View settings

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


У намінацыі «Майстэрства» 61-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» тытул «Найлепшы ілюстратар» прысуджаны Лізавеце Пастушэнка за кнігу кітайскіх народных казак «Жоўты бусел», якая пабачыла свет у выдавецтве «Народная асвета» ў 2021 годзе. А ў 2020 годзе Лізавета праілюстравала сваімі работамі зборнік казак беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча «Старая казка», за выданне якой «Народная асвета» была ўганаравана дыпломам I ступені ў намінацыі «Літфармат» 60-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

Прэстыжная нацыянальная прэмія – выдатная нагода сустрэцца з мастачкай. Якой павінна быць дзіцячая ілюстрацыя, дзе мастак чэрпае натхненне і як жорсткія рамкі выдавецкіх заказаў дапамагаюць (альбо перашкаджаюць) творча раскрыцца і быць самім сабой – пра гэта і многае іншае размаўляем сёння з Лізаветай Пастушэнка.

 

«Масты зямныя і нябесныя», работа створаная ў межах мультымедыйнай акцыі «Масты» міждзяржаўнага праекта «Мінская ініцыятыва»

– Як вы прыйшлі ў кніжную ілюстрацыю? Дзе вы атрымлівалі адукацыю, хто вашы педагогі? Хто з мастакоў паўплываў на ваш стыль?

– Мне заўсёды шанцавала з педагогамі. Калі я вучылася ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, выкладчыцай па кампазіцыі ў мяне была Алена Аляксееўна Карповіч, выдатны мастак-графік, якая плённа працуе ў кніжнай ілюстрацыі, стварае станковыя работы, шмат піша ў тэхніцы акварэлі. Думаю, што любоў да графічнага мастацтва прыйшла да мяне шмат у чым дзякуючы стасункам з ёй і, магчыма, менавіта гэта паўплывала на маё рашэнне паступаць у Акадэмію мастацтваў на аддзяленне станковай графікі.

Цікавасць да кнігі і анімацыі была ў мяне з дзяцінства. Я марыла сама праілюстраваць якую-небудзь займальную кнігу і заўсёды дэталёва разглядала ілюстрацыі. Не толькі з пункту гледжання эстэтыкі і прыгажосці – мяне заўсёды цікавіла, як гэта зроблена. Мне падабалася вызначаць, у якой тэхніцы была выкананая ілюстрацыя, якія моманты з тэксту мастак вырашыў адлюстраваць, як гэта вырашана кампазіцыйна. Вельмі падабалася незвычайнае, нестандартнае афармленне, з мноствам цікавых дэталяў – гэта заўсёды прыцягвала і прыцягвае ўвагу, да кнігі з такімі ілюстрацыямі хочацца вяртацца зноў і зноў.

Думаю, гэта адна з прычын, чаму мне з дзяцінства падабаліся кнігі, аформленыя Валерыем Славуком. Ягоныя ілюстрацыі крыху змрачнаватыя, але вельмі таямнічыя і вобразныя, з вялікай колькасцю дэталяў. У іх шмат цікавых момантаў, якія можна разглядаць бясконца. З дзяцінства вельмі запомнілася кніга «Прыгоды Арбузіка і Бябешкі», якую аформіў Валерый Славук. Атрымалася ідэальнае, на мой погляд, спалучэнне тэксту і ілюстрацый. На шчасце, так склалася, што адным з маіх выкладчыкаў у Акадэміі мастацтваў і кіраўніком дыплома стаў менавіта Валерый Пятровіч Славук.

З дзяцінства ўспамінаюцца кнігі з ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіча, Таццяны Бярэзенскай, Георгія Паплаўскага і многіх іншых выдатных мастакоў.

Калі ты сам пачынаеш працаваць з дзіцячай кнігай, ўвасабляць у жыццё свае ідэі, так ці інакш абапіраешся на ўласныя дзіцячыя ўспаміны і ўражанні. Вядома, змяняешся, развіваешся, расцеш у майстэрстве, але ўражанні з дзяцінства назаўсёды застаюцца ў памяці.

– Якія падзеі, моманты ў жыцці вы лічыце адпраўнымі кропкамі свайго творчага шляху?

– Першы досвед працы з кнігай па замове ў мяне адбыўся на чацвёртым курсе. Да мяне звярнулася выдавецтва «Мастацкая літаратура». Мне пашанцавала з мастацкім рэдактарам – гэта была Маргарыта Яўгенаўна Шкурпіт. Ад мяне патрабавалася зрабіць вокладку, тытул, некалькі шмуцтытулаў і заставак – невялікі аб'ём працы. Але ў працоўным працэсе паўсталі замінкі. Калі ты яшчэ не зусім разумееш усе нюансы працы з кнігай – як правільна сумясціць карцінку і шрыфт, як прымяніць на практыцы тое, чаму цябе вучылі, – вельмі важна атрымаць падтрымку, добрую параду. Маргарыта Яўгенаўна вельмі мудра і бязбольна правяла мяне праз усе цяжкасці, падтрымала і падзялілася шматлікімі нюансамі працы з кнігай. Гэта было надзвычай каштоўна і важна для мяне. І ўмацавала маю цікавасць да кніжнай ілюстрацыі. Потым, вядома, былі і іншыя кнігі: проза, паэзія, дзіцячыя зборнікі і нават падручнікі, але працу над першай кнігай я добра памятаю і цяпер.

– У вас вельмі розныя работы. Не ведаючы, што ў «Старой казкі» і «Жоўтага бусла» адзін ілюстратар, можна падумаць, што разглядаеш малюнкі двух зусім розных мастакоў. Як вам гэта ўдаецца? Як вы выбіраеце тэхніку і стыль для новага праекта?

– Мяне заўсёды цікавілі самыя розныя напрамкі ў творчай працы. З цікавасцю спрабую новыя для мяне тэхнічныя прыёмы, працую і ў колеры, і ў манахроме. Хоць, вядома, дасведчанае вока ўбачыць руку аднаго аўтара ў самых розных маіх работах. Усё гэта адлюстроўваецца і ў працы з кнігамі.

Тэхнічны прыём і стылістыка ілюстрацый для зборніка «Старая казка» мне вельмі блізкія. Гэта адзін з «маіх» напрамкаў, у якім я адчуваю сябе свабодна. У мяне ёсць цэлая серыя работ такога плану, створаных яшчэ да з'яўлення кнігі. Магчымасць выканаць ілюстрацыі ў гэтай тэхніцы стала адной з прычын, чаму я ўзялася за гэтую працу. А другая – мая любоў да творчасці Уладзіміра Караткевіча. Магу сказаць, што з вялікім задавальненнем працавала над ілюстрацыямі. Калі ты адчуваеш, што табе можна рухацца ў сваім рэчышчы, то праца ідзе хутчэй і эмацыйней. Часу на афармленне ў мяне было не вельмі шмат, але ўсё атрымалася.

Калі казаць пра кнігу «Жоўты бусел», тут усё было іначай... Шчыра кажучы, каб не замова выдавецтва, сама б я за ілюстрацыі да кітайскіх народных казак, напэўна, не ўзялася, бо тэматыка мне не надта блізкая. Але я вырашыла паспрабаваць. Я разумела, што трэба перадаць атмасферу краіны, каб чытач, адкрываючы кнігу, адразу адчуваў, што гэта менавіта кітайскія казкі. Атрыбутыка, знешні выгляд персанажаў – усё трэба было шукаць, глядзець, што характэрна для кітайскай графікі і жывапісу. І з гэтага выбраць нешта адпаведнае для афармлення кнігі. Колер, тонкая чорная лінія-абводка, характэрныя акварэльныя прыёмы, дэкаратыўнасць... Зразумела, хацелася наблізіць сваю стылістыку да кітайскай, так ці інакш абаперціся на яе, падысці бліжэй. У ідэале настолькі блізка, каб чытач мог падумаць, што не толькі тэкст кітайскі, але і ілюстрацыі для кнігі выкананы кітайскім майстрам. Хацелася, каб афармленне гарманічна спалучалася з тэкстам.

У выніку для працы я абрала туш і акварэль. Дарэчы, акварэль для кнігі – амаль ідэальная тэхніка. Яна дае насычаны колер і ў той жа час лёгкі тон. Таму колер атрымліваецца празрысты, свежы і яркі. Акварэль дазваляе гарманічна спалучаць малюнак з белай прасторай ліста.

Атрымалася, што ў працы над гэтай кнігай я ішла за тэкстам і стылістыкай, якую дыктавала сама кніга. І гэты вопыт аказаўся для мяне вельмі цікавым.

– З якімі заказчыкамі вы не працуеце? Ад якіх заказаў можаце адмовіцца?

– Часам мая адмова звязаная не з заказчыкамі, а з прапанаванай тэмай. Так бывае, што тэма мне не цікавая. У гэтым выпадку я з вялікай верагоднасцю адмоўлюся ад працы. Каб атрымаць сапраўды добры, арыгінальны вынік, важна, каб у мастака быў жывы інтарэс да працы ці хаця б жаданне разабрацца ў прапанаванай тэме.

Іншы момант звязаны са стасункамі паміж мастаком і заказчыкам. Калі гэта творчая праца, добра, калі заказчык табе давярае. Як правіла, калі цябе запрашаюць, то ведаюць, як ты працуеш, у якой стылістыцы, што табе блізка. У выпадку даверу з боку заказчыка ёсць пэўная ступень свабоды, што, вядома, не выключае моманту абмеркавання – гэта нармальны рабочы працэс. Але ў сітуацыі, калі заказчык стварае для цябе рамкі, у якіх ты ўжо фактычна павінен перастаць быць сабой, я не бачу сэнсу брацца за працу. Вынік такога супрацоўніцтва можа аказацца непрадказальным.

– Дзе вы чэрпаеце натхненне?

– Калі ты прыступаеш да новага праекту, ты, дзе б фізічна ні знаходзіўся, у думках ужо жывеш унутры тэмы, напаўняешся ёю. І тады кожная дробязь можа стаць крыніцай натхнення. Ты можаш ісці па вуліцы і ўбачыць нейкую маленькую дэталь альбо сітуацыю. Напрыклад, птушку, якая блукае ў высокай траве, абсыпанай апалым лісцем. І ты пачынаеш фантазіраваць: а што калі праз гэтую сцэнку паказаць восень у горадзе. Няхай дамкі стануць маленькімі і згубяцца ў траве, а птушкі, наадварот, зробяцца велізарнымі...

«Міжсезонне» (2020), змяшаная тэхніка, 55х75 см

«Два сусветы» (2020), сепія, чорны соус, 60х80 см

Заўсёды можна ўбачыць абсалютна звычайную рэч у нязвыклым святле. Нечаканы ракурс, спалучэнне фактур альбо сілуэтаў, незвычайнае асвятленне – і ты раптам цалкам выразна ўяўляеш, як можна вырашыць кампазіцыйную задачу, над якой доўга думаў. Так з'явілася, напрыклад, адна з маіх апошніх работ «Дар жыцця». Мне на вочы трапілася серыя фатаграфій расы. Разглядаючы здымкі і любуючыся дасканалай прыгажосцю кропелькі вады, я падумала пра тое, што ў ёй заключанае жыццё ўсяго жывога на нашай планеце. Мне захацелася зрабіць работу-разважанне на гэтую тэму. Да вобразу кроплі дадаўся вобраз немаўля – жыцця, якое зарадзілася. Кропля стала гіганцкай, а ўся прастора падзялілася на два сусветы: унутры расінкі і звонку. Усё, што ўнутры, – нясе ў сабе жыццё і стварэнне і паходзіць ад Творцы Сусвету. А тое, што звонку, – вынік працы чалавека, усе тое, што створана штучна.

«Дар жыцця» (2021), папера, чорны соус, 50х55 см

«Супрацьстаянне» (2021), папера, грунт, чорны соус, 65х120 см

«Змена часоў», 2019, змяшаная тэхніка, 20х30 см

«Тулуза» (2022), соус, пастэль, 55х38 см

«Двайная ўдача» (2020), чорны соус, папера, 30х20 см 

– Творчасць каго з замежных і айчынных калег вам цікава? Хто вашы любімыя кніжныя ілюстратары?

– Мне падабаюцца вельмі розныя аўтары. Напрыклад, Беатрыс Потэр, якая малявала акварэллю мілых звяркоў ў чалавечых адзежах, цэлы ўтульны свет, створаны ўяўленнем мастачкі яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. Падабаецца творчасць Валерыя Славука, якое гіпнатызуе загадкавымі вобразамі і багаццем дэталяў, вымаляваных тушшу і тонкім пёркам. Працы Валерыя Славука, як я ўжо казала, можна разглядаць бясконца, заўважаючы ўсё новыя дэталі. Мне імпануюць кніжныя ілюстрацыі сучаснай беларускай мастачкі Кацярыны Дубовік. Падабаецца яе індывідуальны, пазнавальны стыль, у якім яна цалкам свабодна спраўляецца з самымі рознымі творчымі задачамі і можа выдатна раскрыць любую тэму. Ствараецца адчуванне шырокай ракі, упэўненай плыні. Гэта ўражвае.

Я не магу назваць сябе прыхільніцай нейкай пэўнай школы графікі. Я люблю і класікаў – напрыклад, рускага мастака Івана Білібіна, які, акрамя ўсяго іншага, выконваў ілюстрацыі да рускіх народных казак, казак братоў Грым, казак «Тысячы і адной ночы». Люблю кніжныя ілюстрацыі Таццяны Беразенскай, добра памятаю «Казку пра цара Салтана» вокладкі часопіса «Вясёлка» ў яе афармленні. Заўсёды з задавальненнем разглядаю ілюстрацыі Жан-Жака Сампэ да серыі апавяданняў Рэнэ Гасіні «Маленькі Нікаля» пра жыццё французскага хлопчыка. Дарэчы, гэта той выпадак, калі тэкст і малюнкі немагчыма падзяліць. У Сампэ спецыфічны стыль, усё створана мінімальнымі сродкамі, але вельмі дакладна і з добрым гумарам. Зірнеш на гэтыя малюнкі – там усё жыве і рухаецца. Па апавяданнях Гасіні зняты выдатны аднайменны фільм, для якога зрабілі аніміраваныя тытры – гэта, па сутнасці, ажыўшыя ілюстрацыі Сампэ.

– Сучасныя дзеці – іншыя, чым іхнія бацькі альбо пакаленне іх дзядуляў і бабуль?

– Напэўна, у нечым іншыя... але па вялікім рахунку такія ж, якімі былі дзеці дваццаць, пяцьдзесят, сто гадоў таму. Яны прасцей і чысцей, чым дарослыя, адкрыты ўсяму новаму і ўсё ўспрымаюць без скажэння. Зразумела, што дзецям і дарослым могуць падабацца розныя кнігі і малюнкі. Я вельмі дакладна памятаю, што ў дзяцінстве ў мяне з мамай густы катэгарычна не супадалі. Тое, што падабалася мне, зусім не падабалася маме. На шчасце, мама хутка зразумела, што ў сям'і расце мастак. І з маленства ставілася да маіх творчых схільнасцяў і пошукаў з разуменнем.

– Вы з дзяцінства ведалі, што станеце мастаком?

– Думаю, ужо з маіх трох гадоў усё стала ясна. Я ніколі не расставалася з паперай, алоўкамі, фламастарамі. Мне не трэба было шмат цацак, дастаткова ліста паперы (а лепш цэлага альбома!) і прыладаў для малявання. У сем гадоў мама аддала мяне ў студыю, потым я паступіла ў мастацкую школу, мастацкі каледж. Кажуць, што ўсе дзеці малююць. Але з часам цікавасць да малявання ў большасці знікае: ўнутранае імкненне да дасканаласці сутыкаецца з разуменнем, што адсутнічаюць неабходныя ўменні. І каб іх набыць, навядзецца прыкласці сур'ёзныя намаганні. А да гэтага гатовыя далёка не ўсе. У гэты момант ужо можна меркаваць, хто пойдзе далей і, магчыма, стане з часам мастаком, а хто закіне свае спробы і знойдзе сабе іншы цікавы занятак. Зараз, калі я выкладаю малюнак у Акадэміі мастацтваў, часта стаўлю перад сваімі студэнтамі задачу – зрабіць нешта ў новай тэхніцы, новымі матэрыяламі, нейкім новым спосабам, па-іншаму. І я бачу, што шмат каму гэта бывае цяжка. Яны адразу пачынаюць сумнявацца: а раптам нічога не атрымаецца? Ці не лепш усё рабіць правераным спосабам і ісці па пратаптанай дарозе? Я ўжо пераканалася, што спрабуюць нямногія – адзін з дзесяці. Напэўна, гэта і ёсць той, хто застанецца ў прафесіі. Калі табе цікава, то хочацца дакопвацца да сутнасці, спрабаваць новае, эксперыментаваць. Магчыма, такая ўпартая цікавасць і ёсць прызванне.

– Можаце назваць кнігі, якія хацелі б праілюстраваць?

– Мяне цікавяць многія кнігі. Калі гэта кніга для дарослых, яна мусіць быць з займальным таямнічым сюжэтам. Мне трэба поле для фантазіі. Напэўна, таму мне асабліва падабаецца ілюстраваць дзіцячыя кнігі. Дзіцячая кніга дае ілюстратару больш свабоды – можна пагуляць са стылем, прыдумаць нейкія цікавыя дэкаратыўныя элементы... Быць у пошуку, быць жывым, быць самім сабой.

Людміла Сімановіч, фота з архіва Лізаветы Пастушэнка

 

Наша дасье.

Лізавета Пастушэнка – мастак-графік. Ілюстратар кніг выдавецтва «Народная асвета».

Біяграфія

Нарадзілася ў Мінску ў 1982 годзе. У 2008 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне станкавай графікі.

З 2008 года працавала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў выкладчыкам малюнка. З 2014 года – загадчык падрыхтоўчага аддзялення БДАІ.

З 2008 года – член Саюза мастакоў Беларусі; з 2006 года – ілюстратар кніг у беларускіх выдавецтвах; з 2008 года працавала мастаком-пастаноўшчыкам і мастаком па фонах на анімацыйных фільмах на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

З 2002 года прымала пастаяннае ўдзел у выставах, у графічных майстэрнях. Работы знаходзяцца ў Беларусі, Францыі, Польшчы, Расіі, Германіі, Іспаніі, Грэцыі.

Персанальныя выставы:

ДМШ №1 г. Мінска (2007); «Сны котак, якія гуляюць самі па сабе» ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2009); «З аднаго боку... і з іншага боку» ў Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя» ім. Г. Пранішнікава (2021), «Падзвіжнікі Жыровіцкай абіцелі» ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2022).

Удзел у выставах і ў праектах:

у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі: «Кветкавы рай» (2008, 2009, 2012, 2014); «ArtКрок» (2008, 2009, 2012, 2014); «Вяртанне да рамантызму» (2010); у нацыянальных выставах у Палацы мастацтваў (Мінск) з 2005 года; Reha Art, галерэя мастацтваў «Універсітэт культуры» ў Мінску (2005); у юбілейнай выставе да 60-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2005); юбілейнай выставе да 70-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2015); юбілейнай выставе да 75-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «Каноны творчасці» (2021); у выставе Graphic-school, галерэя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2006); у выставе ва Уроцлаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў, Польшча (2010); у праекце «Восеньскі салон» з Белгазпрамбанкам, Палац мастацтваў, Мінск (2015, 2017,2019, 2020); у сумесным праекце «Рэальнасць» (2021); у сумесным праекце скульптуры і графікі «Філасофія вобраза» ў рамках фестывалю скульптуры (2021).