Сёння адзначае дзень нараджэння знакаміты беларускі фатограф Анатоль Кляшчук. Вядомаму ў Беларусі і за яе межамі фотамайстру спаўняецца 65 гадоў.

Анатоль Кляшчук нарадзіўся 21 кастрычніка 1957 г. на Случчыне Мінскай вобласці. Выпускнік факультэта журналістыкі БДУ (1986). Фотарэпарцёр старэйшай беларускай газеты «Звязда» (з 1993), загадчык аддзела фотаілюстрацый (з 2007). Адзін з заснавальнікаў і сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў (з 2004). Аўтар больш чым 30 персанальных фотавыстаў, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (2006), штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (Нью-Ёрк, 2001, 2006), Палацы Нацый (Жэнева, 2003), будынку Еўрапарламента (Брусель, 2001, 2006), галерэі Willy-Brandt-Haus (2006) і Бундэстагу (2011; абедзве – Берлін). Мае высокія ўзнагароды: спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне журналістыкі (2001), званне «Лепшы фотамастак кнігі» на нацыянальных конкурсах «Мастацтва кнігі» (2009 і 2016), знак «Выдатнік друку Беларусі» (2012), Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2017) і Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2007).

Анатоль Кляшчук – аўтар шэрагу фотаальбомаў, у тым ліку «Пад небам Беларусі», «Карагод беларускіх абрадаў», «Чарнобыль» (у суаўтарстве з Ігарам Бышнёвым і Дзянісам Раманюком).

У 2012 годзе, да 130-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, пабачыў свет фотальбом Анатоля Клешчука «Беларусь. Зямля песняроў». Фатаграфіі да яго аўтар рыхтаваў на працягу некалькіх гадоў. Каб стварыць фотаздымкі «з настроем», успамінаў у адным з інтэрв’ю фатограф, яму даводзілася зноў і зноў прыязджаць у родныя мясціны Купалы і Коласа ў розныя поры года і ў рознае надвор’е.

А зусім нядаўна, да 140-годдзя з дня нараджэння беларускіх песняроў, у выдавецтве «Народная асвета» пабачыла свет кніга «Бацькоўскі дар» – зборнік твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Старонкі кнігі аздобленыя выдатнымі здымкамі Анатоля Клешчука – фатаграфіямі купалаўскіх і коласаўскіх мясцін.

 

Выдавецтва «Народная асвета» шчыра віншуе Анатоля Клешчука, зычыць шаноўнаму фотамайстру моцнага здароўя, натхнення, новых цудоўных здымкаў і цікавых праектаў!  

 

«Народная асвета» рекомендует:

Бацькоўскі дар

Янка Купала, Якуб Колас

У кнігу ўвайшлі творы народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы  («Спадчына», «Курган») і Якуба Коласа («Новая зямля»).

Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Выданне падрыхтавана ў межах сацыяльна-творчага праекта «Сямейнае чытанне» сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз жанчын» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У кнізе прадстаўлены фатаграфіі родных мясцін – вытокаў жыцця і творчасці песняроў беларускага народа Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Ідэя і ўкладанне Л. С. Ананіч.

Фота А. В. Клешчука.

Кошт 20.51 руб.