Ці правільна развіваецца мой малыш? Што ён умее рабіць у сваім узросце? Чаму не размаўляе, не гуляе з іншымі дзецьмі і чаму яго складана зразумець? Спецыялісты ЦКРНіР гатовы дапамагчы бацькам разабрацца ў такіх складаных пытаннях.
Але ці заўсёды бацькі вырашаюць звярнуцца па дапамогу і што прапануюць ім спецыялісты? Пра гэта карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з намеснікам дырэктара ЦКРНіР Івацэвіч Інай Мікалаеўнай Дубінай.
— Дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з кожным годам становіцца ўсё больш, — адзначае Іна Мікалаеўна. — Аднак не ўсіх іх бацькі прыводзяць да ўрачоў, педагогаў, на псіхолага-медыка-педагагічную камісію — да тых, хто дапаможа ім знайсці рашэнне набалелых пытанняў.
— Іна Мікалаеўна, на ваш погляд, чаму бацькі асцерагаюцца звяртацца ў карэкцыйныя цэнтры, праходзіць ПМПК са сваімі дзецьмі?
— З-за недахопу інфармацыі і існуючых стэрэатыпаў аб тым, што зварот у карэкцыйны цэнтр можа мець нядобрыя наступствы для дзіцяці ў будучыні. Бацькі не заўсёды разумеюць, што кансультацыя спецыяліста пойдзе толькі на карысць. Што тычыцца праходжання псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, то на яе накіроўваюць не ўсіх. Асноўная задача ПМПК — своечасова выявіць прычыны праблем у развіцці або навучанні дзіцяці і рэкамендаваць яму адукацыйны маршрут, які ён зможа паспяхова асвоіць, а таксама даць рэкамендацыі па пераадоленні або аблягчэнні тых цяжкасцей, якія ў яго ёсць (у вучобе, паводзінах, узаемаадносінах, развіцці). У склад камісіі ўваходзяць спецыялісты медыцынскага, педагагічнага і псіхалагічнага профіляў. Як правіла, гэта педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг, урач-псіхіятр.
— У якіх выпадках дзіця могуць накіраваць на камісію і чаму не варта яе баяцца?
— Бацькі, якія любяць сваіх сына ці дачку, звычайна лічаць іх здаровымі. І гэта правільна! Але ж бываюць сітуацыі, калі дзецям патрэбна асаблівая падтрымка (педагагічная, псіхалагічная, медыцынская), без якой ім будзе вельмі цяжка ў дзіцячым садзе або ў школе. Парушэнні ў паводзінах не з’яўляюцца прычынай для накіравання на камісію. Для гэтага павінны быць больш важкія падставы, звязаныя з якасцю засваення праграмнага матэрыялу. Многія бацькі не бачаць праблем у вучобе дзіцяці. І гэта не заўсёды іх віна, гэта можа быць звязана з тым, што змянілася праграма навучання, патрабаванні да вучня і інш.
Рэкамендуем схадзіць з дзіцем на кансультацыю да ўрача-псіхіятра або неўролага і спытаць іх парады, ці варта ісці на камісію, бо многія фізіялагічныя прычыны, напрыклад, ММД (мінімальныя мазгавыя дысфункцыі) або СДУГ (сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці) таксама могуць перашкаджаць паспяховаму навучанню ў школе.
— Што ўяўляе сабой дыягнастычная працэдура на ПМПК?
— Абследаванне дашкольнікаў і школьнікаў праводзіцца ў адпаведнасці з узроставымі і праграмнымі патрабаваннямі. Як правіла, абследаванне праходзіць у выглядзе размовы, падчас якой дзіцяці прапануецца адказаць на шэраг пытанняў і выканаць шэраг заданняў рознага характару (скласці з частак карцінку або фігуру, запомніць пэўную колькасць слоў ці малюнкаў, раскласці паслядоўна некалькі малюнкаў з адзіным сюжэтам і г.д.). А таксама выканаць нескладаныя заданні са школьнай праграмы. Заданні, якія на камісіі прапануюцца дзіцяці, тычацца не толькі ўзроставых ведаў і ўменняў. У большай ступені яны носяць псіхалагічны характар, таму што паспяховасць выхаванца або вучня напрамую залежыць ад таго, наколькі добра развітыя ў яго псіхічныя працэсы: памяць, увага, маўленне, успрыманне, мысленне. Бацькі абавязкова прысутнічаюць на дыягностыцы, але не ўмешваюцца ў яе ход, а толькі назіраюць. Падчас абследавання вядзецца пратакол, у які заносяцца вынікі выканання заданняў.
Пасля запаўнення ўсіх дакументаў спецыялісты камісіі кансультуюць бацькоў па выніках абследавання, даюць рэкамендацыі па далейшым навучанні дзіцяці, па аказанні яму неабходнай псіхалагічнай, педагагічнай, медыцынскай дапамогі. У некаторых выпадках, калі стан дзіцяці не дазваляе яму выканаць увесь аб’ём заданняў, напрыклад, пры сіндроме ранняга дзіцячага аўтызму, цяжкай ступені разумовай адсталасці і інш., працэдура абследавання або мадыфікуецца, або асноўны ўпор робіцца на метады назірання, анкетаванне бацькоў і збор анамнестычных даных.
— Як правільна падрыхтавацца да камісіі?
— Абследаванне на ПМПК — гэта ў пэўнай ступені стрэс, і толькі ад бацькоў, ад таго, як яны настрояць дзіця, залежыць, наколькі моцным гэты стрэс будзе. Па вопыце магу сказаць, што дзеці больш за ўсё нервуюцца і перажываюць тады, калі бацькі ім гавораць пра вялікую важнасць гэтай працэдуры, што трэба абавязкова адказваць правільна, што ад адказаў многае залежыць. Загадзя пужаць дзіця не варта: гэта толькі павысіць узровень яго трывожнасці і можа блакіраваць разумовыя працэсы, дзіця проста замкнецца. Адпаведна, добрых вынікаў дакладна не будзе.
Вельмі важныя пазітыўныя эмоцыі напярэдадні абследавання: настройвайце дашкольніка на гульнявую дзейнасць са спецыялістамі, а школьніка — на зносіны з педагогамі. Калі вы ідзяце на ПМПК, то лепш сказаць свайму сыну ці дачцэ наступнае: “Мы з табой сходзім на камісію, там табе будуць задаваць розныя пытанні, паказваць розныя цікавыя карцінкі і даваць заданні. Ты адказвай так, як ведаеш. Калі не ведаеш, як адказаць на пытанне, то так і скажы: “Не ведаю”. У гэтым няма нічога страшнага, таму што не бывае людзей, якія могуць адказаць на ўсе пытанні. Я, напрыклад, не заўсёды магу гэта зрабіць. І ведай: як бы ты ні адказваў, я ўсё роўна цябе вельмі моцна люблю і ты для мяне самы лепшы”. А пасля абследавання абавязкова пахваліце дзіця, бо яно зараз працавала так напружана, як, магчыма, не працавала ніколі.
Пры абследаванні сына ці дачкі вам трэба проста моўчкі назіраць за ўсім, што адбываецца, не падказваць, не перабіваць, не ўмешвацца, не вохкаць і не ахкаць. І, натуральна, недапушчальны ваш смех у выпадку недарэчных адказаў дзіцяці, бо гэта можа збіць яго з думкі і пакрыўдзіць так, што яно ўвогуле адмовіцца адказваць. Проста запамінайце, якія недахопы ёсць і над чым вам трэба будзе з ім папрацаваць.
— Чым можа “пагражаць” праходжанне ПМПК?
— Тым, што могуць пацвердзіцца апасенні, якія тычацца развіцця дзіцяці. Што будуць уголас названы існуючыя праблемы. Што прыйдзецца шукаць рашэнне гэтых праблем і выконваць нейкія канкрэтныя дзеянні, прыкладаць маральныя, інтэлектуальныя і фізічныя намаганні (а бывае, і матэрыяльныя). Так што пасля абследавання на ПМПК варта паглядзець на сітуацыю рэальна і пачаць нешта рабіць для таго, каб дзіцяці было лягчэй. Чым раней пачаць дзейнічаць, тым больш шансаў на выпраўленне сітуацыі. Ды і шляхі вырашэння ўжо вызначаны.
— Якімі могуць быць дзеянні бацькоў пасля праходжання камісіі?
— Спачатку неабходна спакойна абдумаць дадзеныя вам рэкамендацыі і ацаніць усе варыянты: як сітуацыя можа скласціся і ў тым выпадку, калі вы пагодзіцеся з парадамі спецыялістаў, і ў адваротным выпадку. Калі вы згодны з заключэннем ПМПК, то трэба вырашыць, ці будзеце вы пераводзіць сына ці дачку ў іншы дзіцячы сад (іншую групу), іншую школу (іншы клас), або дзіця застанецца там, дзе і было, але яго пачнуць вучыць па іншай праграме. Заключэнне ПМПК неабходна будзе падаць у тую ўстанову адукацыі, дзе дзіця працягне навучанне.
— А калі бацькі не згодны з рэкамендацыямі камісіі?
— Тады неабходна напісаць пра нязгоду з заключэннем, і ўсё застанецца так, як было, без змяненняў. Падкрэслю, камісія дае рэкамендацыі, а не загады да выканання. Гэта значыць, права і абавязак бацькоў — добра абдумаўшы і ўзважыўшы ўсе за і супраць, самастойна вырашыць: выконваць тое, што было рэкамендавана, ці не. Аднак мамам і татам (або іншым законным прадстаўнікам) варта памятаць, што адказнасць за гэтае рашэнне, а значыць, і за далейшы лёс дзіцяці, ляжыць толькі на іх.
— Як фарміруецца банк даных аб дзецях з АПФР?
— Звесткі ў банк даных аб дзецях з асаблівасцямі заносяцца ў выпадку, калі камісіяй устаноўлена псіхафізічнае парушэнне, якое з’яўляецца падставай для гэтага, і пры гэтым бацькі пагадзіліся з заключэннем камісіі. У Івацэвіцкім раёне ў пачатку бягучага навучальнага года ў банку даных аб дзецях з АПФР знаходзіцца 755 чалавек. Большасць з іх маюць розныя маўленчыя парушэнні. Для ўсіх, хто ўключаны ў банк, арганізуецца спецыяльная адукацыя і карэкцыйна-педагагічная дапамога. Яна можа быць аказана ва ўмовах нашага ЦКРНіР, дзе спецыялісты займаюцца з тымі, у каго найбольш цяжкія парушэнні. Да таго ж функцыянуюць ПКПД пры школах і дзіцячых садах, спецыяльныя групы і групы інтэграванага навучання і выхавання ў дзіцячых садах, класы інтэграванага навучання і выхавання ў школах. Некаторыя дзеці атрымліваюць спецыяльную адукацыю дома. Акрамя таго, у раёне працуюць Целяханская спецыяльная школа-інтэрнат і спецыяльныя групы ў Івацэвіцкім аграрным каледжы.
Калі псіхафізічныя парушэнні ў дзіцяці скарэкціраваны дзякуючы агульным намаганням спецыялістаў і бацькоў, а такое бывае даволі часта, то звесткі пра яго выдаляюцца з банка даных. На далейшы адукацыйны маршрут дашкольніка ці школьніка сам факт знаходжання ў гэтым банку ніяк не можа паўплываць.
Надзея ЦЕРАХАВА
По материалам https://nastgaz.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
Учимся рассказывать и говорить правильно
И. К. Боровская
Учебное наглядное пособие «Учимся рассказывать и говорить правильно» разработано с учётом инновационных подходов к воспитанию и обучению детей дошкольного возраста. Задания разного уровня сложности учитывают жизненный опыт ребёнка и призваны способствовать не только коррекции речи, но и развитию произвольного внимания, памяти и мышления.
В пособие включены также задания, способствующие развитию мелкой моторики и подготовке руки к письму.
14,50 руб.