15 снежня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння (1921–1986) літаратуразнаўца, крытыка і публіцыста, доктара філалагічных навук Сцяпана Хусейнавіча Александровіча. Сорак год працаваў ён на ніве беларускай культуры і атрымаў шырокае, трывалае прызнанне як адзін з найбольш працавітых яе рупліўцаў, адкрывацель малавядомых імён у беларускай літаратуры, забытых фактаў і старонак яе гісторыі.
Сцяпан Александровіч нарадзіўся ў старадаўнім мястэчку Капыль у сям’і рабочага-гарбара. На выбар жыццёвай дарогі будучага літаратара паўплывала яго захапленне чытаннем. “Я чатыры гады трымаў у адной руцэ кнігу, а ў другой пугу. Чытаў многа, чытаў запоем, аддаючы перавагу беларускай кніжцы”, – успамінаў С.Х. Александровіч аб сваім “пастухоўскім” дзяцінстве. У 1939 г. пасля заканчэння капыльскай сярэдняй школы ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ), але праз некалькі месяцаў быў прызваны ў Чырвоную армію. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Летам 1942 г. пры ўзяцці Керчы і Феадосіі Сцяпан быў цяжка паранены і трапіў у палон. Разам з сябрамі яму ўдалося уцячы з лагера ваеннапалонных і вярнуцца на Капыльшчыну, дзе ён працягваў барацьбу з ворагам у партызанскім атрадзе. Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі.
Пасля вайны малады чалавек настаўнічаў і завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, які скончыў у 1950 г., а ў 1958 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР і музеі Я. Коласа. З 1963 г. – дацэнт, з 1974 г. – прафесар БДУ. У 1984 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі.
Першыя артыкулы маладога літаратуразнаўца пачалі друкавацца ў 1946 г. у газеце “Літаратура і мастацтва” і іншых рэспубліканскіх перыядычных выданнях. З-пад яго пяра выходзілі краязнаўча-біяграфічныя нарысы пра Францішка Багушэвіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цішку Гартнага, Максіма Танка, Кузьму Чорнага, Міхася Лынькова, Петруся Броўку. Сцяпан Хусейнавіч умеў займальна пісаць пра свае навуковыя пошукі і лёс пісьменнікаў, якія сталі аб’ектам даследаванняў. Менавіта з гэтых твораў і пачаўся новы для беларускай літаратуры жанр займальнага біяграфічнага нарыса, дзе паядналіся элементы навуковага і мастацкага стыляў. Нарысы склалі змест кніг “Незабыўныя сцежкі” (1959), “Па слядах паэтычнай легенды” (1965), “Тут зямля такая” (1974). Дакументальна-мастацкія творы “Ад роднае зямлі…” (1962), “На шырокі прастор” (1972), “Крыжавыя дарогі” (1985) таксама належаць да жанру пісьменніцкай біяграфіі. Выйшлі ў свет працы “Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі” (1975), “Кнігі і людзі” (1976), “Слова – багацце” (1981) і інш. З 1955 г. С.Х. Александровіч стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР.
У 1971 г. вучоны абараніў доктарскую дысертацыю “Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX – XX стагоддзя”. Дысертацыя была апублікавана асобнай кнігай пад назвай “Пуцявіны роднага слова”. Гэта адно з самых значных і змястоўных даследчых выданняў у айчынным літаратуразнаўстве.
Дыяпазон навуковых інтарэсаў вучонага не можа не ўражваць сваёй шырынёй. Ён не толькі аўтар шэрага біяграфічных нарысаў і літаратурных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, выдатны тэкстолаг, але і даследчык жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны, гісторыі беларускага друку, майстэрства Купалы-перакладчыка, сувязей з Беларуссю і беларускай культурай Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі, Яна Райніса і інш. Навуковыя працы вучонага адрозніваюцца багатай канкрэтыкай, шчодрым выкарыстаннем архіўных матэрыялаў і малавядомых фактаў, якія даследчык здабываў у выніку карпатлівых пошукаў ў архівах Мінска, Масквы, Ленінграда, Вільнюса, Кракава і Прагі.
Шмат сіл аддаў С.Х. Александровіч працы над хрэстаматыямі для школьнікаў і студэнтаў; стварэнню чатырохтомнай “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры”, якая выдавалася ў 1960-я гг.; падрыхтоўцы да выдання і навуковаму каментаванню твораў многіх беларускіх пісьменнікаў.
Каля чатырох дзесяцігоддзяў вучоны прысвяціў і педагагічнай дзейнасці: спачатку як настаўнік у школе і выкладчык у бібліятэчным тэхнікуме, затым – як дацэнт і прафесар БДУ. Яго вучнямі і студэнтамі былі многія з тых, хто сёння з’яўляецца гонарам айчыннай навукі і культуры.
На працягу свайго навуковага, творчага і педагагічнага жыцця Сцяпан Хусейнавіч працаваў на поўную моц падараванага яму лёсам таленту. Нястомная праца вучонага на ніве беларускай культуры значна ўзбагаціла яе гісторыю, забяспечыла трывалае прызнанне значнасці навуковых дасягненняў.
Інфармацыю аб жыцці і дзейнасці С.Х. Александровіча, яго творах можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, сайтах філалагічнага факультэта БДУ, Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя А. Астрэйкі.
Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі