласці інтэлект-карту падручніка, што дапаможа растлума­чыць узаемасувязь паміж класамі рэчываў, састаў і ўласцівасці новых злучэнняў, канструктыўна дыскутаваць адно з адным на мове хімічнай навукі пры фармулёўцы гіпотэз або высноў.

Пры паўтарэнні курса хіміі за 7 клас для вась­мікласнікаў найбольш эфектыўным сродкам абагульнення прой­дзенага матэрыялу бу­дуць інтэ­лект-канспект-карты, пабудаваныя па прынцыпе “адна тэма — адзін разварот”. Такі від інтэлект-карт можна выкарыстоўваць як дэманстрацыйны або раздатачны матэрыял пры абагульняючым паўтарэнні, арганізацыі індыві­дуальнай і групавой работы, падрыхтоўцы да ЦЭ (ЦТ). Работа з гэтымі інтэлект-картамі фарміруе ўменне ўважліва слухаць суразмоўніка і правільна задаваць пытанні.

Пры складанні інтэ­лект-карты пытання сістэматызуюцца ключавыя пытанні: асноўныя і вытворныя. Для гэтага матэрыял дзеліцца на часткі, вучні слухаюць пытанні адно аднаго і перакладаюць іх у знешнюю форму. Так фарміруецца звязнае маналагічнае маўленне, уменне камунікаваць у групе і канструктыўна каменціраваць.

Калі вучні ўжо ўмеюць складаць інтэлект-карты ў групе, можна перайсці да індывідуальных інтэлект-карт. Так, карта мыслення ўяўляе сабой сістэму з некалькіх інтэ­лект-карт. Яна дазваляе выбудаваць ланцужок з мэт, а ў перспектыве спланаваць доўгатэрміновую дзейнасць. Пры гэтым вучні працуюць як на ўроку (перапрацоўваюць раздатачны матэрыял), так і дома па індывідуальных творчых заданнях. Настаўніца прапаноўвае буда­ваць інтэлект-карты мыслення на пачатковым этапе вучэбна-даследчай дзейнасці, што спрыяе развіццю камунікатыўных і арганізатарскіх здольнасцей вучняў. Таццяна Кацічава таксама выкарыстоўвае інтэ­лект-карты для правядзення класных гадзін па розных тэмах.

Надзея ЦЕРАХАВА

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

Готовимся к ЦТ по химии

Сборник задач по химии, 10 класс

Химия, 7 класс

Хімія, 9 клас