Нядаўна 70-годдзе адзначыла адно з найбуйнейшых выдавецтваў краіны – «Народная асвета». Сфера яго дзейнасці – выданне навучальных дапаможнікаў для агульнаадукацыйнай і спецыяльнай школы на рускай і беларускай мовах, а таксама мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры для дзяцей і падлеткаў. Тыражы кажуць самі за сябе: падручнікі выдаюцца ў колькасці больш як 100 тысяч экзэмпляраў. Меншыя лічбы, натуральна, у кніг для дзяцей – 800–1000 асобнікаў. Пра дасягненні і планы «Народнай асветы» ў юбілейны год пагутарылі з галоўным рэдактарам Аленай Ліцвіновіч, якая працуе ў выдавецтве амаль 35 гадоў.

 

Якім быў ваш шлях у прафесію і ва ўстанову? Ці адразу выбралі гэты кірунак кнігавыдання?

– Я скончыла біяфак БДУ і па размеркаванні трапіла ў батанічны сад. Тады гэта здавалася марай, але з цягам часу зразумела, што работа ў лабараторыі – не маё. Хацелася бачыць канкрэтныя вынікі. І тады мае веды біялогіі і хіміі аказаліся запатрабаваны ў рэдакцыі прыродазнаўчанавуковай літаратуры «Народнай асветы». Ці трэба казаць, што, прыйшоўшы ў выдавецтва, не мела ніякага ўяўлення аб працы рэдактара… Першы рукапіс «Абагульняльныя ўрокі па хіміі» быў для мяне сапраўдным выпрабаваннем. Вельмі ўдзячна супрацоўнікам «Народнай асветы» таго перыяду, якія вучылі мяне, усялялі ўпэўненасць. Мінула шмат гадоў, і я вельмі рада, што мне пашчасціла знайсці ў жыцці месца, дзе цікава і камфортна працаваць. Асобная гісторыя — калектыў выдавецтва: выдатныя прафесіяналы. У кожным з іх можна быць упэўненым, а гэта так важна!

Прайшло 5 гадоў з таго моманту, як вы сталі галоўным рэдактарам. У чым складанасць працы на такой пасадзе?

– Непрыемныя і складаныя сітуацыі, калі не па віне выдавецтва зрываюцца тэрміны здачы арыгінал-макетаў у друк. І, мабыць, тут можна згадаць празмерную колькасць рукапісаў, якія паступаюць на разгляд. Па-ранейшаму займаюся рэдагаваннем навучальных дапаможнікаў па біялогіі, таму часу на адказы і прапрацоўку кожнага новага рукапісу катастрафічна не хапае.

Кожнаму выдавецтву важна, каб заўважалі намаганні і дасягненні. У Беларусі гэта прэрагатыва Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»…

– «Народная асвета» штогод прымае ўдзел у гэтым спаборніцтве і атрымлівае ўзнагароды. Сёлета дыпломы I ступені атрымалі кніга Уладзіміра Караткевіча «Старая казка» ў намінацыі «ЛІТ-фармат» і твор Ірыны Токаравай «Гадзіннік, альбо Цім у Сярэднявеччы» ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём». У катэгорыі «Майстэрства» тытул «Найлепшы ілюстратар» прысудзілі Святлане Рыжыкавай за афармленне твора Джаэля Харыса «Казкі дзядзечкі Рымуса» з серыі «Замежная класіка – дзецям». Дарэчы, у намінацыі «Падручнік новага стагоддзя» прызёрамі ў розныя гады станавіліся менавіта нашы навучальныя дапаможнікі: «Гісторыя Сярэднявечча, 6 клас», «Фізіка, 7 клас», «Геаметрыя, 8 клас», «Гісторыя старажытнага свету, 5 клас»... Сёлета дыплом I ступені атрымаў падручнік «Чалавек і свет, 3 клас» шрыфтам па сістэме Брайля для вучняў з парушэннямі зроку.

Выданне кніг шрыфтам па сістэме Брайля – асобная вяха ў гісторыі «Народнай асветы». З чаго пачалася рэалізацыя ідэі? Якія дасягненні ў гэтай сферы?

– Ужо чвэрць стагоддзя дзяржаўная праграма дапамогі інвалідам уключае забеспячэнне невідушчых і навучэнцаў з парушэннямі зроку усіх спецшкол Беларусі навучальнымі дапаможнікамі, якія выдаюцца шрыфтам па сістэме Брайля. Спачатку ў кастрычніку 1996 года ў выдавецтве «Полымя» была створана рэдакцыя па выпуску такой літаратуры. Першыя айчынныя кнігі для невідушчых пабачылі свет у 1997 годзе, а ў 2000-м першы беларускі буквар, выдадзены шрыфтам па сістэме Брайля, быў адзначаны як адно з самых арыгінальных выданняў на кніжнай выстаўцы ў Маскве. У 2001 годзе на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» гэты буквар быў уганараваны спецыяльным дыпломам. Сёння асобнік захоўваецца ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку. У склад нашага выдавецтва рэдакцыя па выпуску выданняў шрыфтам па сістэме Брайля ўвайшла ў 2002 годзе пасля аб’яднання выдавецтваў «Полымя» і «Беларусь» – з тых часоў «Народная асвета» спецыялізуецца на гэтай дзейнасці. Галоўным дасягненнем супрацоўнікі рэдакцыі лічаць стварэнне «рэльефна-кропкавай граматы» ў 2014 годзе. Арыгінальнае ілюстраванае выданне закупілі нават нашы казахстанскія калегі пасля ўнясення дадатковых літар казахскага алфавіта: сапраўды яркі прыклад міжнароднага супрацоўніцтва. А ў 2019 годзе ўпершыню ў Беларусі  мы выдалі некалькі навучальных дапаможнікаў па гісторыі з электронным дадаткам у DAISY-фармаце для дзяцей з парушэннямі зроку.

Ці ёсць пэўныя крытэрыі, якім павінен адпавядаць аўтар выдавецтва «Народная асвета»?

– Сам аўтар не павінен адпавядаць ніякім стандартам, а вось яго рукапіс… Калі, параіўшыся з дырэктарам і галоўным мастаком, разумеем, што можа атрымацца цікавая для маленькіх чытачоў кніга, калі на прыкмеце ёсць выдатны мастак (а якая дзіцячая кніга без класнага афармлення!), пачынаем шчыльна працаваць з пісьменнікам, прапануем варыянты афармлення кнігі, просім дадаткова прыдумаць, напрыклад, загадкі або крыжаванкі, каб прыцягнуць чытачоў, каб кніга лепш прадавалася. Калі творца ідзе насустрач, значыць, вынік будзе. Вопыт гэта пацвярджае.

Хто з аўтараў працуе з выдавецтвам на працягу доўгага часу? Каго сярод творцаў для дзяцей можна назваць найбольш запатрабаваным?

– Пастаянныя, вядома, многія аўтары падручнікаў, а таксама дзіцячыя пісьменнікі — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сярод іх – Мікола Чарняўскі, Мікола Маляўка, Міхась Пазнякоў, Людміла Кебіч, Анатоль Зэкаў, Генадзь Аўласенка, Святлана Быкава і многія іншыя. Хочацца адзначыць Сяргея і Галіну Трафімавых, аўтараў больш як 60 кніг серыі «Апавяданні Дзеда Прыродаведа», нашу беларускую (як яе называюць) Джаан Роўлінг Ірыну Токараву, якая за 5 гадоў супрацоўніцтва з «Народная асветай» напісала і выдала 30 кніг у некалькіх серыях, і, канечне, Ліну Багданаву з Гродна з яе серыяй «У кантакце». У аўтара выйшла ўжо 9 твораў. Па гэтыя выданні чытачы ў бібліятэках запісваюцца ў чаргу. Увогуле, мне здаецца, што з прыходам у выдавецтва дырэктара Вікторыі Калістратавай нашы дзіцячыя кнігі сталі больш маляўнічымі і крэатыўнымі, іх прыемна ўзяць у рукі, прадставіць на конкурс і набыць у якасці падарунка.

Што з навінак параілі б чытачу, які вывучае беларускую мову і літаратуру?

– Адназначнага адказа няма. Але адно выданне можна смела рэкамендаваць усім: гэта «Старая казка» Уладзіміра Караткевіча, якую мы выдалі да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Тут сабраны найлепшыя казкі вялікага беларускага творцы. Кнігу выдатна праілюстравала маладая мастачка Лізавета Пастушэнка.

Што плануеце прадставіць у найбліжэйшы час?

– Адносна нядаўна пабачыла свет першая кніга серыі «Падарожжы» для самых маленькіх чытачоў – яна знаёміць з краінай эльфаў Ісландыяй. Аўтар Таццяна Брэслава рыхтуе працяг серыі: будуць вандроўкі па Японіі, Аўстраліі, Іспаніі. Невялікія, выдатна ілюстраваныя, недарагія кнігі спадабаюцца нашым чытачам. У планах – работа над серыяй кніг «З кадра – у кнігу» па матывах дакументальных фільмаў студыі Уладзіміра Бокуна і, вядома, працяг серый, якія ўжо знаёмы нашым чытачам: «Тусоўка.By», «Замежная класіка – дзецям», «Школьныя слоўнікі», «Бібліятэка Асвеціка», «Творчыя казкі»... Ёсць і іншыя задумы, але гэта як ваенная тайна – агалосцы не падлягае.

На сайце ўстановы сярод іншага змешчана афіша цікавага праекта «Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі дзецям”», які праходзіць цяпер. У якіх яшчэ конкурсах ці акцыях могуць паўдзельнічаць аматары чытання?

– Падобныя праекты наша выдавецтва здзяйсняе пастаянна. Да канца мая будзе доўжыцца акцыя «У Царстве вясны!» па серыях кніг «Апавяданні Дзеда Прыродаведа», «Святло вакол нас», «Школьныя слоўнікі». Мы прымеркавалі яе да завяршэння навучальнага года. У рамках рэспубліканскага праекта «Лета з добрай кнігай» з пачатку чэрвеня да канца жніўня пройдзе акцыя «Усе мы родам з дзяцінства». Восенню плануем ажыццявіць ініцыятыву «Прывітанне, школа!» – у рамках рэспубліканскай праграмы «Сямейнае чытанне».

Ці атрымліваеце водгукі на сваю дзейнасць ад педагогаў, бібліятэкараў ці, можа, школьнікаў?

– Водгукі часцей прыходзяць на падручнікі, але ў Нацыянальны інстытут адукацыі, бо выдавецтва толькі выконвае заказ, строга прытрымліваючыся тэхнічнага задання, якое мы атрымліваем з рукапісам навучальнага дапаможніка, і распрацаванай сістэмы стандартаў. Таму тут мы ў творчым падыходзе да падрыхтоўкі дапаможніка злёгку заціснуты, а хацелася б рабіць іх больш разнастайнымі па фармаце і афармленні, бо бачым на выстаўках выданні замежных калег.

На што звяртаеце ўвагу, вывучаючы досвед прафесіяналаў-замежнікаў? Якія робіце высновы аб уласных намаганнях?

– На кніжных фестывалях у нас ёсць магчымасць знаёміцца з найлепшымі вынікамі замежных калег. Першае, што кідаецца ў вочы, – афармленне, праца мастакоў. Радасна, што нашы сённяшнія кнігі ў многім не саступаюць сусветным узорам. Дапаможнікі, па водгуках аўтараў, прыцягваюць увагу выдаўцоў вучэбнай кнігі, напрыклад, Расіі і Казахстана. Таму вельмі хочацца, каб «Народная асвета» яшчэ многія гады была ў перадавіках навучальнага кнігавыдання Беларусі, каб у выдавецтве працавалі творчыя асобы, энтузіясты сваёй справы і проста добрыя людзі, таму што толькі яны могуць рабіць па-сапраўднаму добрыя кнігі для дзяцей.

Крыніца: Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда»